“Брыгада” з Барун

Общество

Юнацтва… Самы прыгожы і запамінальны час. Час, калі нараджаюцца мары і надзеі. Час, калі жыццё падаецца прыгожым, светлым, бесклапотным. Час, які, на жаль, хутка мінае…

фотuо

Аднак пакуль ты малады душою і целам, нельга сядзець на месцы. Пра гэта дакладна ведаюць юнакі і дзяўчаты з Барун, якія штогод бавяць час у лагеры працы і адпачынку “Брыгада”. Лагер доўжыцца ўсяго дзевяць дзён, аднак кожны дзень – маленькае жыццё, поўнае радасці і дынамізму.

Усім вядомы знакаміты выраз: “Хто не працуе, той і не есць”. Узялі яго на ўзбраенне і выхаванцы лагера “Брыгада”, таму, не шкадуючы сіл і часу, яны плённа працуюць. Праполка градаў, праца каля помнікаў, рамонт кніг у бібліятэцы – гэта толькі невялікая частка тых добрых спраў, якія штодзённа выконваюць выхаванцы летніка.

Аднак летнік — не толькі бясконцая праца, але яшчэ і адпачынак. Штодзённа для выхаванцаў праводзяцца тэматычныя дыскатэкі, якія даюць магчымасць бліжэй пазнаёміцца, больш даведацца адзін пра аднаго. Тут няма месца для крыўды, эгаізму і непаразумення. Усяго за некалькі дзён удзельнікі школьнага летніка ператварыліся ў вясёлую і вялікую сям’ю. Кожны знайшоў блізкі для сябе занятак. Хтосьці цалкам аддаў сябе спорту, камусьці падабаецца праглядаць цікавыя фільмы, а хтосьці праводзіць час у гутарках.

Нягледзячы на пахмурныя дні, юнакі і дзяўчаты забараняюць сабе сумаваць. Нават у  свінцова-шэрым небе яны бачаць сваю прыгажосць. Пачынаецца дождж, а пасля сапраўдны лівень. Дваццаць пар ног ужо бягуць на вуліцу і любуюцца прыгажосцю прыроды, падстаўляюць рукі пад дождж, а пасля, поўныя замілавання, вяртаюцца ў свае пакоі. Юнацтва не ўмее быць маркотным. Яно поўніцца радасцю.

Школьны летнік, дзякуючы рэжымным момантам, дае магчымасць выхавання асобы. Праца, адпачынак, выхаваўчыя мерапрыемствы, спорт – тут усяму гэтаму адводзіцца сваё месца і свой час.

Час мінае хутка. Вось-вось скончыцца змена, і кожны вернецца дадому, аднак абавязкова прыхопіць з сабою часцінку цеплыні, дабрыні, спагады і абавязкова дасць абяцанне вярнуцца сюды ў наступным годзе.

Марта МАЦКЕВІЧ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры  Барунскага ВПК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *