Словы ўдзячнасці і падарункі ашмянскім ветэранам

Да 70-годдзя Вялікай Перамогі

Усё далей у глыб гісторыі сыходзяць падзеі Вялікай Айчыннай вайны, але ніколі не знікнуць з памяці людзей мужнасць і гераізм нашых ветэранаў, самаадданая праца тых, хто застаўся ў тыле, хто перанёс пакуты фашысцкіх канцлагераў…

DSCN9253
Напярэдадні свята Вялікай Перамогі ў госці да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны завіталі старшыня райвыканкама Міраслаў Сарасек, яго намеснікі Аляксандр Саванец і Галіна Люткоўская, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Галіна Яшына, старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Бельчанка, старшыня раённага аб’яднання арганізацый і прафсаюзаў Юрый Карповіч і ваенны камісар райваенкамата падпалкоўнік Аляксандр Ляўкоўскі.

DSCN9263
Сёння на Ашмяншчыне жыве пятнаццаць ветэранаў. Нягледзячы на ўзрост, яны маладыя душой і бадзёрыя. Менавіта гэтыя мужчыны і жанчыны сімвалізуюць гераічнасць і непакорнасць нашага народа. Яны – чырвоная нітка, якая злучае пакаленні і захоўвае ў памяці подзвіг герояў.
З нагоды Дня Перамогі Міраслаў Эдмундавіч Сарасек павіншаваў герояў, падзякаваў за подзвіг, мужнасць і гераізм, распытаў пажылых людзей аб іх надзённых справах і праблемах. Ветэраны дзякавалі за віншаванні, успаміналі падзеі ваенных гадоў і дзяліліся не толькі паўсядзённымі клопатамі, але і сваім вопытам і мудрасцю.

DSCN9282
У гэты дзень ветэраны пачулі шмат цёплых слоў і пажаданняў не толькі ад гасцей, але і ад сваіх блізкіх і родных. Акрамя слоў удзячнасці і вясновых кветак, ветэранам уручылі падарункі ад раённых арганізацый — “Белая Русь”, мясакамбіната, сыраробнага завода і “Белкава”, а таксама гандлёвай сеткі “Евроторг”.
Не засталіся ў баку ад майскага свята і старшыні сельвыканкамаў, якія ў вёсках і аграгарадках разам са сведкамі вайны ўспомнілі той гераічны час і аддалі даніну памяці героям.
Ніколі не сцерці з памяці ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны абпаленыя вайной гады. Аб іх мужнасці і стойкасці гавораць баявыя ўзнагароды. Няхай наша пакаленне не застала герояў у самым росквіце гадоў, але мы ганарымся іх подзвігам і жыццём, годным для пераймання.
Кацярына РУДЗІК.
Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *