Фестываль «Гальшанскі замак» сабраў сяброў

Главное

Мінула больш за чатырыста гадоў з часоў, калі была закладзена першая цаглінка ў пабудову гальшанскага замка, якому калісьці прысвяціў свой верш Уладзімір Караткевіч. Але не толькі легенды і творы вядомых мастакоў, пісьменнікаў і паэтаў даюць замку новае жыццё, але і шчырыя і адкрытыя людзі, якія збіраюцца на сярэднявечнае свята ў мястэчка Гальшаны.

Изображение 034

У мінулую суботу на гальшанскай зямлі, як і некалькі стагоддзяў таму, зноў загучала сярэднявечная музыка, зноў ля сцен замка Сапегаў сабраліся рыцары ў даспехах, лучнікі і артысты вандроўнага тэатра…

У гальшанцаў і гасцей была выдатная магчымасць уявіць сябе жыхарамі старажытнага мястэчка, адчуць эпоху Сярэднявечча і рыцарства, купіць на памяць сувеніры і ўпрыгожванні народных майстроў, убачыць сапраўдныя рыцарскія турніры і выступленні музычных калектываў — усіх сабраў сёмы фестываль сярэднявечнай культуры “Гальшанскі замак”.

Изображение 047 Изображение 064

Традыцыйна свята пачалося з касцюміраванага шэсця ўдзельнікаў фестывалю і прадоўжылася выступленнем вандроўнага тэатра “Вір”. Таленавітыя артысты паўсталі перад гальшанцамі і гасцямі фестывалю ў вобразе гагылёў – пачвараў, якія адначасова вабяць і палохаюць. Дарэчы, новы спектакль “Жылі-быді Гагылі…” прыйшоўся даспадобы не толькі шматлікім дарослым гледачам, але і дзеткам, якія з захапленнем сачылі за героямі прадстаўлення.

Изображение 090 Изображение 094 Изображение 102

У сапраўдную атмасферу сярэднявечча перанеслі гасцей клубы гістарычнай рэканструкцыі з Мінска, Гродна, Ліды, Навагрудка, Маладзечна, Вілейкі і Рэчыцы. Удзельнікі клубаў размясціліся каля замчышча і арганізавалі сапраўдны палявы лагер, дзе была рэканструявана сярэднявечная атмасфера, касцюмы і побыт.

Пакуль рыцары рыхтаваліся да паядынкаў, госці фестывалю не сумавалі —  для іх былі праведзены майстар-класы: бітвы на мячах, кіданне дзідаў, нажоў і баявых дроцікаў. Незвычайным было і выступленне Гродзенскага клуба славянскіх адзінаборстваў “Арыдан”, а таксама турнір лучнікаў, удзел у якім прыняло каля трыццаці чалавек. Гледачы шчодра адорвалі ўдзельнікаў апладысментамі.

Звон мячоў, рыцарскай кальчугі і стрэлы з сярэднявечных гармат – сапраўдныя баталіі разгарнуліся ля руін замку. Пад цяжарам сапраўдных даспехаў рыцары паказвалі, як умеюць карыстацца кап’ём, мячом, дзідай і стрэламі, а таксама скакаць на кані. Вялікую цікавасць выклікалі конныя і рыцарскія турніры, бугурты ў выкананні конна-спартыўнага клуба “Залатая шпора”. Але часы кравапралітных турніраў засталіся ў мінулым, цяпер – толькі казка, у якую паклікаў фестываль!

Изображение 338 Изображение 337 Изображение 263 Изображение 228

Павольныя шпацыры чароўных дзяўчат у касцюмах сярэднявечных, жывая музыка і танцы – святочная атмасфера панавала паўсюль. Гасцей фестывалю закружылі ў танцах ўдзельнікі калектыву Soleil і дуэта “Дзівабор” пад акампанемент дуды, а таксама  гурту з Ліды “Скудрынка”. Дзякуючы майстар-класу, усмешкам і таленту гэтых калектываў можна было спаўна адчуць дух сярэднявечнай эпохі.

Сваё майстэрства гледачам прадэманстравалі і рамеснікі: кавалі, ганчары, разьбяры — народныя майстры і ўмельцы, вырабы якіх можна было ўбачыць і набыць на кірмашы. Драўляны посуд, плеценыя з лазы кошыкі, карціны мясцовых мастакоў, сувеніры з выявамі вядомых гістарычных мясцін, мяккія цацкі, нібыта жывыя лялькі, посуд з гліны, жаночыя ўпрыгожванні і скураныя рэчы кожны мог набыць на памяць аб фестывалі.

Изображение 187

Для ўсіх жадаючых былі арганізаваны майстар-класы па традыцыйных рамёствах. Госці маглі паласавацца стравамі мясцовых гаспадынь, навучыцца завязваць хусткі і шалікі, паўдзельнічаць у розных паядынках і турнірах, пакатацца на кані, вычаканіць сапраўдную “шчаслівую” манетку і сваімі рукамі зляпіць гліняны збан.

Изображение 441 Изображение 413 Изображение 407

Асаблівасцю сёлетняга фестывалю было выступленне трупы Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Фольк-опера “Адвечная песня” — унікальны сінтэз народных матываў і рок-музыкі. Гэта спектакль пра жыццё нашых продкаў, пра лёс чалавека ад нараджэння да смерці, спектакль пра тых, хто даў нам жыццё, сілу, годнасць і веру. Напрыканцы гэтай гісторыі невядома адкуль наляцеў дождж, але зачараваныя выступленнем і задуменныя людзі, не спяшаліся хавацца пад парасоны ці ўцякаць.

Вечарам музычныя гурты NEVRIDA і Hardwood падарылі ўсім прысутным свае лепшыя песні  і добры настрой. Сярэднявечную дыскатэку прадоўжыла выступленне гурту PAWA, які спалучае ў сваёй творчасці традыцыйную фальклорную і сучасную электронную музыку.

Завяршыла фестываль непадобнае да леташніх, вогненнае прадстаўленне калектыву “Жывыя агні” з горада Бранска, які трымаў у захапленні ўсіх гасцей фестывалю да канца выступлення.

Цэлы месяц напярэдадні фестывалю праходзіў фотаконкурс “Каменная кветка”, які быў прысвечаны помніку архітэктуры – Гальшанскаму замку. Дыпломы і падарункі за лепшыя працы атрымалі Вераніка Ляўкоўская, Дзмітрый Маліноўскі і Аляксандра Грыбоўская.

Уражаныя фестывалем госці паабяцалі сабрацца на Гальшаншчыне ў наступным годзе.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

IMG_7290Людміла Каханоўская, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ашмянскага райвыканкама:

— Мы адышлі ад афіцыйнай часткі з прывітаннямі ад кіраўніцтва раёна. Фестваль – гэта свята, адпачынак для жыхароў і гасцей мястэчка. Тым не менш афіцыйныя асобы, прадстаўнічая дэлегацыя з Польшчы тут таксама прысутнічаюць, але ў ролі гасцей.

У гэтым годзе распачалася дабрачынная акцыя па зборы сродкаў на аднаўленне паўночнай вежы замка, якая атрымала назву «Будуем замак разам». Кожны, хто падчас фестывалю ахвяраваў хоць невялікую суму грошай, удзельнічаў у сімвалічным будаўніцтве вежы — дадаваў невялікую цаглінку да макета старажытнага будынка.

 

Алена БраИзображение 190зоўская, госця фестывалю з Мінска:

— На фестываль сярэднявечнай культуры я прыехала ўпершыню. У Гальшанах жывуць мае сваякі, таму я нярэдка прыязджаю сюды. Прыемна бачыць, што на замчышчы кіпіць жыццё. Фестываль дазваляе не забываць пра архітэктурныя помнікі і берагчы нашу багатую спадчыну.

Вельмі прыемна было адчуваць сябе часцінкай фестывальнага свята разам са шчырымі і цікавымі людзьмі, якія стварылі цёплую і сяброўскую атмасферу. Мне асабліва спадабаліся рыцарскія турніры і спектакль “Адвечная песня”.

 

Мікіта Карчэўскі, удзельнік вандроўнага тэатра “Вір”:

— Наш тэатр толькі ў мінулым годзе пачаў ездзіць на беларускія фестывалі. Адразу мы трапілі ў Гальшаны,Изображение 17023 пасля – у Вілейку, хутка адправімся ў Браслаў. Сёлета мы прадставілі гледачам спектакль “Жылі-былі Гагылі…”.  Гэта гісторыя адбылася ў адным з невялікіх гарадоў Вялікага Княства Літоўскага. Звычайны дзень, звычайныя людзі. Але раптам усё змяняецца, бо ў горад прыходзяць гагылі… Чаму яны выйшлі са сваіх лясоў, чаму зацікавіліся горадам, як сустрэлі іх звычайныя людзі – гэта вы ўбачылі ў нашым спектаклі.

Ідэі мы бяром з галавы – сядаем і арганізоўваем “мазгавы штурм”, калектыўна прыдумляем касцюмы і дэкарацыі.

На фестывалі кожны жадаючы змог навучыцца хадзіць на хадулях. Дарэчы, хадзіць на іх —  гэта тое самае, што хадзіць на нагах – спачатку ты таксама не ўмееш гэта рабіць, а пасля вучышся, практыкуешся і не адчуваеш, што ты ходзіш на гэтых канструкцыях.

 

Уладзімір Сарокін, майстар, разьбяр па дрэве:

Изображение 186— На фестываль “Гальшанскі замак” мы з жонкай Аленай прыехалі ўпершыню. Сярэднявечнае свята атрымалася незвычайна добрым і шчырым.

На фестываль я прывез некалькі калекцый лыжак. Іх звычайна вырабляю з таполі, вольхі, асіны. Праўда, больш паддаецца разьбе ліпа – “першае” дрэва для рэзчыка.

Сёння любы жадаючы змог убачыць, як робяцца драўляныя лыжкі  — спачатку нарыхтоўка сякерай, затым у справу ідзе разец, а далей шліфоўка амаль гатовых рэчаў. У Гальшаны мы прывезлі і плеценыя кошыкі, якія стварыў знаёмы майстар.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *