Кветкі, дэкаратыўныя кусты і малыя архітэктурныя формы. Жыхар Ашмян стварае прыгажосць у двары свайго дома

Культура

На вуліцы восень, таму сонца ўсё часцей хаваецца за хмары. Сівыя, набрынялыя вільгаццю, яны падаюць пад ногі, адлюстроўваючыся ў каламутных лужынах. Моцныя вятры ўпарта атрасаюць з дрэў жоўтае ўбранне, а так хочацца, каб гэты рознакаляровы восеньскі пейзаж радаваў сваёй прысутнасцю як мага даўжэй. Ды толькі каляндар дае зразумець, што зусім скора прырода намалюе карціны іншымі фарбамі, прынясе з сабой азызлы сівер і закружыць снежнай віхурай.

IMG_0597

Раман Іванавіч Завадскі ў «напісанні» пейзажаў можа запраста супернічаць з прыродай. Яго адмысловыя спосабы перадачы рэчаіснасці вельмі трапна ўпісваюцца ў навакольнае асяроддзе. Тое, што мужчына ўласнымі рукамі з падтрымкай сваіх родных і суседзяў стварае ва ўтульным дворыку за домам №2а па вуліцы Кааператыўнай нашага горада, можна назваць маляўнічым аазісам — яркім летам сярод позняй восені. Як толькі пераступаеш праз брамку, здаецца, трапляеш у іншае вымярэнне. Тут нават фарбы, нягледзячы на адну і тую ж пару года, іншыя. Абнесены ўласнаручна зробленай дыхтоўнай агароджай з каменю, дрэва і цэменту, двор прыцягвае ўвагу барвовымі адценнямі дзікага вінаграду, зялёнымі плямамі дэкаратыўных туй і самшыту, якія вылазяць за межы выдзеленага для іх участка, сваім выглядам паказваючы, як ім тут добра жывецца. Выразаныя ўзоры на спінках усталяваных лавак, стылізаваны калодзеж, шыкоўная кармушка ў выглядзе казачнага доміка, да якога зімой прылятаюць сталавацца сойкі і сініцы з усёй акругі, альтанка з разной мэбляй, дзе не грэх нават царскіх асоб прымаць — толькі невялічкая частка захаплення Рамана Іванавіча.

А пачыналася жаданне ствараць прыгажосць наўкол з празаічнага і невясёлага выпадку. У 2007 годзе з вадзіцелем-міжнароднікам здарылася няшчасце — інфаркт перакрэсліў усё яго жыццё. З работай, якой было аддадзена звыш сарака год, прыйшлося скончыць. І аб працы ў аўтапарку №13, і аб міжнародных рэйсах заставалася толькі ўспамінаць. Менавіта тады пачалі ўсплываць у галаве мужчыны абразкі з выявамі ўтульных польскіх дворыкаў, якія прабягалі за акном яго машыны. У іх гарманічна спалучаліся кветкі, дэкаратыўныя кусты і малыя архітэктурныя формы.

IMG_0538

Першай з’явілася ў двары двухпавярховіка статуэтка Маткі Боскай на каменным пастаменце. Следам адзін за адным пасяляліся на ўчастку камяні дзіўных форм, карчы ў выглядзе казачных персанажаў, якія ў руках сапраўднага майстра ажылі. Штогод садзіць Раман Іванавіч на ўчастку розныя кусты. Вось і некалькімі днямі раней на месцы яшчэ нядаўна выкапанай бульбы разам з жонкай пасадзіў ён прывезеныя са Смаргонскага пітомніка вечназялёныя дэкаратыўныя туі, а побач з імі — камяні. Іх старанны гаспадар звозіць з усёй Беларусі. Прыглянецца яму каменны волат, кіне яго ў машыну і, як дзіця, радуецца сваёй знаходцы. Напачатку захапленне Рамана Іванавіча раздзяляла толькі старэнькая бабуля з суседняга дома, якая заўсёды прыходзіла на дапамогу майстру ў ажыццяўленні яго задумак. Сёння падтрымлівае мужа жонка Валянціна (хаця часам і выганяе яго з кухні, калі ён распачне там сваю работу), а таксама суседзі.

IMG_0553

IMG_0558

IMG_0565

Прыгажосць не толькі за домам, але і перад ім, на клумбах пад вокнамі, ствараюць Валянціна Крупічовіч і Данута Александровіч. Парадак і ўтульнасць падтрымліваюць жыльцы дома і ў сваім пад’ездзе. Калі паўстала пытанне прыбіраць пад’езд самім альбо пакінуць гэту паслугу за работнікамі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, жыльцы прынялі адзінадушнае рашэнне пакінуць гэту функцыю за сабой. Свежапамыты цюль на акне, кветкі, графік уборкі, прышпілены на відным месцы, парадак у двары — сведчанне таго, што ў доме не дзеляць тэрыторыю на сваю і чужую, не выясняюць адносіны наконт таго, чыя чарга прыбірацца.

IMG_0578

IMG_0608

IMG_0595

IMG_0601

Дом, у якім жыве Раман Іванавіч Завадскі, ужо ў даволі сталым узросце: калісьці атрымаў кватэру ў ім гаспадар ад аўтапарку, ключы ўручаў навасёлам былы кіраўнік транспартнай арганізацыі Пётр Кузьміч Ткачоў. З тIMG_0566аго часу, канешне, дом «абнасіўся» і на фоне сучасных шматпавярховікаў выглядае не зусім прэзентабельна. Вось і стараюцца жыльцы дадаць свайму дому яркіх фарбаў з дапамогай добраўпарадкавання тэрыторыі, стварэння ўтульнасці ў двары і пад’ездзе. Казырок перад уваходам у пад’езд Раман Іванавіч рашыў абнавіць з дапамогай дубовых калонаў. Калі дрэва падсохне, майстар здзярэ з яго кару і ўпрыгожыць разным узорам.

Працаваць з дрэвам разьбяр вельмі любіць. Гэты матэрыял лечыць, супакойвае, прыводзіць у парадак думкі. Адчуваць дрэва навучыў яго бацька Іван Ігнатавіч. З сякерай хадзіў ён па вёсках — спраўляў зрубы хат, рабіў дзверы і вокны, ды і іншыя вырабы з дрэва. Клікалі яго не толькі аднавяскоўцы, погаласка пра добрага майстра разнеслася далёка за Мішкуці, дзе жыла сям’я. Тады гэта вёска налічвала звыш трыццаці двароў, а сёння ашмянцы наўрад ці ўзгадаюць, дзе яна размяшчалася.

Часта ў дапамогу бацьку напрошваліся і старэйшыя сыны Раман і Тадзік. Аднак пасталеўшы, за іншымі клопатамі, мужчынам не было часу дый жадання заняцца гэтай справай. І толькі хвароба павярнула жыццё Рамана Іванавіча на сто восемдзесят градусаў і нагадала аб былым захапленні. Раман Іванавіч Завадскі працуе начным вартаўніком у СШ №1, а днём прысвячае любую вольную хвілінку любімаму занятку. У яго доме шмат вырабаў з дрэва. Утульнасці і цеплыні надае яно спальні і кухні. Драўляная аздоба ўпрыгожвае прыхожую. Вырабы майстра можна ўбачыць і на тэрыторыі СШ №1. У мінулым годзе сакрэтамі свайго майстэрства Раман Іванавіч падзяліўся з карэспандэнтам часопіса «Делаем сами», які прыязджаў да яго ажно з Магілёва.

IMG_0629

Майстар ніколі не бярэ заказаў, а калі і згаджаецца на якую работу, то адмаўляецца ад грашовага заахвочвання. Некалькі год назад ён адмовіўся зрабіць разныя лаўкі і стол ля крынічкі ў мікрараёне Заходнім. Не можа Раман Іванавіч  зразумець тых людзей, якія не бачаць прыгажосці вакол сябе, а ўсё крышаць на сваім шляху. Ён з тых людзей, якія, як і герой Дастаеўскага, вераць, што прыгажосць выратуе свет.

Аліна САНЮК.

Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *