Ксяндзы і касцёлы Ашмянскага дэканата

Культура

У ліпені выйшла з друку чарговая кніга нашага земляка Васіля Юршы з серыі “Ашмянскі край”. Другі том носіць назву “Ксяндзы і касцёлы”.

На напісанне гэтай грунтоўнай працы аўтара падштырхнула жаданне разабрацца, прывесці ў сістэму ўласныя ўяўленні, якія выспелі самі сабой – па меры пагружэння ў мінулае. Гэта кніга – свайго роду падзяка ксяндзам, якія трыста і чатырыста год таму метадычна і скрупулёзна заносілі ў метрыкі персанальныя дадзеныя аб людзях, што жылі на тэрыторыі Ашмянскага павета. Сёння гэтыя звесткі даюць магчымасць даставерна ўзнавіць свой радавод, вярнуць памяць аб даўно забытых імёнах.

IMG_4700

Поспех генеалагічных пошукаў абумоўлены не толькі разуменнем каго шукаць, але і канкрэтным уяўленнем дзе шукаць, лічыць Васіль Адамавіч. Даследчык у сваіх пошуках пастаянна звяртаецца да касцёльных метрык. Разважае аб тым, што касцёлы ў многім падобныя да людзей: яны зараджаліся, квітнелі, потым старэлі і прыходзілі ў заняпад. Парой беспадстаўна гінулі, трапляючы ў вірлівае кола гісторыі. Адны людзі іх узводзілі, другія – разбуралі. На месцы згінуўшых храмаў паўставалі новыя, больш велічныя і прыгожыя. Змяняліся межы парафій, змяняліся назвы фальваркаў і засценкаў, змяняліся прозвішчы іх уладальнікаў. Населеныя пункты знікалі з картаў, а з часам і з людской памяці.

Васіль Юрша
Васіль Юрша

Сёння ў нас ёсць магчымасць з дапамогай аўтара гэтага тома адкрыць для сябе невядомыя старонкі з гісторыі каталіцкіх храмаў сучаснага Ашмянскага і часткова Смаргонскага, Валожынскага, Астравецкага і Іўеўскага раёнаў, якія ў свой час уваходзілі ў склад Ашмянскага дэканата. У кнізе падаюцца некаторыя звесткі аб служыцелях касцёлаў і парафіянах, а таксама статыстыка, якая дазваляе зрабіць высновы аб магутнасці парафій.

Зараз Васіль Юрша прыступіў да работы над трэцім томам серыі “Ашмянскі край”. Ён сістэматызуе інфармацыю пра радаводы шляхты. На чарзе – кнігі пра вёскі, ваколіцы, фальваркі і засценкі Ашмянскага павета. Даследчык плануе таксама сабраць радаводы мяшчан і сялян.

Што тычыцца другога тома серыі – пра ксяндзоў і касцёлы, — то пазнаёміцца з працай можна ў раённай бібліятэцы і краязнаўчым музеі, а таксама ў рэдакцыі раённай газеты. Набыць выданне магчыма ў краме “Акадэмічная кніга” ў Мінску, а таксама звярнуўшыся непасрэдна да аўтара.

Аліна САНЮК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *