“Зандажы і міражы Ашмян”: гісторыя горада ва ўспамінах яго жыхароў (фота, відэа)

— Самае складанае на сцэне – быць чэсным, — шчыра прызналася сваім сябрам і аднадумцам, вучням СШ №2, рэжысёр Таццяна Шылава ў душэўнай размове пасля завяршэння на вулічнай сцэне нашага горада тэатралізаванай пастаноўкі “Зандажы і міражы Ашмян”. – Мы былі чэснымі і праўдзівымі ў адносінах адзін да аднаго і ў адносінах да нашых гледачоў. І ў нас усё атрымалася.

IMG_9946

Гэта меркаванне, дарэчы, пацвердзілі ўсе, хто ціхім, па-восеньску прахалодным днём не захацеў сядзець у хаце, а далучыўся да тлумнага натоўпу ля краязнаўчага музея. Нязвыклае для нашага горада мерапрыемства сабрала вялікую колькасць зацікаўленых людзей. У спектаклі, сцэнарый якога быў напісаны на аснове ўрыўкаў з твораў нашага земляка Чэслава Янкоўскага і ўспамінаў жыхароў Ашмян, ролі выконвалі не прафесійныя артысты, а месцічы. Людзі сталага ўзросту, моладзь, школьнікі, аб’яднаныя адной ідэяй, за час рэпетыцый, якія з невялікім перапынкам доўжыліся амаль усё лета, сталі адной сям’ёй. Яны не шкадавалі часу, не зважалі на дрэннае надвор’е, не звярталі ўвагі на недамаганні, адганялі прэч уласныя амбіцыі. У вызначаны час збіраліся на пляцоўцы ля музея, а калі не дазваляў гэта зрабіць дождж, то перабіраліся ў раённы цэнтр культуры альбо СШ №2 і рэпеціравалі па некалькі гадзін запар.

IMG_9923

IMG_9914

Сацыяльны праект “Спадчына і сучаснасць”, які прадстаўнікі грамадскага аб’яднання “Беларускі камітэт Міжнароднага савета па захаванні помнікаў і славутых мясцін IСOМОS” вырашылі ажыццявіць у Ашмянах, стаў працягам падрыхтаванай імі канцэпцыі мастацкага афармлення нашага краязнаўчага музея. Адгалосак ідэі выхаду музея ў горад распачаўся са збору ўспамінаў аб гістарычным цэнтры Ашмян. Да гэтай творчай работы з задавальненнем падключыліся супрацоўнікі краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча і раённай газеты “Ашмянскі веснік”. Успаміны мясцовых жыхароў, запісаныя на дыктафон альбо дасланыя ў рэдакцыю, з’яўляліся на старонках мясцовага выдання пад назвай “Ашмянскія замалёўкі. З запаснікаў памяці…”. Трывалым падмуркам пастаноўкі стала творчасць нашага земляка, крытыка, публіцыста, гісторыка і грамадскага дзеяча Чэслава Янкоўскага, асобе якога ў спектаклі была адведзена адна з галоўных роляў. Добрую службу саслужыў інтэрнэт. Дзякуючы падказцы мясцовага жыхара Пятра Шаколы ў сацыяльных сетках атрымалася адшукаць сапраўдны скарб: успаміны ўраджэнкі Ашмян Розы Ялавай (Левіт) пра родныя мясціны, сваё дзяцінства і сям’ю, якія, нібы пацеркі, нанізваліся на нітку сюжэта. Непаўторны дух мястэчка ўлавілі прафесіяналы сваёй справы — рэжысёр Таццяна Шылава, сцэнарыст Аляксей Стрэльнікаў, ідэйны натхняльнік праекта, мастачка Ганна Выгонная.

IMG_9907

IMG_9903

Пастаноўка атрымала назву “Зандажы і міражы Ашмян”. (Зандаж — даследаванне архітэктурных форм будынка раскрыццём кладкі, альбо ўчастак адкрытай кладкі). І калі напачатку гледачам была не зусім зразумела назва дзеі, што разгортвалася ля краязнаўчага музея, то падчас спектакля ўсё стала на свае месцы. Ашмянскім артыстам удалося рэстаўрыраваць, як трапна заўважыў прадстаўнік Беларускага камітэта IСOМОS, архітэктар і рэстаўратар Ігар Раханскі, дух роднага горада. Гэту нялёгкую справу пад кіраўніцтвам Таццяны Шылавай ажыццявілі вучні СШ №2 і мясцовыя жыхары — Алена Апанэль, Інэса Барысевіч, Ядзвіга Чаплінская, Ганна Грышан, Марыя Горыд, Аляксандр Пашкоўскі, Андрэй Кузьменка, Яўген Астрамовіч.

IMG_9881

IMG_9938

IMG_9989

На працягу гадзіны — столькі доўжылася пастаноўка — перад вачыма гледачоў прабягалі эпізоды з жыцця горада і яго жыхароў: войны, разбурэнні, пажары, пасля якіх горад паўставаў і адбудоўваўся; асобы, якія пакінулі свой след у Ашмянах; мясцовыя жыхары – найвялікшая каштоўнасць старажытнага мястэчка; цёплыя і душэўныя, перасыпаныя гумарам, бытавыя замалёўкі. Удала ўпляліся ў агульную канву задумы музычныя кампазіцыі (агучванне спектакля арганізаваў Сяргей Пятроўскі). Незвычайныя дэкарацыі, да якіх прыклала руку Ганна Выгонная, былі дапоўнены рэальнымі выявамі горада (дзея адбывалася на фоне гарадской плошчы з відам на касцёл Святога Міхаіла Архангела). Шчырыя акцёры. Адкрытыя гледачы. Спектакль стаў для ашмянцаў сапраўдным святам і цудоўным падарункам гораду ў Год культуры і ў чарговую дату святкавання свайго юбілею.

IMG_9887

IMG_9955

IMG_9966

IMG_9969

IMG_9981

IMG_9995

Завяршылася дзея “Ашмянскім вальсам”, напісаным на словы Галіны Стомы і музыку Рэне Кахановіча, які сімвалічна выканалі ўсе разам. На сцэну падняліся ўдзельнікі праекта. Ганна Выгонная падвяла вынікі цікавай і творчай працы. Карціны з выявамі гістарычнага цэнтра горада, напісаныя мастачкай Святланай Рыжыкавай, Ганна Альбертаўна падарыла калектывам раённага краязнаўчага музея, газеты “Ашмянскі веснік”, СШ №2, якія дапамагалі гэты праект ажыццяўляць. Часцінка горада (кубак з гарадскім пейзажам) застанецца на памяць у кожнага, хто далучыўся да прыгожай дзеі на сцэне. Гэта не толькі артысты, але і ўдзельнікі міні-праекта ў раённай газеце: Пётр Шакола, Аляксандр Старавыбарны, Любоў Пятрова, Уладзімір Карасёў, Данута Кіроўская, Мікалай Розенберг, Валерый Пячкоўскі, Алена Абрамовіч. Шчырыя прывітанні паляцелі праз акіян у Канаду да ўраджэнкі Ашмян Розы Левіт (Ялавай), а таксама Тамары Арслан (Лукашэвіч) у турэцкі горад Бурсу.

IMG_0006

IMG_0045

IMG_0037

IMG_0066

IMG_0087

IMG_0093

IMG_0107

IMG_0116

Праект завяршыўся. Аднак у раённай газеце рубрыка “Ашмянскія замалёўкі. З запаснікаў памяці…” застаецца адкрытай. Гісторыя нашага горада прадаўжаецца. Выказанае ашмянцам Валерыем Пячкоўскім слушнае пажаданне прадаўжаць спектакль (“Мала. Хочацца другой серыі!”) мае магчымасць ажыццявіцца. Нашы з вамі ўспаміны, маленькія гісторыі, перажытыя роднымі і блізкімі, штодзённыя нашы рэфлексіі – чым не новыя серыі грунтоўнага фільма-спектакля, сатканага жыццём!

Аліна САНЮК.

Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.

Опубликовать в Одноклассники
Стоит почитать:

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>