Сямейнае шчасце сям’і Сінькевічаў з вёскі Семернікі Ашмянскага раёна

Культура

За вокнамі аўтамабіля змяняюцца колеры восені: жоўты, залаты, бурштынавы, чырвоны, бардовы, буры… Вось каплічка, руіны Гальшанскага замка, мы збочваем на звілістую гравійку, якая прывядзе нас да вёсачкі Семернікі. У цагляным доме на ўзгорку жыве сям’я Алега і Вольгі Сінькевічаў, якая стала пераможцам абласнога этапу конкурсу «Уладар сяла».

IMG_7710

Сям’я Сінькевічаў зусім маладая, але, гледзячы на іх, з упэўненасцю можна сказаць, што яны ўжо ведаюць таямніцы моцнага сямейнага шчасця. Насамрэч таямніцы гэтыя простыя — тут валадарыць каханне, пануе ўзаемаразуменне і падтрымка, а маладыя людзі стараюцца саступаць  адзін аднаму і знаходзіць кампраміс у самых складаных жыццёвых сітуацыях.

Вольга і Алег разам са школы. З асаблівай цеплынёй успамінаюць сваё знаёмства. Алег з суседняй вёскі хадзіў у Семярніцкую школу, затым разам з Вольгай перайшоў у старшыя класы Гальшанскай. Вольга смяецца, што была на два гады малодшая за будучага мужа, таму спачатку яе не прымалі ў кампанію старшых. Скончылі школу і разышліся — Вольга вучыцца, а Алег у армію.

Але лёсам усё ж было наканавана быць разам. Як сапраўдны мужчына, Алег заваяваў сэрца прыгожай і вясёлай дзяўчыны, а яна захапілася хлопцам, які быў такі ўважлівы і клапатлівы. Вось так па маленькай цаглінцы і заклалі падмурак сваёй сям’і. З кожным годам яго ўмацоўваюць, каб разам ісці па жыцці, акружаючы адзін аднаго каханнем, даверам і павагай.

У любові і згодзе жывуць і маленькія дзеці —  Насця і Саша. Дзяўчынка ходзіць у трэці клас, а хлопчык — першакласнік. Пачаткоўцы добра вучацца і стараюцца  радаваць бацькоў сваімі штодзённымі поспехамі. Актыўныя, вясёлыя, яны ні хвілінкі не сядзяць без справы, імкнуцца пазнаваць свет і з дзіцячай непасрэднасцю сустракаюць новы дзень.

Многія маладыя сем’і пачынаюць сваё самастойнае жыццё ў чужым горадзе, далёка ад родных і блізкіх, а Вольга і Алег — у родным, у бацькоўскім доме. Безумоўна, лягчэй, калі побач знаходзяцца родныя людзі, гатовыя ў любую хвіліну прыйсці на дапамогу. Моцнай апорай і падтрымкай стала маці Вольгі — Людміла Чаславаўна, якая жыве разам. Менавіта дзякуючы яе мудрасці, сваіх дзяцей маладыя стараюцца выхоўваць у дружбе, павазе да бацькоў і старэйшых, чулых і сумленных адносінах да іншых.

Вольга скончыла Лідскі эканамічны каледж, пасля атрымала юрыдычную адукацыю ў Ашмянскім аграрна-эканамічным каледжы. Сёння жанчына — студэнтка другога курса ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Творчую спецыяльнасць жанчына выбрала не проста так, — з «культурай» было звязана яе дзяцінства. Маленькая Вольга любіла вабіць час разам з маці ў клубе, заўжды спявала. Яна выступала  на сцэне і ў дзяцінстве, і як стала дарослай. Цяпер Вольга, як калісьці яе маці, працуе загадчыкам Семярніцкага клуба-бібліятэкі.

Нягледзячы на тое, што Алег таксама атрымаў юрыдычную адукацыю (аграрна-эканамічны каледж), сям’ю Сінькевічаў без сумнення можна назваць творчай — і дарослыя, і дзеці выступаюць на канцэртах, танцуюць і спяваюць.

Творчы чалавек творчы ва ўсім — Вольга іграе на баяне, любіць маляваць,  разам з сынам яны ўпрыгожылі карцінамі ў стылі батык клуб-бібліятэку. Паколькі Вольга ў школьны час скончыла музычную школу, думае аддаць і Насцю займацца  на фартэпіяна.

Як і ў кожнай сям’і, у Сінькевічаў ёсць свае традыцыі — яны абавязкова разам адзначаюць дні нараджэння, калі ёсць час, арганізоўваюць пікнікі на свежым паветры, ходзяць купацца на возера. Галоўнае, робяць усё разам.

У адрозненні ад творчай жонкі, Алег мае «мужчынскія» захапленні. Вольга смяецца і пералічвае на пальцах, што гэта тэхніка, рамонт, механіка і электроніка. Сын заўсёды дапамагае бацьку «капацца» ў машыне, не адстае і дачка, дзяўчынка таксама часцей побач з надзейным татам.

У штодзённых пастаянных клопатах непрыкметна праходзіць дзень за днём у гэтай сям’і.

Жыццё ў вёсцы дыктуе свой рытм, таму ў кожнага ёсць свае абавязкі — жанчыны займаюцца хатняй гаспадаркай, гародам, а мужчыны  рамонтнымі і тэхнічнымі работамі.

Вольга і Алег стараюцца зрабіць свой хатні куточак утульным, таму ў мінулым годзе пасадзілі сад, які хутка шчыра іх «узнагародзіць».

Напэўна, людзей, якія сапраўды любяць працу на зямлі, з густам добраўпарадкоўваюць свае падворкі, трымаюць гаспадарку і, мабыць, самае галоўнае, гадуюць цудоўных дзяцей, можна назваць «уладарамі сяла».

На конкурс «Уладар сяла» творчых, працавітых, цікавых, актыўных Сінькевічаў запрасіў старшыня сельскага Савета Войцех Коўзан. Спачатку гэта быў раённы конкурс, а пасля абласны. Дарэчы, на апошнім Сінькевічы атрымалі другое месца.

Вольга расказвае, што ім было цікава, хто адправіцца сёлета пакараць вяршыні конкурсу. Але атрымалася так, што іх запрасілі зноў, сям’я згадзілася і адзначыла, што дамоў вернуцца толькі з перамогай. Сённяшнія пераможцы абласнога этапу конкурсу «Уладар сяла» на днях адправяцца спаборнічаць з лепшымі маладымі сем’ямі Беларусі ў творчых і сельскагаспадарчых конкурсах і эстафетах.

… Пазнаёміўшыся з сям’ёй Сінькевічаў, мы ў чарговы раз пераканаліся, што цёпла і ўтульна ў доме можа быць ад шчырай і добрай атмасферы ў сям’і. Вольга і Алег жывуць разам нядоўга, для іх, як яны самі гавораць, гэта маленькі тэрмін, бо многае яшчэ ў іх жыцці наперадзе.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *