Побалеўшчына. “У гэтым краі не маглі нарадзіцца лайдакі”

Культура

“К табе я ў думках залятаю, і там душою спачываю…” – пад гэтымі Коласавымі радкамі пра родны кут падпішуцца ўсе ўраджэнцы знікаючай з карты Ашмянскага раёна вёскі Побалеўшчына, якая хаваецца ад людскога вока ў засені магутных дрэў і непралазных хмызнякоў на мяжы Граўжышкоўскага і Кальчунскага сельсаветаў. Аддаленая ад цэнтральнай гаспадаркі і ажыўленых дарог, яна жыве сваім нетаропкім жыццём, якое гарадскі жыхар наўрад ці зразумее. Тут сярод белага дня на ўласных сотках можна заўважыць казу (казулю), якая вынырне неспадзеў з ляску і смела пашыбуе ў вашу капусту. У Побалеўшчыне няма платоў і брамак з мудрагелістымі засаўкамі. Ад каго хавацца?! Нават і вуліцы ў звыклым яе паняцці тут няма. Хаты злучаюцца між сабой блытанымі сцежкамі, што збягаюцца затым у адну, якая, пятляючы між кустоў, прывядзе вас у Граўжышкі, а ў адваротным накірунку – у Балбы, Болтуп і Кальчуны. Па ёй калі-нікалі праскочыць “калхозная” машына. Тры разы на тыдзень паважна праплыве белая буда аўталаўкі: прывязе месцічам хлеба і розных прысмакаў. А затым ізноў закружыцца галава ад густой цішыні…

IMG_1455

Колькі іх на карце нашага раёна, такіх вось ціхіх вёсак-хутароў? Дзесяць, дваццаць, а можа трыццаць! Ніхто не задаваўся гэтым пытаннем, ніхто не лічыў. А між тым час ідзе, сціраючы на сваім шляху гэтыя вёскі-кропкі – такія падобныя і такія розныя — з адметным стылем жыцця, традыцыямі і гаворкай. І з кожным адыходзячым на неба жыхаром усё павольней пульсуе вясковая стыхія, з якой амаль кожны беларус знаходзіцца ў фізічным радстве, але баіцца сабе ў гэтым прызнацца, саромеецца, што назавуць яго дзеравеншчынай.

У Побалеўшчыну мы трапілі неспадзеў. Загадчык Кальчунскага клуба Сняжана Кагадоўская папрасіла напісаць пра зладжаную ў вёсцы сустрэчу землякоў. Як напісаць пра такую падзею з некалькіх слоў: сабраліся, павіншавалі, песні саспявалі, успомнілі!? Для людзей, якія з’ехаліся з розных куткоў Беларусі, гэта спатканне стала цэнтрам Сусвету. Расказваючы пра яго, бібліятэкар Алена Шкелда не магла стрымаць слёз. І гэта пры тым, што да вёсачкі той яна практычна не мае дачынення:

— Ведаеце, столькі шчырасці і душэўнасці было ў той сустрэчы, што нават вам не расказаць, — падзялілася ўдзельніца фальклорнага гурта “Скарбніца” сваімі пачуццямі.

DSCN9332

І мы не змаглі напісаць адчэпны матэрыял. Дамовіліся з арганізатарамі свята Марыяй Шумскай і Янінай Капшой (Кляпацкімі), якія на выхадныя прыязджаюць на бацькоўскае лецішча, суботнім ранкам селі ў машыну і памчалі ў бок Граўжышкаў.

IMG_1472

У аграгарадку павярнулі направа, уздоўж сажалкі. Пасмяяліся з указальніка, на якім напісана “Пабаляўшчына” і за бліжэйшым ляском разгубіліся: куды ж збочваць? Дзе тыя Кляпацкія жывуць? Злева трапляліся ў кустах адна за другой купкі хат. Ці то вёска гэта, ці то хутары параскіданы? Вадзіцель прапанаваў праехаць уперад. І праўда – у хуткім часе згледзелі пад адной з будынін мужчыну з жанчынай. Тыя чакалі аўталаўку і вельмі здзівіліся неспадзяваным гасцям:

— Ой, дзеткі, гэта ж ужо Баўбы, а нашу вёску вы прапусцілі, — уступіла ў гаворку жанчына. — А што вы пра нас напішаце? Мы ж удваіх засталіся – я і Геня Яхімовічава! Памірае наша Побалеўшчына.

Уладзіслава Мацэвіч
Уладзіслава Мацэвіч

Уладзіслава Пятроўна Мацэвіч (не ведаючы пра нашу дамову) прапанавала сустрэцца з яе суседкамі, што прыязджаюць у вёску летам:

— Яны вам і пра гулянку нашу раскажуць, і песні паспяваюць. Такія харошыя дзяўчаты, такія дружацкія! – не пераставала нахвальваць сясцёр жанчына.

IMG_1370

А тым часам і аўтамагазін падкаціў. Мужчына з жанчынай ускочылі з лаўкі і патрусілі да машыны. Хлеб, пару памідораў, кавалачак мяснога далікатэсу – вось і ўся пакупка, моцна і не разгонішся. Пенсія ў цёткі Уладзі зусім невялікая — усяго паўтара мільёна.

— Стаж быў малым, — нібы прадбачачы маё запытанне, адказвае яна. — Пяцёра дзяцей на ногі падняла. Часта хварэла, а яшчэ за мужа прыходзілася рабіць, на яго трудадні пісаць. Каторы гадок яго ўжо няма!

— Цяжка адной жыць, адзінока, – прызнаецца жанчына ўжо ў машыне, калі мы накіроўваемся разам у Побалеўшчыну. – Асабліва самотна ў нас зімой. Ажывае вёска толькі з прыходам вясны. Дзяўчаты прыязджаюць. Ёсць з кім пагаварыць. А так, як дзік сядзіш. Дзеці параз’язджаліся ў Маладзечна, Граўжышкі, Лойці.

— А гэтым летам у нас васола і добра, як ніколі, – ажыўляецца Уладзіслава Пятроўна, згледзеўшы на надворку суседак. – Не даюць яны згінуць нашай Побалеўшчыне.

IMG_1413
Марыя Шумская

Марыю Мікалаеўну засталі за касьбой. Такі абшар вакол, што касіць – не перакасіць! Яніна Мікалаеўна тым часам корпалася ў градах. Усяго там панатыкана пакрысе: ужо ўвабраліся ў сілу калівы капусты, завязваюцца кабачкі,  раскошуе бульба, зелянеюць шчыпяры цыбулі. За хатай з другога боку яшчэ адзін лапік абробленай зямлі – і там агарод. Калі ішлі да цёткі Уладзі, ізноў уперліся ў барозны. Кінуўшы вокам на ўладанні суседкі, зразумелі, што град тут наогул не робяць: і бульба, і гародніна растуць у паробленых кароткіх барознах, параскіданых наўкруг хат.

Вядома ж, цікавіла нас зладжаная тут тыднем раней сустрэча землякоў, аднак гаварылі пра ўсё: як жылося раней, што елі, як вольны час бавілі, як склаўся лёс аднавяскоўцаў, чым жыве вёска сёння.

IMG_1380
Яніна Капша

Яніна Мікалаеўна запрасіла ў хату. А там — бясцэннае багацце! Вышываныя гладдзю накрыўкі на падушкі, настольнікі, ручнікі, карціны, дэкаратыўныя падушачкі, пакрывалы…. Усё гэта вышылі нястомныя рукі Яніны Капшы. І Марыя ад сястры не адстае. Яе ложак, адгароджаны ад святліцы шафай, стракаціць фантастычнымі кветкамі. Вышываць сёстры навучыліся самастойна. Маці прападала за ткацтвам. Кросны звычайна даставалі з гарышча зімой, калі канчалася работа ў полі. Стаялі яны ў хаце ажно да Вялікадня. Маці спачатку снавала, пасля навівала на кросны аснову. Ткала Міхайлаўна розныя перабіранкі. Часта і дочкам давала пастукаць бёрдамі і панаціскаць на панажы, ссукаць цэўку, што затым закладвалася ў чаўнок. Матчыны вырабы і сёння захоўваюцца ў дачок, як памяць і рэліквія. Доўгімі зімовымі вечарамі Ванда Міхайлаўна прала на калаўроце кудзелю, а пасля, як пачалі гадаваць авец, то і воўну. З шарсцяных нітак вязала шкарпэткі і рукавіцы. З воўны вяскоўцы білі валёнкі. Без іх у гаспадарцы было анікуды. Зімы стаялі такія, што ад марозу на вуліцы ўсё звінела. Снег наўкруг адбіраў вочы. Звычайна ён выпадаў на Пакровы і ляжаў ажно да канца сакавіка.

IMG_1384

Дзецям зіма была ў радасць. Па-першае, менш работы па гаспадарцы, больш часу вольнага. Па-другое, і ў снежкі пагуляць можна, і з гары пакатацца. Не палохалі дзятву вялікія, ажно ў чалавечы рост, гурбы. Намерзшыся на двары, залазілі пасля дзеці на цёплую печ. Соладка было засынаць пад завыванне снежнай віхуры, якая, часам здавалася, сарве з крокваў страху.

Нягледзячы на тое, што двароў у Побалеўшчыне было толькі пятнаццаць, жыхароў налічвалася звыш ста. Вядома ж, дзяцей нараджалася ў сем’ях па дзевяць-адзінаццаць. Чым бяднейшая сям’я – тым больш дзяцей. У Кляпацкіх іх было восем. Ядзвіга жыве зараз у Асіповічах, побач – у пасёлку Ясень – Віктар, Галіна і Станіслава – у Будзёнаўцы, Марыя – у Ашмянах, Яніна – у Кальчунах. Двое братоў, Іван і Генадзь, ужо памерлі. Малодшую, Стасю, Ванда Міхайлаўна нарадзіла ў 42 гады. У цёткі Любы (па бацькавай лініі) было ажно 11 дзяцей. А вось у дзядзькі Стася (Станіслава Янча) толькі трое.

IMG_1421

IMG_1462

Спачатку Кляпацкія жылі на хутары Дуброва. Навуку дзеці спасцігалі ў пачатковай школе ў Вельбутова. Затым, калі Яня перайшла ў чацвёрты клас, перабраліся ў Побалеўшчыну. Бацькі тут купілі хату. Гуртам хадзіла дзятва ў школу ў Граўжышкі. Толькі Марыя, якая жыла ў дзеда ў Стульгах і памагала яму па гаспадарцы, вучылася ў мясцовай, Стульгінскай васьмігодцы. Раскошай тады для навасёлаў стаў уласны калодзеж у пятнаццаць бетонных кольцаў. Ён і зараз частуе сваіх гаспадынь сцюдзёнай смачнай вадой. А на хутары, успамінае Марыя, па ваду прыходзілася хадзіць ажно паўтара кіламетра.

IMG_1461

“Хазяйство” было вялікім. І каровы, і свінні, і авечкі. У 1950 годзе быў створаны калгас “Новае жыццё”, які ўключаў Побалеўшчыну, Балбы, Гедэйкі і Мазураўшчыну. Бацьку, Мікалая Пятровіча, прызначылі брыгадзірам. Маці на мясцовай ферме даіла кароў. Разам з бацькамі заўсёды былі і дзеці. Палолі дзялкі буракоў, рвалі лён, хадзілі да маці на ферму. Летам сенавалі разам з дарослымі, ганялі на пашу кароў, адбывалі “кулейку”. А калі з’яўлялася вольная хвілінка, адпраўляліся кампаніяй гуляць у лес. Будавалі зямлянкі. Усцілалі іх лапкамі елак, упрыгожвалі палявымі кветкамі. Круцілі з лахманоў лялькі.

— Усё роўна наша дзяцінства было шчаслівым, харошым, — кажуць сёстры Кляпацкія. — Хоць і з вясны аж да позняй восені хадзілі басанож, і сукеначку паркалёвую адну на ўсе выпадкі мелі, але ж не нудзіліся, не крыўдавалі ні на каго. Бывала, ухопіш з-пад курыцы яйко і за чатыры кіламетры з Дубровы ў Стульгі бяжыш у магазін, каб купіць падушачак жменьку ці пушачку бляшаную з лядзяшкамі. Сучасныя дзеці, якія ўжо і “снікерсаў” есці не хочуць, наўрад ці зразумеюць наша шчасце.

Пра сваё дзяцінства, пра маладосць успаміналі землякі падчас сустрэчы пад яблынямі ў садзе Кляпацкіх. Сабралася іх некалькі пакаленняў: Траццякі, Яжэвічы, Янчы, Міцко, Кляпацкія, Мацэвіч, Яхімовіч, Саўчанка, Емельяновіч, Капша, Кураловіч, Сабалеўскі… Пакланіцца роднаму парогу прыехалі яны з Мінску, Асіповіч, Смаргоні, Будзёнаўкі, Ашмян, Кальчун, Гароднікаў. Аднолькава цікава было тут і 84-гадоваму Станіславу Янчу, і дзецям, якія даўно не бачылі сваіх дзядуль і бабуль такімі шчаслівымі. Накрылі сталы, знеслі лавы. Запрасілі мясцовых артыстаў: з Кальчун прыехаў фальклорны гурт “Скарбніца”, Сняжана Кагадоўская выступіла ў ролі вядучай. З Граўжышкоўскага клуба завіталі Вацлаў Сідаровіч і Эдуард Булкевіч. Дапазна гучалі ў Побалеўшчыне песні. Марыя Шумская (мясцовыя клічуць яе Кадышавай) склала песню пра родную вёску, у якой ёсць такія радкі: “Мы никогда деревню нашу не забудем. Здесь все мы – дружная семья…”.  Гэта песня расчуліла нават мужчын.

Успомнілі вяскоўцы сваіх памерлых землякоў. Сярод іх Ясь Нагурскі і Віця Яжэвіч, без якіх не абыходзіліся ў акрузе вячоркі, а пасля і танцы (у новым клубе). Ад той пабудовы не засталося сёння нават і фундамента. Першай спявачкай на вёсцы была Ванда Міхайлаўна Кляпацкая. Спявала яна і ў радасці, і ў горы: і на вяселлях яе голас быў чуцен і на пахаваннях. Вакальныя здольнасці маці перадаліся ў спадчыну дочкам. Марыя, будучы школьніцай, ездзіла на абласныя конкурсы разам з Генам Ляшчэвічам і спявала песню “На Мамаевом кургане тишина”. Мае Марыя Мікалаеўна і паэтычны дар. Складае вершы-віншаванні на юбілеі сваёй радні, казкі для дзяцей. Гэтыя ўменні выкарыстоўвае затым ў рабоце: працуе жанчына памочнікам выхавацеля ў дзіцячым садку №1 нашага горада. Дружаць з песняй яе дачка Вольга і сын Віталій. Інспектар дарожна-патрульнай службы Віталій Шумскі часта адстойвае гонар Ашмянскага аддзела ўнутраных спраў на абласных аглядах мастацкай самадзейнасці, спявае ашмянцам на раённых святах.

Успаміны ў той вечар ліліся ракой. На памяць прыходзіла маладосць. Столькі тады сілы было! Днём напрацуешся, а ноччу на танцы ў Бернікі, Вельбутова, Сямюны, у сваю вёску. Вярталіся пад раніцу, на гадзіну якую апускалі галаву на падушку і — зноў за плуг, барану ці касу.

IMG_1468

 

Марыя Мікалаеўна мужчынскую работу асвоіла з пятнаццаці год. З бацькам здарылася няшчасце: сячкарняй яму адрэзала руку. Пасля таго ён ужо і ні касіць не мог, і ні сякеру трымаць. І сёння жанчына спраўна абкошвае родныя абшары. Дапамагае сястры Яні нарыхтоўваць сена на карову. Сястра трымае ў Кальчунах вялікую гаспадарку. Упраўляцца паспявае і дома, і на бацькоўскім двары. А яшчэ не праміне ў ягады ў лес збегаць, грыбоў назбіраць. Лета яшчэ толькі пачынаецца, а ў Кляпацкіх слоікі з закаткамі стаяць. Калісьці такой жа ўвішнай была і Ванда Міхайлаўна. А яшчэ яна ніколі не адпраўляла з пустымі рукамі чалавека, што ступаў у двор. Апошняе аддавала жабракам, якія пасля вайны вельмі часта наведвалі іх старонку.

На святы маці пякла пірагі. На стале пад ільняным абрусам заўсёды ляжаў бохан хлеба з адбіткам кляновых лістоў. У святыя дні Ванда Міхайлаўна гатавала мацюка з бараніны: з лою здымалася плеўка, у якую крышылі затым  бульбу, цыбулю, мяса. І ўсё гэта тушылася ў печы. Пах ад гэтай стравы стаяў у хаце некалькі дзён. Аб’ядаліся дзеці капустай з баранінай і квасам з грыбамі. Ласаваліся тварагом са смятанай. Шмат варылася і варэння. У асноўным — з яблыкаў. Садавіны хапала і сабе, і скаціне — карова не паспявала з’ядаць. Калі дзеці прачыналіся, на стале ўжо ляжала груда бліноў. Іх пякла маці нават тады, калі засталася адна. Яніна працавала вечарамі. Была ў Будзёнаўскім клубе кінамеханікам. Зрання наведвалася да маці. Сядала на веласіпед і за некалькі хвілін даязджала з Кальчун у Побалеўшчыну. Матчына сэрца адчувала гэты прыезд: на стале ўжо чакалі бліны, а ў скаварадзе шкварчэла мачанка.

Гэтыя ўспаміны часта вярэдзяць душу Яніны Мікалаеўны. Каб яны не накрывалі з галавой, улягае ў працу. І ў маладосці яна не дазваляла сабе ленавацца. У свой час была занесена ў Гродне на Дошку гонару сярод работнікаў сферы культуры. Восем гадоў аддала яна працы на торфабрыкетным заводзе. Цяпер вось разрываецца між сваім домам і побалеўшчынскім лецішчам. Такімі ж “трудзягамі” выраслі і яе сыны Андрэй і Сяргей.

IMG_1463
Генуэфа Яхімовіч

“У гэтым краі не маглі нарадзіцца лайдакі”, — прыйшла я да канчатковай высновы пасля наведвання Генуэфы Антонаўны Яхімовіч. У сямідзесяцігадовай жанчыны двор нібы лялька. Гаспадарская рука адчуваецца тут ва ўсім, хаця ўжо каторы год жыве жанчына адна. Шматдзетная маці (нарадзіла дзевяцёра дзяцей) ва ўсім адчувае дапамогу дачок і сыноў, якія жывуць у Мінску, Смаргоні, Гродне, Ашмянах, аднак не забываюць дарогі да роднай хаты. Наведваюцца да бабулі і ўнукі. Іх ужо 17 мае Генуэфа Антонаўна. У другі клас пайшла сёлета праўнучка.

…Свята ў Побалеўшчыне скончылася зацемна. Наспяваліся, нагаварыліся, наскакаліся ад душы. Трава ў садзе Кляпацкіх пэўна да восені не адап’ецца! Пакідаць родныя мясціны не хацелася. Кожны разумеў, што можа вось так больш і не сустрэнецца з аднавяскоўцамі, не адвядзе душу, не ап’янее ад настоенага на травах і ліпавым цвеце паветра. Толькі тут, на роднай зямлі, яны адчуваюць сябе абароненымі ад нягод. Тут усё натуральнае, без налёту паказушнасці. Не трэба нікому нічога даказваць і ні перад кім выпінацца. Тут усе роўныя – “велькі начальнік” і “пан сахі і касы”. Адсюль пайшлі таленавітыя і працавітыя людзі, якія шануюць сваю спадчыну і берагуць памяць аб продках, могуць запраста з’есці яблык з хлебам, і для якіх сабака заўсёды будзе мужчынскага роду.

Аліна САНЮК.

Фота аўтара і з архіва Кальчунскага аддзела культуры і вольнага часу.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *