У Барунах “Вясновы вернісаж”

Год культуры в Ошмянском районе Культура

Прыход вясны – гэта не толькі яркія фарбы і пачуцці, абуджэнне прыроды і доўгачаканае цяпло. Найперш – гэта новыя гукі, спачатку – кволыя, ледзь чутныя, а з кожным днём усё больш выразныя і густыя. Да шэпту капяжу і ручаёў далучаюцца птушкі. Музыку вясны падхопліваюць пчолы: пачынаюць зумкаць над першацветамі, а пасля ўжо і лістота на дрэвах заводзіць гаворку з ветрыкам. І ўтвараецца цэлы інструментальны аркестр, які, здаецца, слухаў бы і слухаў.

DSC_1674

У гэтым годзе да мелодый вясны далучыліся класы Гальшанскай дзіцячай музычнай школы, якія адчынены ў Барунах. Гаспадыня філіялу, настаўнік музыкі Наталля Генадзьеўна Ёрш арганізавала фестываль-конкурс вакальнага мастацтва “Вясновы вернісаж”. Гэта мерапрыемства для 29 барунскіх дзяцей, што тут займаюцца музыкай, стала сапраўдным святам. У госці былі запрошаны і выхаванцы школы мастацтваў з Гальшан разам са сваімі настаўнікамі. У зале сабралася шмат гледачоў. Падтрымаць канкурсантаў прыйшлі сябры і бацькі.

Юныя вакалісты хваляваліся. Вядома ж, не ўсе яны выступалі раней перад такой аўдыторыяй. Ад хвалявання па-здрадніцку дрыжаў голас. Але гэта толькі на самым пачатку, бо і гледачы, і члены журы на чале з дырэктарам Гальшанскай школы мастацтваў Наталляй Віктараўнай Трот з прыязнасцю ставіліся да кожнага выканаўцы.

Большасць песень конкурснай праграмы была прысвечана вясне і цалкам адпавядала назве конкурса: “Сонечны капеж”, “Гімн вясне”, “Добры дзень, сонейка”, “Свята вясновае”… Добры настрой стварыў у зале вучань другога класа Гальшанскай ДШМ Аляксандр Догель (настаўнік Уладзімір Паўлавіч Гайдукевіч), які выканаў песню “Я встретил девушку”. А вось трэцякласнік Дзмітрый Бараноўскі (настаўнік Павел Іосіфавіч Дыско) саспяваў складаную па кампазіцыі беларускую народную песню “Колькі ў небе зор” пад уласны акампанемент: хлопчык вучыцца іграць на баяне. Прыемна было назіраць, як хвалявалася за юнага віртуоза яго бабуля: яна адклала свае справы і прыйшла падтрымаць унука.

Вакальнае майстэрства дзяцей было прадстаўлена ў некалькіх намінацыях: “Сольнае выкананне” (у чатырох узроставых групах), “Вакальны дуэт” і “Вакальны ансамбль”. На конкурсе-фестывалі былі вызначаны і пераможцы, і прызёры, прайграўшых не было. Кожны ўдзельнік музычнага свята быў адзначаны прыгожым, спецыяльна да фестывалю падрыхтаваным, дыпломам і салодкім прызам. Добрыя словы кожнаму ўдзельніку конкурсу знайшла Наталля Віктараўна Трот. Дыпломы за першае месца былі ўручаны Ганне Станулевіч, Паліне Пашкоўскай, Дар’і Паршутовіч, Анастасіі Шчарбаковай, Анастасіі Адашкевіч, Дар’і Гнаінскай, вакальным дуэтам у складзе Ганны Станулевіч і Паліны Пашкоўскай, Ганны Петрыной і Караліны Адашкевіч. Высокі ўзровень паказалі вакальныя ансамблі. Першае месца раздзялілі ансамбль у складзе Вольгі Казлоўскай, Аляксандры Снігірэвіч, Дзіяны Мацкевіч, Вікторыі Завадскай і “Элегія”: Анастасія Адашкевіч, Надзея Догель, Анастасія Шчарбакова, Ганна Петрына і Караліна Адашкевіч.

Задаволены выступленнем сваіх выхаванцаў засталіся настаўнікі Наталля Генадзьеўна Ёрш, Святлана Уладзіміраўна Шыдлоўская, Ларыса Валер’еўна Касцючэнка, Анастасія Іванаўна Калядка, Павел Іосіфавіч Дыско, Вікторыя Аляксандраўна Малахава, Уладзімір Паўлавіч Гайдукевіч, Наталля Канстанцінаўна Каспяровіч.

Аліна САНЮК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *