Гальшанскія званы

Главное

На працягу стагоддзяў званы суправаджалі сваім гучаннем жыццё народа, стаўшы за гэты час часткай нашай культурнай спадчыны. Яны размервалі цячэнне дзён, склікалі вернікаў на набажэнства, суправаджалі людзей у хвіліны смутку і ў час святочных урачыстасцей.

Касцёл у Гальшанах мал. Б.Тамашэвіча, не пазней 1896г.
Касцёл у Гальшанах мал. Б.Тамашэвіча, не пазней 1896г.

У кожным беларускім мястэчку з царквой і касцёлам, да якіх належаць і Гальшаны, асаблівы музычны каларыт стварае нядзельны перазвон хрысціянскіх святыняў. Калі ўважліва прыслухацца — мелодыя і тэмбр гучання званоў розных канфесій мае свае асаблівасці. Аднолькавыя па знешнім выглядзе, яны па-рознаму дзейнічаюць. У касцёле вагаецца корпус звана і дакранаецца да «языка», які ў заходняй традыцыі мае яшчэ назву «сэрца». А ў праваслаўным храме наадварот: «язык» б’е па нерухомым корпусе звана і такім чынам утвараецца гук. У любым выпадку местачковае гучанне званоў нікога не пакідае абыякавым, прыцягвае ўвагу жыхароў і гасцей Гальшан.

Звон гальшанскай Свята-Георгіеўскай царквы
Звон гальшанскай Свята-Георгіеўскай царквы

Пакуль дакладна невядома, калі званы ўпершыню з’явіліся на ашмянскай зямлі. З пабудовай тут першых хрысціянскіх святыняў праўдападобна з’яўленне і званоў, але пра гэта пакуль не знойдзена пісьмовых пацвярджэнняў. Адна з першых згадак пра звон на Ашмяншчыне адносіцца да Гальшан і пазначана 1618 годам. У гэтым годзе для змураванага францішканскага касцёла яго фундатар Павел Сапега адліў на свае сродкі і падарыў вялікі звон з лацінамоўным надпісам: «Павел Сапега, уладальнік Гальшанаў, падканцлер ВКЛ».

Як вядома, у мінулым званы папярэджвалі насельніцтва аб розных бедах і войнах. У сваю чаргу, ваенныя падзеі не шкадавалі не толькі мясцовы люд, але і «прадвеснікаў» гэтых гаротных ліхалеццяў. Таму самымі трагічнымі старонкамі ў лёсе гальшанскіх званоў запісаны гады войнаў, асабліва Першай сусветнай.

Перад захопам ворагам краю, згодна з асобым загадам Галоўнакамандуючага арміямі Паўночна-Заходняга рускага фронту, з 28 (10.08) ліпеня 1915 года пачынаецца эвакуацыя званоў хрысціянскіх храмаў. Даволі цікавая інфармацыя аб мерапрыемстве знаходзіцца ў дадатковым абвяшчэнні Галоўнакамандуючага Дзвінскай ваеннай акругі генерала Туманава ад 1(14) жніўня 1915 года. У ім адзначана, што зняцце званоў з усіх праваслаўных, каталіцкіх і лютэранскіх святыняў і вываз іх у глыб Расійскай імперыі праводзіцца «з той мэтай, каб вораг наш, вырабляючы з медзі гэтых званоў снарады, не мог забіваць імі нашых сыноў, братоў і іншых родных». Планавалася ўсе знятыя званы, калі міне небяспека, вярнуць на ранейшыя месцы. З гэтай мэтай рабіўся іх падрабязны вопіс, прымацоўваліся спецыяльныя інфармацыйныя карткі, у некаторых мясцінах наносілі фарбай назву паселішча на корпус. Парафіі было дадзена права выбраць адзін з манастыроў у Маскве ці іншым суседнім расійскім горадзе, і дазваляўся перавоз туды званоў па чыгунцы ў суправаджэнні двух парафіян.

Царква ў час Першай сусветнай вайны
Царква ў час Першай сусветнай вайны

У Маладзечанскім занальным архіве, у справе пра кампенсацыю страт, якія былі нанесены мясцовай парафіі ў 1915 годзе, знаходзіцца пратакол аб выдачы званоў Гальшанскага рыма-каталіцкага касцёла. Іх выдаў 22 (04.08) жніўня 1915 года ксёндз Эдуард Вайцяхоўскі «па патрабаванні мясцовага паліцэйскага ўрадніка 5 стану Ашмянскага ўезда Віленскай губерніі, на падставе копіі тэлеграмы Галоўнага начальніка акругі ад 21-га жніўня». Самым каштоўным у архіўным дакуменце з’яўляецца той факт, што ўсе тры званы дакладна апісаны. Большы (за 400 кг) звон меў надпіс, які сведчыў, што ён быў пераліты ў 1883 годзе з ранейшага звана Паўла Сапегі 1725 года адліву. Другі звон, вагай 80 кг, меў надпіс: «У гонар Святога Францішка адліты Года Божага 1883». Гэтыя два званы паходзілі з ліцейнага завода ў Ражане Макоўскага павета. Трэці звон (245 кг) быў адліты парафіяй у 1806 годзе ў вядомай Віленскай людвісарні (ліцейная майстэрня) Яна Самуэля Вагнера, пра што сведчыў адпаведны запіс на яго баку. З другіх крыніц сталі вядомы іншыя памеры гэтага звана: вышыня яго складала 56 см, а дыяметр – 67 см.

Не менш цікавыя і каштоўныя званы летам 1915 года былі вывезены з Гальшанскай Свята-Георгіеўскай і могілкавай Узнясенскай цэркваў. У вопісе храмаў за 1893 год, якімі шчыра падзялілася шаноўная Таццяна Лаўрыновіч, прысутнічаюць наступныя звесткі пра царкоўныя званы. Першы, 160-кілаграмовы звон Георгіеўскай царквы быў адліты на знакамітым маскоўскім заводзе Самгіна ў 1872 годзе за грошы прыхаджан і каштаваў 200 рублёў. На ім прысутнічаў відарыс Божай Маці і меўся надпіс: «Усердиемъ и стараниемъ прихожанъ». Другі і трэці звон паходзілі з той жа майстэрні Самгіна і важылі адпаведна 100 і 22 кілаграмы. Знаходзіўся таксама адзін звон на могілкавай царкве. Што цікава, яшчэ раней, у 1848 годзе стараннямі святара Іаана Міхайлоўскага была пабудавана прыпісная Гальшанская царква, у якой не было званіцы, а на двух слупах знаходзіліся тры званы. Адліты яны былі ў 1661, 1758 і 1778 гадах. Іх лёс пакуль пакрыты таямніцай.

На вялікі жаль, у тыя жнівеньскія дні сціхлі галасы званоў не толькі ў гальшанскай старонцы, але і ў іншых хрысціянскіх святынях Ашмянскага краю. Пазнейшая грамадзянская вайна і татальная антырэлігійная кампанія ў Расіі назаўсёды знішчаць усе напаміны пра існаванне гэтых унікальных помнікаў культуры. Больш яны ніколі не вернуцца на свае спрадвечныя месцы на званіцах.

У міжваенны перыяд мінулага стагоддзя пачынаецца ўзнаўленне пашкоджаных вайною храмаў, а гэта значыць і набыццё новых званоў для хрысціянскіх святыняў. Другая сусветная вайна, а ўслед за ёй непрыхільнае стаўленне да рэлігіі ў былых заходнебеларускіх мястэчках прыносяць гальшанскім вернікам новыя трывогі за лёс званоў. Але, як кажуць, дзякуй Богу, у гэтыя нялёгкія часы ім пашчасціла не згінуць і захавацца да цяперашніх дзён.

Касцельная брама-званніца
Касцельная брама-званніца

Дзякуючы дапамозе руплівага збіральніка памятак пра гістарычнае мінулае Гальшанскага рэгіёна Валянціны Лабунінай, сталі вядомы наступныя звесткі пра сённяшні стан званоў гальшанскіх храмаў. Званіцу Свята-Георгіеўскай царквы ўпрыгожваюць тры званы. Большы з іх важыць 410 кілаграмаў і мае наступны надпіс: «Благословением Божим и старанием протоиерея Владимира Юзьвюка, пана Александра Ягмина и доброхотных жертвователей прихода отлит сей колокол в 1927 году в г. Волыни в литейном цехе братьев Фельчинских». З вядомай ліцейнай майстэрні звон быў дастаўлены ў царкву праз станцыю Багданаў, дзякуючы намаганням тагачаснага святара У. Юзьвюка і апошняга ўладальніка Гальшанскага замка А. Ягміна. Два іншыя царкоўныя званы не маюць надпісаў і пакуль цяжка прасачыць іх гісторыю.

На браме-званіцы касцёла святога Іаана Хрысціцеля, таксама як і ў царкве, сёння знаходзяцца тры званы. Большы звон мае польскамоўны надпіс «Маё імя Марыя». Ён быў адліты братамі Фельчынскімі ў 1930 годзе ў г.Перамышль. Другі звон быў адліты ў 1930 годзе за грошы парафіян і пробашча Яна Матулевіча. На ім надпіс: «Святы Ян Хрысціцель, будзь апекуном парафіі Гальшанскай і ксяндза-пробашча». Цікавасць прадстаўляе трэці звон з выявай «Хрышчэнне Ісуса». Адліты ён быў у 1854 годзе, перажыў бурлівае XX стагоддзе і на сённяшні дзень з’яўляецца адным з самых старэйшых па часе выканання званоў у Ашмянскім раёне.

Як раней, так і цяпер звон запрашае вернікаў на набажэнства ў храмы, суправаджае іх падчас рэлігійных свят. Звоняць званы, калі развітваюцца з нябожчыкам ці праводзяцца крыжовыя шляхі… Спакон вякоў існавала такая традыцыя ў нашых продкаў, захавалася яна да нашых дзён. Ёсць вера, што будзе існаваць і ў будучым.

Уладзімір ПРЫХАЧ.

 



2 комментария по теме “Гальшанскія званы

  1. Шыкоўны матэрыял ! Дзякуй Уладзіміру Прыхачу і далейшых поспехаў яму.!

  2. Дзякуй за добрае слоўца! Дзякуй і рэдакцыі — за такую магчымасць!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *