Вялікае шчасце, калі цябе чакаюць дома. Як жыве шматдзетная сям’я з Ашмян

Общество

Шчасце, калі цябе чакаюць дома: як жыве сяміразова шматдзетная сям’я Міцкевіч

Дзяцінства пахне мамай. Яе пяшчотнымі, крыху шурпатымі ад штодзённай працы, але самымі мяккімі ў свеце рукамі.  Ліповым цветам, малінай, зверабоем, чабаром, які кожнае лета разам збіралі на лузе, а потым сушылі на посцілцы. Свежым сенам, што пакрысе запаўняла пуню. Суніцамі, слоікі якіх стаялі побач з іншымі варэннямі-саленнямі. Святочнымі пірагамі, пах якіх па-здрадніцку прасочваўся з кухні і ўрэшце рэшт запаўняў усю хату, а румяныя прыгажуны тым часам астывалі на спецыяльна адведзенай падушцы. Тыпаграфскай фарбай, што зыходзіла ад новых дзіцячых кніжак, якія штовечар чыталіся перад сном… Здаецца, сотні іх, тых водараў, з якіх складалася дзяцінства. І за кожным — мама.

А памятаеце, якое лякарства лепш за ўсё сцішвала боль на пабітых каленках? Канешне, гаючы подых маміных вуснаў. А хто так прыгожа і спрытна плёў коскі і павязваў неймаверна вялікія — на ўсю дзіцячую галоўку — банты!? Хто хваляваўся за нас, хварэў разам з намі, хто радаваўся, калі «лыба» нарэшце стала «рыбай»… А потым заўсёды чакаў… са школы, вучобы, камандзіроўкі?!

Сяміразова шматдзетныя

Пэўна, сусвет дзяцінства (а за ім і юнацтва, і дарослае жыццё) быў бы зусім іншым, калі б у ім не было самага любага і роднага чалавека — маці, калі б сцены бацькоўскага дому не грэлі і не вабілі з розных краёў і дарог. Калі б не было такіх цёплых, светлых успамінаў, ад якіх заўсёды так лёгка і радасна на сэрцы.

IMG_7174

Гэту важную ісціну Таццяна Мечыславаўна і Іосіф Паўлавіч Міцкевіч зразумелі даўно. Падсвядома яна з’явілася яшчэ ў іх дзяцінстве — абое гадаваліся ў вялікіх па сённяшніх мерках, дружных сем’ях: у бацькоў Таццяны было чацвёра дзяцей, а Міцкевічам Бог даў васьмёра.

Уласную сям’ю як пачатак жыцця, як крыніцу любові, пяшчоты і ўзаемапавагі Таццяна і Іосіф стварылі трыццаць год таму. Гэту найвялікшую каштоўнасць яны старанна аберагалі ад спрэчак і бязладзіцы. Ды і не было часу на звады, адзін за адным падрасталі дзеці Святлана, Міхаіл, Пётр, Кацярына, Антон. А разам з тым прыйшла ўпэўненасць, што бацькоўскага сэрца хопіць і на прыёмную дачушку. Так у 2007 годзе ў сям’і Міцкевіч з’явілася Вольга, а яшчэ праз тры гады, калі ў Ашмянах пабудавалі два дамы сямейнага тыпу, Таццяна Мечыславаўна і Іосіф Паўлавіч вырашылі падарыць бацькоўскае цяпло тым, чые маленькія сэрцайкі збалеліся ад холаду і адзіноты. Таму і пакінулі родную хату ў вёсцы Малышкаўшчына.

IMG_7066

…Непрыкметна бяжыць час, разлятаюцца з бацькоўскага гнязда дзеці. Але жыццёвыя пуцявіны час ад часу прыводзяць іх сюды, да людзей, якія замянілі ім бацьку і маці, якія вучылі іх дабру і справядлівасці, якія не пабаяліся цяжкасцей і навучылі пераадольваць выпрабаванні сваіх дзяцей. Характэрна, што дачка Таццяны Мечыславаўны і Іосіфа Паўлавіча Святлана разам з мужам, акрамя двух хлопчыкаў, таксама выхоўваюць дзвюх прыёмных дачушак.

Таццяна Мечыславаўна і Іосіф Паўлавіч сяміразова шматдзетныя бацькі. Надзейнай апорай яны сталі не толькі для пяці родных, але і для сямнаццаці прыёмных дзетак. Хапае пяшчоты і на ўнукаў, у палку якіх хутка чакаецца папаўненне.

Дружна жыве сям’я Міцкевіч

Зараз у сям’і Міцкевіч гадуецца дзесяць дзетак. Усе яны, хай сабе не родныя па крыві, але браты і сёстры. Кожнага вучаць дабрыні, працавітасці, узаемадапамозе, сяброўству.

IMG_7070

Кожны будні дзень у доме сямейнага тыпу пачынаецца а сёмай гадзіне. Пакуль Таццяна Мечыславаўна гатуе сняданак, дзеці збіраюцца ў школу.

— На раніцы хатнімі справамі, мыццём посуду іх не турбую, — дзеліцца распарадкам дня гаспадыня. — Прыбіраю сама. А вось пасля школы дзеці ва ўсім дапамагаюць. У абед і вечарам за посуд і чысціню на кухні адказваюць дзяжурныя. Чысціць бульбу, моркву дапамагаюць таксама па чарзе, хто не заняты ўрокамі і іншымі справамі.

— А хто можа падмяніць маму (менавіта так называюць Таццяну Мечыславаўну хлопчыкі і дзяўчаты) на кухні? — звяртаюся да дзяцей.

— Гэта ў нас Аліна, — хорам расказвае малеча пра старэйшую дзяўчынку, адзінаццацікласніцу Аліну. — Яна і суп зварыць, і пірагамі з варэннем пачастуе, і бліноў напячэ. Хоча паступаць на кандытара, — з павагай паясняюць малодшыя. — Зрэшты, бліны ды смажаную бульбу можа згатаваць амаль кожны. Хіба што другакласнік Саша пакуль не навучыўся.

IMG_7128

Падтрымліваць парадак у доме дзеці таксама прывучаны. У кожнага — свой аб’ект, на якім трэба сачыць за чысцінёй, паліваць кветкі. А вось за хатнімі пітомцамі даглядчыкаў хоць адбаўляй. Проста-такі купаюцца ў абдымках усеагульныя любімцы — каты Том і Маркіз і сабачка Кнопка. За іх гіперактыўнасцю спрабуюць схавацца некаторыя з дзяцей (гэта пакуль мы не раззнаёміліся). Куды ахвотней яны расказваюць пра студэнтаў — Косцю і Мішу, якія вучацца на тынкоўшчыка-маляра і, паколькі паўналетнія, жывуць у інтэрнаце. Патрэбную спецыяльнасць — мантажнік-зваршчык — атрымлівае ў каледжы і Даніла.

— Зараз зіма, падкідвае і вам гурбы пад вокны. А хто чысціць дарожкі? — пытаюся больш у хлопцаў.

— Косцік, — бойка адказвае Міраслаў.

— Дык ён жа ў інтэрнаце жыве, — зазначаю з пэўным недаверам.

— А яны з Мішаняй часта прыходзяць, — дакладвае абстаноўку па доме сямейнага тыпу ўсё той жа Міраслаў. — Касцян і Мішаня даюць ноўтбукі, пускаюць пагуляць у КСку, а так на ўсіх адзін камп’ютар — гуляем па чарзе: старэйшыя — па гадзіне, Насця, Даша і Саша — па пятнаццаць хвілін.

Праўда, на камп’ютарныя гульні застаецца не так шмат часу. Пасля ўрокаў дзеці займаюцца ў гуртках пры цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, потым дапамагаюць па доме і гаспадарцы: Міцкевічы трымаюць курэй і індыкоў. А яшчэ ж урокі і нейкія цікавыя справы, якія заўсёды знаходзіць для дзяцей Таццяна Мечыславаўна. То шыюць, то майструюць, то малююць, то рыхтуюцца да свята.

І справы сур’ёзныя, і дзіцячыя забавы

Так, напярэдадні Новага года ўсе былі заняты: упрыгожвалі дом, прыбіралі ёлку, пісалі сцэнарый, вучылі свае ролі, рыхтавалі карнавальныя касцюмы. Можа, таму і свята атрымалася такім прыгожым і запамінальным. Акрамя Дзеда Мароза і Снягуркі, месца ў карагодзе занялі Снежная Каралева, Божая Кароўка, Гномік, Мальвіна, Снегавік… Знайшлася роля для кожнага. Сыпаліся загадкі, гучалі песні, аб’яўляліся конкурсы, а потым Дзед Мароз уручаў падарункі: дзяўчаты атрымалі сертыфікат у салон «Ева» — цяпер усе будуць з завушніцамі, Міраслаў знайшоў пад ёлкай канструктар Bunchems, а Саша — лега, Аліна атрымала плойку, Ваня — рэмень, а студэнты — цёплыя пледы.

— На Новы год, — расказвае Таццяна Мечыславаўна, — самыя родныя і блізкія сабраліся за святочным сталом…

— За двума, — удакладняе Міраслаў, — бо за адным сталом не памяшчаемся. На Каляды было 26 чалавек, а на Новы год — 28.

— І гэта ўсе свае, — завяршае думку маці.

IMG_7167

Сумна ў Міцкевічаў не бывае ніколі: ні ў святочныя дні, ні ў працоўныя. Вольны час зімой хлопцы бавяць на горцы, летам усёй сям’ёй ездзяць у Малышкаўшчыну. Пакуль трымалі карову, трэба было сенаваць, ды і так летні дзень год корміць. У Ашмянах каля хаты кожны год садзяць грады, каб было дзе і пёрку вышчыкнуць, і гурок сарваць, але ж асноўныя соткі ў вёсцы. Тут і бульба родзіць, і морква, і цыбуля, і памідоры спеюць. Папрацаваць, канешне, прыходзіцца, аднак садавіну і гародніну ў магазіне купляць ужо не трэба. Акрамя агарода, Міцкевічы даглядаюць сад, а таму і летам, і ўзімку могуць паласавацца чарэшняй, яблыкамі і грушамі, парэчкамі, ажэвінамі…

— Каб ні пчолы, то на вёсцы, наогул, было б файна, — дзеляцца сваімі летнімі ўспамінамі дзеці. — Хаця мёд усе любяць.

Зрэшты, у Малышкаўшчыне ім заседжвацца няма калі: то ў адзін летнік, то ў другі. Хтосьці бавіць канікулы ў італьянскіх сяброў, а таму пасля адпачынку ўсе з радасцю вяртаюцца дадому. Акурат трапляюць на грыбны сезон, і тады мясцовы лес поўніцца дзіцячымі галасамі…

Летні дзень, здаецца, бясконцы: і справы ўсе пераробіш, і на забавы час застаецца. Праўда, ранкам і ў школу бегчы не трэба. Зімой жа ў 21.00 у Міцкевічаў адбой (канешне, пакуль паснуць, ужо і палова адзінаццатай), таму перавагу перад гульнямі прыходзіцца аддаваць урокам. Лягчэй за ўсё вучоба даецца Машы, праўда, за дапамогай і парадай, калі занятая маці, дзеці чарадой выстройваюцца ў старэйшай Аліны або ў Наташы, якая прыязджае на выхадныя і канікулы, — яна вучыцца ў Гродна на цырульніка. Дашы з Насцяй і ўвогуле пашанцавала — яны ходзяць у адзін клас, а таму і да заняткаў рыхтуюцца разам. Аднакласнікі — і Маша з Міраславам, праўда, вершы вучаць кожны за сябе.

Аб захапленнях і марах

Таццяна Мечыславаўна з мужам заўсёды стараюцца падтрымліваць захапленні дзяцей: Алёна добра спявае, займаецца ў гуртках, Міхаіл і Даніла займаюцца спортам, удзельнічаюць у спаборніцтвах, дзяўчаты вучацца шыць, усе без выключэння любяць жывёлу… Разам з бацькамі дзеці збіраюць сямейныя фотаальбомы, са старонак якіх пазіраюць шчаслівыя вочы, а прамяністыя ўсмешкі, здаецца, гатовы растапіць лёд у душы кожнага. Дрэва жыцця з фотакарткамі хлопчыкаў і дзяўчынак, якое па задумцы Таццяны Мечыславаўны арганічна ўпісалася ў інтэр’ер гасцінай, з часам становіцца ўсё больш магутным і разгалістым — тут знаходзіць адлюставанне багатае на падзеі жыццё іх дружнай сям’і.

— Аб чым вы марыце? — усё карцела спрасіць, а таму не ўтрымалася і звярнулася да дзяцей з гэтым банальным, але вельмі складаным пытаннем.

— Я хачу, каб знайшоўся багаты чалавек, які купіць нам білеты на мора. А пакуль мы будзем адпачываць, зробіць тут рамонт, — напаўжартам-напаўсур’ёз адзначыў Міраслаў.

IMG_7061

Большасць дзяцей праявілі асцярожнасць і марамі вырашылі не дзяліцца — каб збыліся. На дапамогу ім прыйшла маці:

— Я мару, каб праз пяць-дзесяць гадоў, калі вы станеце дарослымі, вы абавязкова прыехалі ў госці, каб мы, як і сёння, сабраліся за адным сталом.

…За дзве з паловай гадзіны, праведзеныя ў гэтай вялікай дружнай сям’і, падалося, што нягледзячы на душэўны боль, які, несумненна, у свой час адбіўся на сэрцы кожнага дзіцяці, яны цэняць атмасферу дабра і спагады, якую ствараюць для іх мама, тата, браты і сёстры і нават хатнія пітомцы.

Гэта вялікае шчасце, калі цябе чакаюць дома. Цікавяцца, як прайшоў твой дзень. Хвалююцца, калі ты ідзеш да ўрача. Памятаюць, калі твой дзень нараджэння. Ведаюць, аб чым ты марыш. Збіраюць твае фотаздымкі, дыпломы і граматы. Сварацца, калі ты пайшоў без шапкі. Тэлефануюць, калі ты доўга затрымліваешся… Хто гэта, калі не родныя людзі, для якіх ты — галоўнае ў жыцці!?

 Больш дзесяці гадоў таму, задоўга да адкрыцця дома сямейнага тыпу, Таццяна Мечыславаўна Міцкевіч была ўзнагароджана ордэнам Маці за годнае выхаванне пяці дзяцей.

 Людміла КОЗЕЛ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *