Стараверскія Гедэйкі

Главное

З даўніх часоў у нашым краі побач жылі каталікі і праваслаўныя, мусульмане і іўдзеі, пратэстанты і стараверы. Такое суіснаванне патрабавала талерантных адносінаў да веры суседзяў, выпрацоўвала паразуменне паміж прадстаўнікамі розных рэлігій, узбагачала культурную прастору краю. На жаль, віхуры войнаў і ідэалагічнага ўціску мінулага XX стагоддзя нанеслі значныя страты мясцовым рэлігійным канфесіям. Калі адны з іх вытрымалі ціск, выстаялі і адрадзіліся, іншым было наканавана сысці з гэтай тэрыторыі ў нябыт, пакінуўшы толькі памяць пра сябе. Такі сумны лёс напаткаў старавераў, і пра іх лёс гэты аповед.

Карта 1935 года з месцам малельні старавераў у Гедэйках
Карта 1935 года з месцам малельні старавераў у Гедэйках

У выніку царкоўных рэформаў XVII стагоддзя, якія стаў праводзіць Патрыярх Нікан, адбыўся “раскол” сярод вернікаў і ад афіцыйнай праваслаўнай царквы аддзяліліся прыхільнікі старой веры ці “стараверы”. Яны не пажадалі прымаць ніканаўскіх новаўвядзенняў, і таму іх прымусілі пакінуць свае родныя мясціны, шукаць лепшай долі на чужыне. Зберагаючы не столькі сваё жыццё, колькі веру, пры якой яны нарадзіліся і да якой належалі іх продкі, гэтыя вернікі апынуліся ў нашым краі.

На новым месцы жыхарства стараверы змаглі захаваць сваю мараль, рэлігійныя абрады і традыцыі, якія дасягалі часоў хрышчэння Русі. Іх культура і мова, як і ўсё духоўнае жыццё, вылучаюць новых насельнікаў сярод тутэйшага люду. Яны захоўваюць старую абраднасць у выглядзе 2-пальцавага хрышчэння, двайнога алілуйя, паясных і зямных паклонаў у час набажэнстваў, якія ў святы доўжацца да 6 гадзін. Шануюць вернікі старажытныя абразы і кнігі, васьміканцовы крыж…

Гедэйкі. Фота вяселля
Гедэйкі. Фота вяселля

Мужчын-старавераў можна было пазнаць па багатых бародах, якія пасля 33 гадоў нельга было стрыгчы. З-за гэтага старавераў часта называлі бурлакамі, хаця нічога агульнага яны з імі не мелі. Яшчэ адной асаблівасцю старавераў была наступная традыцыя. Калі чужынец зойдзе да іх дамоў і папросіць напіцца, яму пададуць ваду ў новай шклянцы, а потым яе прыбяруць. Ніколі не дадуць той кубак, якім карысталіся самі. Гэта адгалосак мінуўшчыны, калі эпідэміі хвароб лёгка маглі знішчыць замкнутую абшчыну ад аднаго такога неасцярожнага кантакту са знешнім светам.

Пакуль дакладна невядома, калі перасяліліся на ашмянскія землі праваслаўныя раскольнікі. З архіўных крыніц вядома, што ў XIX стагоддзі ўжо існавалі тры стараверскія асяродкі на тэрыторыі Ашмянскага ўезда Віленскай губерніі. У Гальшанскай воласці знаходзілася абшчына ў Масцішах каля Вайган, да Куцавіцкай воласці належала Новая Слабада, а ў Граўжышскай воласці былі абжыты Гедэйкі. Пры пазнейшым падзеле тэрыторыі павета яны адпаведна трапілі ў Валожынскі, Смаргонскі і Ашмянскі раёны. У Масцішскай і Слабадской абшчынах пражывалі стараверы-беспапоўцы феадасееўскага сагласу, а ў Гедэйках вернікі адносіліся да старавераў-паморцаў.

У Маладзечанскім занальным архіве захоўваецца даволі цікавая справа аб тым, што пасля Першай сусветнай вайны ў Куцавіцкай гміне існавалі яшчэ адны стараверскія могілкі. Знаходзіліся яны каля вёскі Сарокішкі і іх пашкоджанне складала 80 працэнтаў. Пакуль іншых звестак пра могілкі і пра пасяленне ў гэтай мясцовасці старавераў не знойдзена, таму далейшы пошук у гэтым накірунку можа прывесці да адкрыцця новага стараверскага цэнтра.

Па невядомых прычынах у сваёй грунтоўнай працы “Павет Ашмянскі” Чэслаў Янкоўскі не ўзгадвае пра гедэйкаўскіх старавераў. У даследаванні паважаны летапісец краю з дапамогай матэрыялаў мясцовай шляхты падрабязна распавёў гісторыю Гедэек з пачатку XVI стагоддзя. Краязнаўца адзначыў былых уладальнікаў паселішча, гісторыі пераходаў маёнтка ад адных уладальнікаў да другіх, нават прывёў стан маёнтка па інвентары 1655 года.

Дарэчы, у манаграфіі Ч. Янкоўскага можна ўдакладніць месца нараджэння контр-адмірала Ксаверыя Чарніцкага. Яго бацька валодаў невялікай часткай Гедэек, якая мела назву Матаўшчына, тут у 1882 годзе з’явіўся на свет вядомы ў будучым ваенна-марскі афіцэр і судабудаўнічы інжынер.

Шкада, што звесткі пра стараверскія Гедэйкі не трапілі на старонкі “Павета Ашмянскага”, але ў іншых крыніцах можна знайсці жменьку фактаў пра прышлых насельнікаў гэтай мясціны. Стараверы пры выбары новага месца жыхарства аддаюць перавагу маладаступным, незаселеным і глухім куткам краю. Сведчыць пра гэта інфармацыя са “Слоўніка геаграфічнага Каралеўства Польскага”, дзе адзначана, што Гедэйкі былі размешчаны глыбока ў лесе, пры балотных мясцінах вытоку рэчкі Мерачанкі.

Мясцовая абшчына ў 1885 годзе ўзводзіць тут першую драўляную малельню – рэлігійную святыню старавераў. Праз тры гады ў новым храме быў ахрышчаны бацька класіка беларускай літаратуры Пімена Панчанкі. Імя яго бацькі Амелі, ці Емяльяна і дзеда Арцёма нагадваюць пра стараверскі радавод пісьменніка. Сярод распаўсюджаных гедэйкаўскіх прозвішчаў можна таксама прывесці такія, як Герасімчык, Градабой, Панцялеевіч, Сіўко, Рыбак, Кісялёў, Курашоў, Антонаў.

Пасля выдання ўказу ад 17 красавіка 1905 года “Аб умацаванні пачаткаў верацярпімасці” пашыраецца прававое становішча старавераў, ім дазваляецца будаваць новыя малельні і адкрываць прыходы. У наступным годзе выходзіць закон, па якім стараверскія абшчыны атрымоўваюць юрыдычныя правы, іх духоўныя асобы прыраўніваюцца да святароў іншых “цярпімых” рэлігій. Усе гэтыя змены сталі асновай актывізацыі жыцця старавераў, у 1910 годзе Гедэйкаўская абшчына прайшла рэгістрацыю і набыла статус юрыдычнай асобы. У яе склад уваходзяць акрамя Гедэек вёскі Грымалоўшчына, Лапейкі, Андрэйкішкі, Растоўшчына, шматлікія стараверскія хутары.

Асаблівы ўздым назіраецца ў гэтым кутку Ашмянскага краю ў міжваенны перыяд мінулага стагоддзя. Архіўныя крыніцы міністэрства веравызнанняў і грамадскай асветы сведчаць аб тым, што ў межах Польскай дзяржавы ў 1937 годзе існавала 48 абшчын старавераў, у якіх налічвалася 49700 вернікаў. З гэтай колькасці ў Віленскім ваяводстве жыло 42777 старавераў. З 1930 па 1937 год прырост вернікаў у Ашмянскім павеце, у тым ліку і ў Гедэйкаўскай абшчыне, складаў не менш 11 працэнтаў. Тагачасная колькасць жыхароў абшчыны вагаецца ў межах ад 300 да 400 чалавек.

Перад Другой сусветнай вайной распачынаецца будаўніцтва новай малельні, так як старая царква паступова разбуралася і патрабавала кардынальнай рэстаўрацыі. Мясцовыя старажылы памятаюць, што новая драўляная святыня мела званіцу, была прасторнай, пакрыта гонтай. Па іх ўспамінах у 1958 годзе яна ўжо не існавала, а вернікі, якія тут засталіся, наведвалі малельню ў Масцішах.

Па звестках за 1937 год духоўнікам Гедэйкаўскай абшчыны быў Іван Зубкоў, у склад прэзідыўма абшчыны ўваходзілі А.Сініцын, Г.Каваленка. Асоба настаўніка абшчыны была паважанай і шанаванай не толькі ў мясцовых вернікаў, але яго добра ведалі за межамі рэгіёна. Нарадзіўся І.Зубкоў 19 мая 1872 года, асвечаны ў сан духоўніка 8 красавіка 1923 года, да сваёй смерці спраўна выконваў душпастырскія абавязкі. Пахаваны на масцішскім могільніку. Мясцовыя старажылы прыгадвалі трагічную гісторыю пра забойства бандытамі двух сыноў святара ў 50-х гадах мінулага стагоддзя.

У пасляваенныя гады наступілі найгоршыя часы ў існаванні Гедэйкаўскай абшчыны. Напрыканцы 50-х гадоў у Стульгінскім сельсавеце, куды ўваходзілі Гедэйкі, пачынаецца калектывізацыя гаспадаркі. У чарговы раз мясцовыя прыхільнікі старой веры не прымаюць новаўвядзенняў і шукаюць выйсця. Вернікі вырашаюць пакінуць абжытыя мясціны і перабрацца ў Літву, дзе прымус да ўступлення ў калгасы быў не такі гвалтоўны, прысутнічала падтрымка адзінаверцаў. Пацвярджэнне гэтаму факту знаходзіцца ў гаспадарчай кнізе за 1952-1954 г.г., якая захоўваецца ў Крэйванцаўскім сельсавеце. У ёй адзначана, што жыхары Гедэек у гэты час пачалі масава “ўбываць ў Літву”. Верагодна, паспрыяла ад’езду насельніцтва смерць Сталіна і наступіўшы частковы дазвол на выбар новага месца жыхарства.

За непрацяглы час з’ехалі жыхары, апусцелі хутары і вёскі, зніклі пабудовы, загінула царква. У наш час малапрыкметная грэбля ад дарогі, здзічэлыя сады, раскіданае каменне ад падмуркаў і мясцовы могільнік застаюцца ў той мясціне апошнімі сумнымі памяткамі былога непаўторнага жыцця.

Асобна трэба адзначыць, што таксама не вытрымалі выпрабаванне часам стараверскія асяродкі ў Слабадзе і Масцішах. Трагічнай старонкай упісаны ў гісторыю слабадской малельні 1966 год, калі былі разбураны вежа-званіца і дах храма. Сцены малельні перавезлі ў іншае месца і прыстасавалі пад сельскі клуб. Але хутка ў новую пабудову трапіла маланка і, як адзначылі вернікі, — “гэта была Божая кара за знявечаную святыню”. У 2009 годзе на месцы былой малельні быў усталяваны і асвечаны вялікі васьміканцовы крыж. Сёння ў Слабадзе стала пражываюць два чалавекі. Масцішская драўляная стараабрадавая царква Успення Прасвятой Багародзіцы, 1935 года пабудовы, збераглася да нашых дзён. Вось толькі ўсяго некалькі мясцовых прыхаджан у Масцішах сёння аберагаюць памяць пра былы славуты асяродак старавераў.

Некалькі год таму, падчас краязнаўчай вандроўкі ў Гедэйкі, больш за ўсё ўразіў і запаў мне ў памяць скалечаны магутны клён у чыстым полі. Сёння гэтае адзінокае дрэва з’яляецца не толькі добрым арыенцірам, па якім можна вызначыць месцазнаходжанне былой гедэйкаўскай малельні, але і сімвалічным напамінам пра лёс адной з плыняў хрысціянства на Ашмяншчыне.

Уладзімір ПРЫХАЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *