Дар’я Сярпейка і Валерый Ганевіч запрашаюць у свет мастацтва

Культура

У мастацкім аддзяленні Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў займаюцца пяцьдзясят два вучні. Заняткі таксама наведваюць вучні мастацка-эстытычнага аддзялення. Увогуле, з кожным годам “сям’я мастакоў” папаўняецца новымі выхаванцамі, якія любяць і ўмеюць маляваць.

IMG_6121

Маладыя педагогі Дар’я Сярпейка і Валерый Ганевіч выкладаюць у школе зусім нядаўна, але ўжо дабіліся значных поспехаў у сваёй справе. Дар’я Іосіфаўна ўдзельнічае ў конкурсе “Новыя імёны Беларусі”, стварае персанальныя выставы, а таксама праводзіць майстар-класы разам з Валерыем Зыгмундавічам.

Пасля навучання ў педагагічным універсітэце імя М.Танка Дар’я пачала працаваць у Гальшанскай СШ і выкладаць дзецям Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, вучыць ганчарнай справе і незвычайным тэхнікам. Са сваімі вучнямі яна стварае сапраўдныя шэдэўры, якія захапляюць і натхняюць.

Дар’я расказвае, што дэкаратыўна-прыкладное мастацтва — цікавы, але даволі складаны занятак для “навічкоў”. Аднак яна радуецца, калі ў руках вучняў “вырастаюць” прыгожыя творы мастацтва. Вось нядаўна разам з навучэнцамі яны падрыхтавалі розныя вырабы ручной работы – магніцікі, свістулькі і іншыя рэчы на фестываль “Гальшанскі замак”, а сёння рыхтуюцца да мастацкага плэнэра, які прысвяцяць дню горада.

Дарэчы, дзякуючы праекту прыгранічнага супрацоўніцтва Беларусі, Літвы і Латвіі “Два бакі, адна гісторыя і культура”, у школе з’явіўся ганчарны круг і печ для абпалу керамікі. Менавіта гэтыя прылады дазволілі расшырыць мастацкі дыяпазон і працаваць у новых тэхніках.

Валерый Зыгмундавіч, акрамя заняткаў у школе мастацтваў, навучанні  ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў, іграе на ўдарных інструментах. Разам з калегам Віталем Віктаравічам Юрэвічам яны стварылі музычны дуэт.

Для настаўнікаў аддзялення красавік выдаўся творчым. Вучаніца Ашмянскай школы мастацтваў Аляксандра Лукашэвіч атрымала дыплом ІІ ступені на VІ Міжнародным дзіцяча-юнацкім конкурсе выяўленчага мастацтва “КрасаWeek” у намінацыі “дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”.

Другакласніца Аляксандра наведвае заняткі ў двух апантаных маладых педагогаў Дар’і Іосіфаўны Сярпейка і Валерыя Зыгмундавіча Ганевіча. Таму і на конкурс адправілі дзве працы ў намінацыях “жывапіс” і “дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”.

За работу “Беларускія матывы” атрымалі дыплом ІІ ступені. Над ёй Аляксандра разам з Дар’яй Іосіфаўнай працавалі тыдзень. У выніку карпатлівай працы атрымаўся прыгожы беларускі пейзаж – бусел, які ляціць над полем. Аздоблена работа беларускім арнаментам.

Нягледзячы на свой узрост (Аляксандры 11 гадоў), дзяўчынка стараецца не адставаць ад сваіх настаўнікаў – піша прыгожыя карціны разам з Валерыем Ганевічам, стварае невялічкія керамічныя і гліняныя “шэдэўры” з Дар’яй Сярпейка, а галоўнае, яна мае жаданне тварыць, нават калі нешта не атрымліваецца.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *