Сустрэча на Каляды ў Будзёнаўскай бібліятэцы

Культура

У Будзёнаўскай сельскай бібліятэцы напярэдадні навагодніх свят панаваў прыўзняты настрой. У гэтым невялічкім, аднак утульным і па-хатняму гасцінным царстве кнігі было шматлюдна як ніколі. Людзі сталага ўзросту, моладзь і школьнікі знайшлі тут агульную тэму для абмеркавання. Паэзія – вось тая чароўная сіла, якая аб’яднала людзей розных прафесій, узростаў і захапленняў, прымусіла адкласці на пэўны час штодзённыя клопаты і турботы і зазірнуць у бібліятэку.

IMG_6172

Загадчыца бібліятэчнай установы Марыя Еўстаф’еўна Пазняк запрасіла сваю актыўную чытачку, мясцовую жыхарку Гелену Станіславаўну Яжэвіч, а таксама ўжо вядомых на Ашмяншчыне аматараў паэтычнага слова Генуэфу Францаўну Кеўру і Тэрэсу Іванаўну Адашкевіч. Завіталі на мерапрыемства і пастаянныя наведвальнікі бібліятэкі. Нягледзячы на тое, што тэмай паэтычнага спаткання паслужыла свята Раства Хрыстова, падчас літаратурнай гасцёўні гучалі творы і іншай тэматыкі: пра каханне і дружбу, родную старонку, жартоўныя радкі, якія выклікалі на тварах усмешкі.

Хвалявалася на мерапрыемстве не толькі гаспадыня, якая выступіла ў ролі вядучай, але і Гелена Станіславаўна Яжэвіч. Вядома ж, перад сваімі аднавяскоўцамі яна трымала творчы экзамен упершыню. Пісаць вершы яна пачала ў маладосці, аднак нікому сваіх душэўных перажыванняў не паказвала. Ёй, сціплай дзяўчынцы з вёскі Талеі, тады Гардзіеўскага сельсавета, было сорамна камусьці аб гэтым расказваць. Не адкрывала яна свайго сакрэту і бацькам, Марыі Імпалітаўне і Станіславу Адамавічу, якія ўсё жыццё працавалі ў мясцовым калгасе. Тады ёй здавалася, што яны могуць не зразумець такога захаплення дачкі. Пасля заканчэння Анжадаўскай васьмігодкі Гелена падала дакументы ў Ашмянскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Першым месцам працы маладога бухгалтара стаў калгас імя Ільіча. У свой час працавала яна эканамістам у камбінаце бытавога абслугоўвання, аддзеле эканомікі райвыканкама, інспектарам у Ашмянскай мытні. Заўсёды побач з ёй былі музыка, народная песня і паэзія. Свае вершы Гелена Станіславаўна прысвячае родным і блізкім, сябрам. Піша цёплыя душэўныя радкі на святы, з нагоды дня нараджэння, юбілейных дат ці значных падзей у жыцці сваёй сям’і. Часта крытыкам жанчыны выступае муж Віктар Осіпавіч. Вершы жонкі ён не судзіць строга, так як разумее тонкія струны душы сваёй другой палавінкі.

IMG_6177

З творчасцю Генуэфы Францаўны Кеўры чытачы Будзёнаўскай бібліятэкі ўжо знаёмы.  Яна была госцяй творчай імпрэзы ў мінулым годзе. Многія жыхары раёна ведаюць Генуэфу Францаўну яшчэ і як медыцынскага работніка. Доўгі час яна працавала акушэркай у радзільным аддзяленні Ашмянскай бальніцы і дапамагала з’явіцца на свет маленькім ашмянцам. Вершы Генуэфы Францаўны вельмі лірычныя і глыбокія. Яны адначасова ўзнёслыя і тужлівыя, мяккія і напеўныя. Падчас паэтычнай сустрэчы іх чытала сама паэтка, а таксама юная чытачка бібліятэкі Аліна Сурган і Марыя Еўстафьеўна Пазняк.

Спадабаліся ўдзельнікам мерапрыемства вершы Тэрэсы Іванаўны Адашкевіч. Паэтычны парыў жанчына звязвае са сваёй работай. Менавіта ў школе, дзе яна выкладала родную мову, прыходзілася праяўляць настаўніцы паэтычныя здольнасці. Вершы яна выкарыстоўвала падчас урокаў, а пасля стала пісаць і проста так, для душы. Піша яна на беларускай мове, бо менавіта родная мова ўвесь час гучала ў яе доме. На ёй размаўлялі бацькі. Любоў да яе жанчына прывівала сваім дзецям, а таксама вучням: спачатку Мураванаашмянкоўскай школы, а затам СШ №2 горада. Яе яна нясе ў народ і зараз – праз свае вершы і байкі.

IMG_6196

Сустрэча на Каляды ў Будзёнаўскай бібліятэцы была напоўнена цеплынёй і душэўнасцю. Паэтычныя стасункі ў хуткім часе перараслі ў абмеркаванне другіх тэм. За кубачкам духмянай гарбаты і салодкімі ласункамі, якія мясцовыя гаспадыні выпеклі спецыяльна да мерапрыемства, размова ішла пра літаратурныя навінкі адыходзячага года, пра навагоднія святы, важным атрыбутам якіх раней былі паштоўкі. Да свята выставу навагодняй карэспандэнцыі разам з чытачамі бібліятэкі падрыхтавала Марыя Еўстаф’еўна Пазняк.

Свята не было б сапраўдным, каб не падарункі, пра якія паклапацілася гаспадыня бібліятэкі. Гасцям літаратурнай сустрэчы атрымаць іх было вельмі прыемна.

Цудоўна, што ёсць у нас такія месцы, куды можна прыйсці не толькі за кнігай ці часопісам, але і падзяліцца навінай, сустрэць прыемнага субяседніка, атрымаць пазітыўныя эмоцыі, адчуць душэўнасць і спакой.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *