Гальшанскія музыканты адзначаны дыпломамі на конкурсе «Беларускiя таленты-2016»

Культура

Год культуры блізіцца да завяршэння. Ён быў насычаны разнастайнымі конкурсамі і фестывалямі, творчымі сустрэчамі і імпрэзамі. Адыходзячы год узбагаціў нас новымі ведамі, падарыў незабыўныя эмоцыі і перажыванні. Ён размаляваў яркімі фарбамі наша жыццё і спраўдзіў запаветныя жаданні.

Багатым на падзеі атрымаўся гэты год і для вучняў Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў, бо падарожжа па краіне музыкі і выяўленчага мастацтва было для іх, як заўжды, цікавым і непаўторным. Немагчыма злічыць канцэртныя праграмы, фестывалі і конкурсы, у якіх прымалі ўдзел вучні школы. Толькі ў снежні такіх творчых іспытаў было некалькі.

1111

Трэці адкрыты конкурс маладых выканаўцаў «Беларускiя таленты-2016», на які накіраваліся гальшанцы, сабраў у Мінску таленавітых дзяцей з усёй краіны. За перамогу на рэспубліканскай пляцоўцы змагаліся салісты і ансамблі, пачынаючы з чатырох год.

Сярод вялікай колькасці ўдзельнікаў гальшанскія музыканты не згубіліся. У гэтым музычным калейдаскопе яны глядзеліся дастойна: усе нумары, прадстаўленыя Гальшанскай дзіцячай школай мастацтваў, былі адзначаны ўзнагародамі.

3

Удалым аказалася першае выступленне на рэспубліканскай сцэне для Наталлі Корзан. Дзяўчынка першы год займаецца па класу цымбал і не мае вопыту ўдзелу ў конкурсах, аднак упэўнена трымалася на сцэне і пакарыла журы сваім артыстызмам. Наталля ўзнагароджана дыпломам II ступені (настаўніца Дар’я Віктараўна Антановіч, канцэртмайстар Вікторыя Аляксандраўна Пагода). Чарговы дыплом папоўніў капілку ўзнагарод чатырнаццацігадовай Наталлі Райскай. Яна стала лаўрэатам III ступені (настаўніца Наталля Віктараўна Трот, канцэртмайстар Вікторыя Аляксандраўна Пагода). Юная цымбалістка віртуозна валодае інструментам, ёй падуладны нават самыя складаныя музычныя кампазіцыі. Дыпломам лаўрэата III ступені ўзнагарожданы вучань Іны Мікалаеўны Гайдукевіч Максім Яскель, які выканаў на баяне вельмі прыгожыя творы «На карнавале» і «Прэлюдыя». З кожным конкурсным выступленнем павышаецца ўзровень ігры на цымбалах у вучаніцы Наталлі Віктараўны Трот Вольгі Астаневіч. Дыплом лаўрэата II ступені – чарговы поспех дзяўчынкі ў асваенні тэхнікі ігры на любімым інструменце.

Вучаніца 3 класа (цымбалы) Яна Кошчыц часта выступае на сцэне Гальшанскай школы мастацтваў, аднак у конкурсе прымала ўдзел упершыню. Гэта спроба юнай цымбалісткі была заўважана журы. За паспяховае выкананне конкурснай праграмы вучаніца Дар’і Віктараўны Антановіч (канцэртмайстар Вікторыя Аляксандраўна Пагода) адзначана спецыяльным дыпломам журы.

Аліна САНЮК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *