Незвычайная пячатка захоўваецца ў Ашмянскім музеі

Культура

Пячатка — графічны знак, які зацвярджае прыналежнасць дакумента да той ці іншай высокапастаўленай асобы, установы ці населенага пункта,  можа шмат расказаць пра свайго ўладальніка і гістарычную эпоху ў цэлым. Нездарма сярод найважнейшых знаходак археолагі заўсёды выдзяляюць пячаткі, а шэраг музеяў ганарацца сваёй калекцыяй сфрагістыкі. Нямала цікавых пячатак захоўваецца і ў фондах Ашмянскага краязнаўчага музея імя Ф.К. Багушэвіча.

tt

Сёння спынімся на адной, самай, на першы погляд, непрыкметнай. У кнізе паступленняў за 1995 год яна значыцца пад нумарам НД 4303 як «пячатка царкоўная». Гэта невялікая авальная пячатка памерам 23х19х15 мм. Аднак калі прыглядзецца ўважліва,  у цэнтры яе можна ўбачыць выяву герба «Агінец», акружаную вянком. Над гербам размешчана карона.

«Агінец» («Брама») — старажытны шляхецкі герб, які складаўся з брамы да вайсковага намёту (ці двуножніка з выгнутымі ножкамі і вострымі канцамі), над  ім размяшчаўся крыж з раздвоеным верхнім канцом. Апісаны герб з’яўляецца родавым знакам князёў Агінскіх — адных з самых уплывовых і багатых людзей у Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай. Такім чынам, пячатка адносіць нас у XVIII стагоддзе, калі старостамі Ашмянскімі былі Тадэвуш Францішак Агінскі (1712-1783), дзед Міхаіла Клеафаса Агінскага, і Андрэй Ігнацы Агінскі (1740-1787), бацька будучага кампазітара і грамадскага дзеяча.

Герб Огинец фото с сайта wikipedia.orgГерб жа роду Агінскіх у разглядаемы перыяд складаўся з дзвюх частак. У верхняй на чырвоным полі — выява Георгія Пераможцы, у ніжняй частцы на блакітным полі — герб «Агінец». Па меркаванні аўтара кнігі «Міхаіл Клеафас Агінскі» С.І. Верамейчыка, ніжняя частка  больш ранняя, а брама да вайсковага намёта — сімвал таго, што шасцёра з князёў Агінскіх былі ваяводамі Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.

Існуе дзве версіі паходжання рода Агінскіх. Паводле адной з іх (яе прытрымліваліся самі Агінскія), род бярэ свой пачатак ад славутых Рурыкавічаў. Апекунамі роду былі святыя Барыс і Глеб.

Андрэй Агінскі

Паводле другой версіі, род Агінскіх узнік на Смаленшчыне. Першым з яго ўпамінаецца князь Васіль Глазына, які атрымаў ад вялікага князя літоўскага Казіміра маёнтак Мсціславец на Смаленшчыне. Яго ўнуку Дзмітрыю Глушонку вялікі князь Аляксандр падараваў прывілей на Агінты ў Жыжмарскім павеце. Агінты (Uogintae, ад балцкага «uoga» — ягада) знаходзяцца паміж Трокамі і Коўна, каля мястэчка Кайшыядорыс (Рэспубліка Літва). Менавіта ад назвы гэтага мястэчка ў хуткім часе з’явіцца прозвішча знакамітага роду. Удава Багдана Глушонка княгіня Багуміла ў 1555 годзе, складаючы тэстамент, называе свайго мужа-нябожчыка і сыноў «князямі Агінскімі з Казельска». З сярэдзіны XVI ст. мянушкі Глазына і Глушонак знікаюць з дакументаў, прозвішча Агінскія ўжываецца і па сённяшні дзень.

Сярод прадстаўнікоў роду былі гетман ВКЛ Міхал Казімір Агінскі, палкоўнік войска ВКЛ Багдан Мацвеевіч Агінскі, гетман польны ВКЛ Ян Агінскі, канцлер ВКЛ Марцыян Аляксандр Агінскі, падскарбій надворны ВКЛ Мікалай Францішак Агінскі, дыпламат, палітык і музыкант Міхаіл Клеафас Агінскі і інш.

У 1739 годзе падчас нарады сената кароль Аўгуст ІІІ аддаў Ашмянскае староства князю Тадэвушу Францішку Агінскаму. Уезд Агінскіх на староства адбыўся 2 мая 1740 года, калі князь прынёс прысягу земскаму суддзі Барановічу. На той час Тадэвуш Агінскі займаў пасаду вялікага пісара літоўскага і пражываў разам з жонкай у Тадуліне (Віцебскі павет), дзе пабудаваў царкву і базыльянскі кляштар. Неабходна прызнаць, што Тадэвуш Францішак Агінскі быў прадстаўніком свайго часу: змяняў свае прыярытэты, уступаў у саюзы з іншымі магнатамі, калі гэта было выгадна. У 1744 годзе ён быў маршалкам сойма, на якім так і не было вырашана адно з галоўных пытанняў — аб павелічэнні войска. Тадэвуш Агінскі захоўваў нейтралітэт у барацьбе Чартарыйскіх і Радзівілаў, быў лаяльным да каралеўскага двара, але адхіліў яго прапанову аб дапамозе ў заняцці пасады маршалка трыбунала ВКЛ. Пазней ён прыклаў усе намаганні, каб гэту пасаду заняў яго старэйшы сын Андрэй.

Тадэвуш Агінскі

 У 1770 годзе князь Тадэвуш атрымоўвае чаканую пасаду ваяводы Трокскага, на той час Агінскія ўжо жылі ў Гануце (15 км ад Маладзечна), дзе збудавалі сабе палац і сядзібу (на жаль, на сённяшні дзень яны не захаваліся). Тут жа, у Гануце, 25 лістапада 1783 года Тадэвуш Францішак Агінскі памёр. Пахаваны ён быў у склепе капліцы Божага Цела касцёла Св. Яна ў Вільні, якую пабудаваў на ўласныя сродкі ў апошнія гады жыцця.

Яшчэ вясной 1757 года князь Тадэвуш Агінскі перадае ў спадчыну Ашмянскае староства свайму старэйшаму сыну Андрэю Марцыяну Іахіму (Ігнацы) Агінскаму, а 4 лістапада таго ж года ён замяніў свайго бацьку ў наглядзе за сеймікам Ашмянскім.  У наступным мечнік літоўскі, сакратар вялікі літоўскі, кашталян і ваявода трокскі, ён уступіў ва ўладанне Ашмянскім староствам ва ўзросце 17 год. Аднак ненадоўга — з 1765 года староства належыць ужо Міхалу Бжастоўскаму.

Андрэй Ігнацы Агінскі актыўна праявіў сябе як палітычны дзеяч. У 1769 годзе ў якасці надзвычайнага пасла ён выязджае ў Санкт-Пецярбург. За гэтую місію канфедэраты прызналі Агінскага ворагам і знішчылі яго ўладанні, а кароль Аўгуст надаў князю Андрэю Ігнацы тытулы кавалераў ордэнаў Белага Арла і Св. Станіслава. У 1771 і 1774 гадах, выконваючы місію надзвычайнага пасла Рэчы Паспалітай у Вене, вёў перамовы з аўстрыйскім імператарам. Акрамя таго, Агінскі быў адным з заснавальнікаў масонскай ложы «Сябры дасведчаных», ператворанай ў ложу «Рыцары Св. Карла». У апошнія гады жыцця займаўся гаспадарчымі справамі ў сваёй рэзідэнцыі  Гузаў, што пад Варшавай.  У 1786 годзе ў Варшаве была выдадзена яго кніга «Інструктаж па эканоміцы для людзей, якія знаходзяцца на гаспадарчай службе…». У наступным 1787 годзе Андрэя Агінскага не стала, пахаваны ён быў у кляштары францысканцаў у Медневіцах, недалёка ад Гузава.

Сёння выява герба «Агінец» з’яўляецца асновай герба гарадскога пасёлка Ліёзна і Ліёзненскага раёна Віцебскай вобласці, як напамін аб тым, што на працягу доўгага гістарычнага перыяду Агінскія былі ўладальнікамі гэтага паселішча.  Нядаўна было знойдзена месца палаца Агінскіх у літоўскім Тракаі. Тут археолагі знайшлі каля дзесяці тысяч разнастайных артэфактаў: кафлю, рэшткі керамічных вырабаў і ўпрыгожванняў пакояў, посуд, металічныя вырабы, сталовыя прыборы і інш. На многіх з іх захаваліся поўнасцю ці часткова выявы герба «Агінец». Усе знаходкі былі перададзены ў музей гісторыі горада Тракай.

У Ашмянскім краязнаўчым музеі таксама захоўваецца, няхай і невялікая, але часцінка памяці аб некалі славутым родзе Агінскіх.

Настасся Навіцкая, дырэктар

УК «Ашмянскі краязнаўчы музей

імя Ф.К. Багушэвіча».



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *