“Вашых гадоў залаты россып”. У Граўжышках адзначылі 90-годдзе Іосіфа Уладзіміравіча Верамеевіча

Общество

“Вашых гадоў залаты россып”- пад такой назвай прайшла ў Граўжышкоўскім аддзеле культуры і вольнага часу вечарына да 90-годдзя Іосіфа Уладзіміравіча Верамеевіча, чалавека, якога добра ведаюць не толькі ў межах Граўжышкоўскага сельсавета, але і ва ўсім раёне.

IMG_20170202_124523

Пачынаў ён працу на Ашмяншчыне ў пасляваенныя галодныя гады. Менавіта з экскурсу ў тыя часы і пачалі мерапрыемства работнікі мясцовай клубнай установы Алена Сальмановіч і Эдуард Булкевіч. Спачатку Іосіф Уладзіміравіч быў абраны старшынёй Куцавіцкага, а затым Лудскага сельсаветаў. Веды, атрыманыя ў Ленінградскім сельгасінстытуце, прымяняў на практыцы ў калгасе імя Крупскай, якім кіраваў звыш 30 гадоў. Нават пасля выхаду на пенсію заставаўся пэўны час верным гэтай гаспадарцы: адказваў за тэхніку бяспекі, быў начальнікам падсобнага цэху. Не раз выбіраўся аграрый дэпутатам сельскага і раённага Саветаў дэпутатаў. Аказвалі яму давер ашмянцы і падчас выбараў у абласны Савет. Ганарыцца Іосіф Уладзіміравіч тым, што прымаў удзел у рабоце Трэцяга з’езду калгаснікаў БССР, тым самым уплываў на ход развіцця аграпрамысловага комплексу краіны.

За шматгадовую плённую працу на карысць Ашмяншчыны ён узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знак Пашаны”, медалём “За працоўную адзнаку”. У 2007 годзе Іосіфу Уладзіміравічу прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін горада Ашмяны”.

Узнагародай у сямейным жыцці стала для яго нараджэнне трох сыноў. Аляксандр жыве і працуе ў Мінску, а вось Уладзімір і Анатолій – на Ашмяншчыне. Уладзімір шмат год узначальвае Ашмянскі раён электрычных сетак, а Анатолій – старшыня Граўжышкоўскага сельвыканкама. У Іосіфа Уладзіміравіча пяцёра ўнукаў і чатыры праўнукі.

Падчас святочнай імпрэзы прымаў юбіляр віншаванні і падарункі не толькі ад сваіх родных, але і ад кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі: старшыні праўлення Андрэя Качана і старшыні прафкама Дануты Янкоўскай. Цёплыя словы прагучалі ў адрас Іосіфа Уладзіміравіча ад бухгалтара райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аксаны Людкевіч і старшыні ветэранскай арганізацыі КСУП “Граўжышкі” Сяргея Аўсюкевіча. Музычныя кампазіцыі дарылі віноўніку ўрачыстасці арганізатары мерапрыемства — работнікі мясцовага Дома культуры.

Успамінамі дзяліліся ў гэты святочны дзень і сам юбіляр, і яго сын Анатолій, для якога бацька і сёння застаецца прыкладам справядлівасці, працавітасці, павагі да людзей і роднай зямлі.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *