90-гадовы юбілей ветэрана з Ашмянскага раёна

Главное

Што можа параўнацца з вясной на вёсцы! Хіба што яшчэ адна вясна! Сёлетні травень-май ізноў закружыў галаву водарам яблыневага цвету, напоўніўшы бязмежны прастор тонкімі пахамі і гукамі. Нават самыя глухія (неперспектыўныя, як сказалі б сёння) вёскі ў такую пару прачынаюцца і з апошніх сіл хапаюцца за жыццё…

IMG_9707

Дзевяноста год назад на Ашмяншчыне стаяла такая ж вясна – вабная і жыццесцвярджальная, расквечаная ў ружова-бэзавы колер. Прыйшла яна ў Кастэчына, Юршаны, Погіры і іншыя навакольныя вёскі, што мясціліся недалёка ад Вільнскага гасцінца. У гэтых прыгожых мясцінах з’явіўся на свет у сям’і Заблоцкіх сын Казімір. Рос ён разам з дрэвамі, што густой сцяной акружалі Юршаны з розных бакоў. Сталеў, набіраўся сіл, на радасць перш за ўсё бацьку. Цешыла мужчынскае самалюбства думка, што падрастае ў яго спадкаемец, прадаўжальнік роду, працавіты і старанны хлопчык. Сястра Геня, малодшая за Казіка на тры гады, была пястухай і памочніцай маці.

Калі пачалася вайна, хлопец быў яшчэ падлеткам, таму ў войска яго не забралі. Васемнаццаць юнаку споўнілася акурат у год вызвалення роднай старонкі. Было гэта летам, а ўжо ўзімку Казіміра прызвалі ў войска. Пагрузілі групу мясцовых хлопцаў у вагон на ст. Солы і павезлі ў Беласток.

IMG_9710

І хаця на фронце Казімір Іванавіч Заблоцкі быў толькі паўгода, успаміны аб вайне засталіся на ўсё жыццё. Са снайперскай вінтоўкай прайшоў стралок 35-га пяхотнага палка 7-й дывізіі Войска польскага ад Познані да Асвенціма. Мерз і галадаў у зямлянках, прабіраўся балатамі да Одры. Падчас Усходне-Прускай аперацыі прымаў удзел у фарсіраванні Одэра і Нейсе, штурмаваў Кёнігсберг. У яго пляцаку заўсёды ляжала змена бялізны, аднак памыцца выпадала вельмі рэдка.

Ваяваў Казімір Іванавіч разам з хлопцамі з Ашмяншчыны. Разам з імі дзяліўся апошняй скарынкай хлеба. У хвіліны перадыху перад чарговым наступам успамінаў з землякамі родны край, марыў аб хуткім вяртанні дамоў. Не ва ўсіх ашмянцаў гэтыя мары спраўдзіліся. На вачах у Казіміра Іванавіча паранілі кулямётчыка Фелікса Багдановіча з Янканцаў. Толькі пасля вяртання з вайны ветэран даведаўся, што Фелікс у красавіку 1945 года прапаў без вестак.

У апошнія красавіцкія дні варожая куля дагнала і Заблоцкага. Пашчасціла салдату, што яго ўзялі да сябе ў танк чырвонаармейцы, якія давезлі раненага да бліжэйшага шпіталя. Тут параненыя ляжалі адзін на адным, не было нават дзе прыткнуцца. Занеслі Казіміра на насілках у халодны падвал, дзе ніхто да яго не падходзіў некалькі сутак. Дзікі боль нагі не даваў спакою ні на хвіліну. Толькі цудам байцу ўдалося выжыць. Праз два тыдні Заблоцкага накіравалі ў шпіталь у Кіеў, дзе ён сустрэў пераможны май.

Дома ён не мог надыхацца чыстым паветрам, нацешыцца роднай зямлёй. Хацелася бегчы насустрач сонцу, жыць, працаваць, марыць… Тут ён ажаніўся з мясцовай дзяўчынай Ганнай. У суседнім Кастэчыне пачаў будаваць хату. Разам з жонкай гадаваў чатырох дзяцей: Станіславу, Галіну, Янку і Віктара. Працаваў з Ганнай у мясцовым калгасе. Быў і паляводам, і трактарыстам, і падвозчыкам на ферме. Удваіх даглядалі яны ў Погірах пад 120 галоў цялят. Не ведалі спакою яго працавітыя ўвішныя рукі і дома.

IMG_9721

Дзевяноста год праляцелі як адзін дзень. Ужо пайшла на той свет гаспадыня. Няма сярод жывых сына Віктара. Жывуць за мяжой, у Літве, Станіслава, Галіна і Янак. Радуюць дзеда дзесяцёра ўнукаў, у якіх ужо таксама ёсць свае сем’і. З гаспадаркі застаўся ў ветэрана толькі сабака з катом. З кожным днем усё часцей далягае параненая нага, не хочуць слухацца рукі. Дапамагае ветэрану і скрашвае яго адзіноту часцей сацыяльны работнік Вольга Адашкевіч. З прыездам дзяцей і ўнукаў забываюцца хваробы. Тады аднекуль паяўляецца спрыт, шпарчэй ходзяць збалелыя ногі.

Узрадаваўся Казімір Іванавіч і прыезду гасцей з райцэнтра і Каменнага Логу. З дзевяностагоддзем павіншаваць шаноўнага юбіляра прыехалі старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Раіса Турлай і бухгалтар гэтай арганізацыі Аксана Людкевіч, старшыня Каменналогскага сельвыканкама Святлана Жалудкевіч, адказны сакратар райсавета ветэранаў Ганна Някрэвіч. У вялікім складзе наведалі ветэрана вучні і настаўнікі Цудзенішскага ВПК. Мар’ян Жэмло і Аляксандр Карчмін завіталі з дзевяцікласнікамі Дзмітрыем Андрыеўскім, Дзянісам Лакотам, Пятром Янкоўскім.

Усім захацелася не толькі павіншаваць віноўніка ўрачыстасці, але і сфатаграфавацца з мужным героем вайны. Папрасілі ветэрана дастаць святочны пінжак, дзе разам са шматлікімі юбілейнымі медалямі ганаровае месца займаюць ордэн Айчыннай вайны, медалі Жукава, “За баявыя заслугі”, “За адвагу”. На фоне партрэта юбіляра, напісанага ўнучкай Святланай, і здымка з раённага свята да Дня Перамогі зрабілі яшчэ адзін – на памяць аб цёплай сустрэчы, аб чарговым уроку мужнасці, які правёў сціплы працаўнік і чалавек вялікай душы Казімір Іванавіч Заблоцкі, подзвіг якога будзе жыць у вяках.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ і з архіва сям,і.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *