Выпускніца Ашмянскай школы мастацтваў: «Музыку трэба адчуваць душой»

Культура

Калісьці спазнаць таямніцы чорна-белых клавіш і адправіцца ў касмічна-музычнае падарожжа выпускніцы школы мастацтваў Аліне Айвазоўскай дапамагла маці Вольга Чаславаўна. Таму не дзіўна, што дзяўчына на сцэне з трох гадоў. У храм музыкі Аліна прыйшла ў дзяцінстве, калі вучылася ў першым класе. Маленькая дзяўчынка часта заходзіла на працу да маці, а пасля і папрасіла дазволу тут вучыцца…

IMG_3186

Аліна выхоўваецца ў творчай атмасферы: брат Аліны скончыў школу па класе «фартэпіяна», а зараз захапляецца гітарай і выяўленчым мастацтвам, маці выкладае ў Жупранскай школе мастацтваў харавое дырыжыраванне, вакал і ігру на фартэпіяна некалькі дзясяткаў  гадоў, таму творчы шлях для дзяўчынкі — заканамернасць.

Пісаць старонкі творчых поспехаў юнай зоркі, натхняць яе на новыя вяршыні дапамагаюць майстры сваёй справы, настаўнікі — Ала Іванаўна Шавэрда (вакал і ігра на фартэпіяна) і Таццяна Васільеўна Каралёва (фартэпіяна) і, канешне ж, Вольга Чаславаўна Айвазоўская.

— Дзякуючы заняткам у школе мастацтваў, я навучылася правільна адчуваць музыку, — расказвае Аліна Айвазоўская, — правільна яе падаваць і прымаць, выказваць эмоцыі ў кампазіцыі.

Аліна ўпэўнена, што музыку трэба адчуваць душой, і тады любы твор будзе гучаць прыгожа і кранальна. Незвычайнае адчуванне музыкі і непасрэднасць дзяўчыны  зноў пакарылі журы на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. У красавіку ў сталіцы прайшоў адкрыты конкурс мастацтваў «Зорны старт», у якім Аліна ўдзельнічала не першы раз. Сёлета яна атрымала дыплом лаўрэата ІІ ступені ў намінацыі «эстрадны вакал». На конкурсе дзяўчына выканала песню ўраінскага гурта «Бумбокс»  Happy end на ўкраінскай мове. Дарэчы, гэта невыпадкова — дзяўчынка мае ўкраінскія карані (бацька нарадзіўся ў Крыме).

У лістападзе прайшоў адкрыты рэспубліканскі конкурс мастацтваў «Крыштальная ліра». І там Аліна апынулася сярод лепшых. Кіраўнік тэлевізійнага праекта «Разам» Аляксандр Лішанскі падарыў дзяўчыне сертыфікат на зніжку для адпачынку ў балгарскім летніку «Разам», дзе збяруцца творчыя і таленавітыя людзі, для іх будуць праводзіцца майстар-класы і арганізавана насычаная праграма.

Творчы тандэм Вольгі Чаславаўны і Аліны Айвазоўскіх спыняцца на дасягнутым не збіраецца. У скарбонцы вакальных поспехаў — перамогі ў раённых, занальных, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Самымі запамінальнымі сталі  «Адна зямля», «Беларуская жамчужына», «Зорны старт», «Крыштальная ліра», Аvanti.

Аліна ўпэўнена, што такіх поспехаў яна не дабілася б без маці, якая можа даць добрую параду, дапаможа падрыхтавацца да конкурсу: стварыць сцэнічны вобраз, «паставіць» харэаграфічны нумар і, канешне ж, выбраць правільную кампазіцыю.

Акрамя заняткаў у школе мастацтваў, Аліна абавязкова кожны дзень займаецца дома. Ёй вельмі падабаецца спяваць  песні замежных выканаўцаў, сучасныя рамансы і акампанаваць сабе на фартэпіяна. З-пад яе лёгкіх пальцаў выплываюць натхняючыя гукі музыкі сучасных беларускіх кампазітараў, а таксама Напалеона Орды, якога мы, дарэчы, ведаем  больш  як мастака.

Таленавітая дзяўчынка ў вольны час піша вершы, вучыць новыя стылі танцаў. Калі ёсць натхненне, Аліна радуе сваіх блізкіх і знаёмых завушніцамі і бранзалетамі з бісеру, вышытымі і вязанымі вырабамі.

… Колькі яшчэ мелодый прагучыць у выкананні Аліны Айвазоўскай, колькі яшчэ прыступак, якія трэба пераадолець на шляху да поспеху, — невядома. Але дакладна вядома, што музыка стане спадарожніцай на ўсё жыццё.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *