Бацька і сын Мікішкі будуюць дарогі разам

Главное

Вядома, што паспяховасць любога прадпрыемства залежыць перш за ўсё ад людзей – тых, хто, не звяртаючы ўвагі на час, аддае сябе любімай справе. У дарожнай галіне Ашмянскага раёна ёсць свае працоўныя дынастыі, якія ўсё жыццё прысвяцілі дарогам Беларусі. Адна з такіх дынастый – дарожнікі Мікішкі, якія працуюць у дарожна-будаўнічым прадпрыемстве №28.

IMG_6351

Дарога — гэта своеасаблівы складаны механізм, які патрабуе ад людзей, якія на ёй  працуюць, поўнай аддачы. Тут чалавек павінен быць гатовы ў любую хвіліну, нават позняй ноччу, падняцца па званку і ісці выконваць сваю работу пад адкрытым небам і ў дождж, і ў снегапад, і ў моцны  мароз. Летам жа часта прыходзіцца працаваць ад раніцы і да ночы, таму што трэба паспець падрыхтаваць дарогу і пакласці асфальт. І зрабіць гэта патрэбна не толькі хутка, але і якасна!

— Дарожнік у першую чаргу павінен памятаць, што ён працуе для людзей, — адзначае вадзіцель пагрузчыка Віктар Мікішка. — Вядома, не ўсе вытрымліваюць.

Такія прафесіяналы, як Віктар Аляксеевіч, на вагу золата ў любой сферы дзейнасці. Яго вадзіцельскі хлеб зарабляецца адказнасцю, пунктуальнасцю, любоўю да тэхнікі і, галоўнае,  — да людзей. Амаль сорак гадоў спецыяліст працуе ў ДБУ-28. Сям’я ўжо даўно звыклася з яго ненармаваным працоўным графікам, паколькі ведае, чым займаецца муж і бацька. Тым больш, што лепшыя рысы яго характару дапамагаюць быць не толькі выдатнікам у працы, але і добрым сем’янінам і сапраўдным гаспадаром.

Прафесійная дзейнасць Віктара Аляксеевіча пачалася ў роднай вёсачцы Бакшты Іўеўскага раёна. У 1973 годзе ён скончыў Навагрудскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча па спецыяльнасці “трактарыст-машыніст”, адслужыў у арміі і вярнуўся ў Іўеўскі раён. Мужчына расказвае, што ў той час там будавалі дарогу Гродна-Мінск, таму спецыяліст  у 1976 годзе ўладкаваўся на працу, пераехаў у Ашмяны і атрымаў кватэру.

З жонкай Таццянай Анатольеўнай яны пазнаёміліся ў аўтобусе – Віктар ездзіў у Ашмяны на працу, а Таццяна —  на вучобу ў тэхнікум. Цяпер у Віктара Аляксеевіча вялікая  і дружная сям’я – дачка з мужам і сынам жывуць у сталіцы, а сын са сваёй сям’ёй у Ашмянах. Яны часта збіраюцца разам па выхадных і святах, а калі ў дачкі не атрымоўваецца завітаць у бацькоўскую кватэру, то шчаслівыя дзядуля і бабуля самі едуць у Мінск, каб наведаць унука.

У вольны час мужчына любіць пасядзець на беразе возера ці ціхаплыннай рэчкі, падыхаць свежым паветрам і парыбачыць. Зрабіць свае хатнія справы і, канешне ж, удзяліць увагу “баявому сябру” – пагрузчыку! Дарэчы,  Віктар Мікішка не давярае майстрам,  а рамантуе сам, бо кожны вінцік, кожная гайка сталі такімі знаёмымі.

Заўсёды акуратны, стрыманы, ветлівы, ён карыстаецца павагай у калектыве і заслугоўвае давер кіраўніцтва. Менавіта за шматгадовую і добрасумленную працу  ў гэтым годзе спецыяліста ўзнагародзілі нагрудным знакам адрознення Міністэрства транспарту і камунікацый «Ганаровы дарожнік Беларусі» ІІ ступені. У 2014 годзе Віктар Мікішка быў занесены на раённую Дошку гонару.

У працоўнай кнізе Віктара Аляксеевіча толькі адзін запіс аб прыёме на працу  і той быў сорак гадоў назад у ДБУ-28.  З усмешкай на твары ён расказвае, што чатыры дзясяткі гадоў прайшлі як адно імгненне –  звычайныя працоўныя будні.  За гэты час  якія ён толькі дарогі не будаваў і не рамантаваў — быў у камандзіроўках не толькі ў розных раёнах Беларусі, але і за мяжой.

Кажуць, што любоў да прафесіі передаецца праз пакаленні, як спадчына. Напэўна, так і ёсць. Сын Сяргей пасля школы не задумваўся аб выбары будачай прафесіі. Ён цвёрда вырашыў, што звяжа жыццё з дарожным будаўніцтвам, як бацька.

ДБУ-28 выконвае работы па захаванні і рамонце дарог і мастоў нашага раёна. Сапраўды, дарожная гаспадарка стварае ўмовы для развіцця эканомікі шляхам забеспячэння якасці і бяспекі дарог. Паляпшэнне стану аўтамабільных дарог, іх падтрыманне, павышэнне бяспекі дарожнага руху — вось тыя задачы, якія стаяць перад дарожнікамі, і для іх рэалізацыі патрабуецца не толькі ўкараненне перадавых навуковых тэхналогій, але і кваліфікаваныя і надзейныя кадры, такія, як працоўная дынастыя Мікішкаў.

Нягледзячы на розніцу ва ўзросце, Віктар Аляксеевіч і Сяргей аднолькава адказна ставяцца да сваёй працы і стараюцца не падвесці астатніх работнікаў свайго зладжанага калектыву. Сяргей Віктаравіч Мікішка працуе ў ДБУ-28 машыністам катка шостага разраду.

У 2003 годзе мужчына скончыў Ашмянскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча па спецыяльнасці “трактарыст-машыніст”. Пасля арміі ўладкаваўся ў ДБУ-28, адкуль яго накіравалі ў сталіцу вучыцца працаваць за рулём катка.

Складанасці, на яго думку, ёсць усюды, у любой справе, але трэба ўмець своечасова іх пераадольваць. Сяргею гэта, безумоўна, удаецца. І, вядома, неабходна любіць сваю справу. А вось тут дарожніку пашанцавала: ён свой жыццёвы шлях выбраў дакладна, аб чым за дзевяць гадоў ні разу не пашкадаваў.

Калі мы прыехалі на будаўнічы аб’ект на вуліцу Барунскую Сяргей Віктаравіч працаваў пад праліўным дажджом.  Спецыяліст расказаў, што пакуль няма працы па яго асноўнай дзейнасці, ён працуе тут па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Увогуле за час яго прафесійнай дзейнасці быў пабудаваны і адрамантаваны не адзін дзясятак кіламетраў дарог.

Размаўляючы з Сяргеем Мікішкай, адчуваеш, што ён шчыра прывязаны да сваёй сям’і. Ён з цеплынёй распавядае аб сваёй жонцы, якая падарыла яму траіх выдатных дзетак. Старэйшы сын ужо вучыцца ў трэцім  класе, сярэдні — наведвае дзіцячы садок, а малодшы знаходзіцца дома  разам з мамай, яму толькі паўтара года. Нягледзячы на ўзрост, дзеці ўжо цікавяцца аўтамабілямі, таму бацькі ўпэўнены, што хто-небудзь з сыноў абавязкова стане прадаўжальнікам дынастыі дарожнікаў.

Вольны ад працы час Сяргей Мікішка бавіць разам з сям’ёй. Са старэйшым сынам  ён займаецца футболам, ды і сам часта выступае на спаборніцтвах па футболе і баскетболе  за сваю арганізацыю.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *