Сям’я Багдановічаў. Пяцьдзесят сем год — разам

Культура

Пяцьдзясят сем год сумеснага жыцця! Для людзей сталага ўзросту гэта норма. А для моладзі — хутчэй выключэнне, а разам з тым і прыклад, дастойны пераймання.

IMG_5420

Пражыць разам доўгае жыццё – шчасце і вялікая штодзённая праца  над сабой. Прыемна ўсведамляць, што ў нашым раёне ёсць прыклады такіх дружных і моцных сямей, дзе паважаюць старэйшых, захоўваюць сямейныя традыцыі, беражліва, а разам з тым і патрабавальна адносяцца да выхавання дзяцей.

Богданович-2
Сын Станіслаў

Сям’я Багдановічаў пераехала ў Ашмяны ў 1987 годзе. Да гэтага Галіна Антонаўна разам з Чаславам Антонавічам жылі ў Берніках, на радзіме мужа. Аб змене прапіскі з вясковай на гарадскую вырашылі на сумесным сямейным савеце. Гэта рашэнне адінадушна падтрымалі дзеці. Ім, маладым, як мага хутчэй хацелася вырвацца з вёскі. Пераезд той адразу адбіўся на іх жыцці. У той жа год ажаніўся старэйшы сын Антон. Следам за ім выскачыла замуж Леакадзія. А праз некалькі месяцаў і малодшы Станіслаў прывёў на знаёмства з бацькамі будучую нявестку.

Усім траім дзецям бацькі справілі вяселлі. Такія, як мае быць — на два бакі, з вялікай колькасцю гасцей і музыкамі.

Іх уласнае вяселле прайшло, канешне, больш сціпла. У Мураваную Ашмянку ў касцёл паехалі маладыя на грузавой машыне. І сукенка ў нявесты была простай, аднак на ладнай фігуры прыгожай дзевятнаццацігадовай Галіны глядзелася яна шыкоўна. Жаніх не зводзіў са сваёй палавінкі вачэй.

Пазнаёміліся маладыя на вяселлі Галінай стрыечнай сястры. І хаця асістэнт быў старэйшым на восем гадоў, ён неяк адразу ж прыглянуўся дзяўчыне: сціплы, сур’ёзны, памяркоўны. І калі Часлаў з бацькам прыехаў у Мардасы ў сваты, не адмовіла, бо адчувала, што за гэтым чалавекам яна не прападзе.

Маладая сям’я стала жыць у Берніках, разам з бацькамі. Працавалі на торфабрыкетным заводзе. Галіна Антонаўна – “учотчыцай”. У вольны час жанчына любіла вязаць і вышываць. Хусткі, адзенне для сябе, мужа і дзяцей, карункі да настольнікаў, вязаныя кручком каўнерыкі – любая рэч з-пад яе спрытных пальцаў атрымлівалася прыгожа і ладна. Часлаў Антонавіч займаўся закладкай тарфяных караванаў (штабялёў). Працаваў ён на торфараспрацоўках побач з Бернікамі. Паспяваў некалькі нормаў за дзень зрабіць і ў хаце гаспадарку дагледзець. Кіраўніцтва завода не раз адзначала работу Часлава Антонавіча граматамі і падзякамі. Меў ён і высокае званне “Ударнік камуністычнай працы”, бо амаль штогод даведзены план перавыконваў удвая, а то і ўтрая. Любая справа ў яго руках спорылася. На што ні гляне — усё зробіць. Дагледжанай была вялікая гаспадарка Багдановічаў у Берніках. Шмат гадоў трымалі яны па некалькі кароў, заўсёды гадавалі цялушак. З дзяцінства прывучалі да працы дзяцей. Часлаў Антонавіч давёў да ладу дом і гаспадарчыя пабудовы на Чырвонаармейскай у Ашмянах. Разам з сынам справіў лазню, пасадзіў сад. На веласіпедзе ажно да мінулага года ездзіў амаль штодня на вёску, дзе знаходзіцца лецішча. Там і соткі з бульбай, і агарод. Немалы ўчастак у Багдановічаў у горадзе. І хаця здароўе ўжо падводзіць, і муж з жонкай абяцаюць адно другому не саджаць грады, з прыходам вясны ўсё паўтараецца: не могуць яны сядзець склаўшы рукі. Пакуль яшчэ ходзяць ногі і бачаць вочы, корпаюцца на зямлі каля хаты. Галіна Антонаўна ўсё лета робіць “закаткі”, варыць варэнне і ставіць кампоты. У гэтым годзе добра ўрадзіла садавіна: яблыкі, вішні і грушы. Шмат нарасло агуркоў.

Богданович-1
Антон з маці і сястрой

Нарыхтоўкі на зіму яны робяць разам. Муж і ўраджай збярэ, і вады прынясе, і слоікі закатаць дапаможа. У падвале ажно гнуцца паліцы. Гэтых запасаў хапае для ўсёй радні. У Ашмянах жывуць двое сыноў з сем’ямі. Старэйшы Антон, названы ў гонар дзядоў, доўгі час працаваў вадзіцелем у ААТ “Аграпрамтэхніка”. Малодшы сын Станіслаў уладкаваўся рабочым у РУП ЖКГ. Падчас службы ў арміі ён прайшоў дарогамі Афганістана. Больш года штодня малілася маці за сына, які ў складзе экіпажа верталёта лятаў на баявыя заданні. Часта прыязджае на радзіму дачка Леакадзія. Жыве яна зараз за мяжой – у Вільнюсе, працуе ў адной з паліклінік літоўскай сталіцы.

У Галіны Антонаўны і Часлава Антонавіча шасцёра ўнукаў і тры праўнукі. На святы, часцей на Каляды і Вялікдзень, вялікая сям’я збіраецца разам. Бабуля з дачкой і нявесткамі накрывае стол, частуе сваіх родных рознымі прысмакамі. Ліюцца тады ракой размовы, успамінаецца маладосць і дзяцінства, перабіраюцца здымкі з сямейнага альбома.

Богданович
Леакадзія з бацькамі

Аглядваючыся на пройдзены жыццёвы шлях, Багдановічы не раз думалі, у чым жа ён, сакрэт іх сямейнага шчасця? Мажліва, у тым, што яны заўсёды побач – у радасці і бядзе, ніколі адзін аднаго не абразілі, не спрабавалі даказаць, хто ў хаце галоўны. Свае крыўды ніколі не замоўчвалі. Часта ў спрэчках ім дапамагала пачуццё гумару і жыццёвая мудрасць. А яшчэ яны не забываліся пра тое, што ў іх трое дзяцей, для якіх бацькі павінны быць прыкладам ва ўсім, і ў сямейных адносінах у тым ліку.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ і з сямейнага альбома Багдановічаў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *