Франц Вінцкоўскі за рулём матацыкла — 43 гады!

Транспорт

Франц Іосіфавіч Вінцкоўскі матацыкл “Днепр К-650”  купіў у далёкім 1972 годзе. З таго часу ён стаў адзіным транспартным сродкам у жыцці мужчыны. Матацыкл не раз выручаў і дапамагаў па гаспадарцы. Няхай транспартны сродак нагадвае музейны экспанат, але за 40 гадоў мужчына  не пакінуў яго пыліцца ў гаражы і не перадаў у чужыя рукі.


“Днепр” – адзіны траспарт у сям’і Вінцкоўскіх. На матацыкле ён перавозіць дровы, сена, бульбу з поля, будаўнічыя матэрыялы. Для гэтых патрэбаў Франц Іосіфавіч зрабіў спецыяльны прычэп. Ездзіць і зімой і летам, праўда, зімой — да першага снегу, хаця такі “звер” і  слізгаты не баіцца.

Быў выпадак, калі мужчыну спынілі міліцыянеры з такім грузам. Але з дакументамі ў вадзіцеля было ўсё ў парадку. Таму яны проста растлумачылі, што на матацыкле вазіць такія вялікія грузы нельга.

У юнацтве Франц Іосіфавіч нават і не думаў, што матацыкл праслужыць столькі гадоў.  Аб продажы “Дняпра” ён нават і слухаць не хоча. Надзейны сябра і памочнік ніколі не падвёў мужчыну. Ды і кожны вінцік, кожная запчастка  ў матацыкле яму добра знаёма.

— Каб не рамантаваў, то не ездзіў бы даўно! — гаворыць мужчына.

Нават і цяпер у гаражы захоўваецца шмат запчастак і інструментаў. Праўда, не заўсёды запчасткі для такога “старэчы” лёгка знайсці.

— Калі-нікалі што старое знойдзеш, — расказвае Франц Іосіфавіч. — У Барысаве, дзе жыве старэйшы сын, ёсць спецыялізаваная крама, дзе можна набыць запчасткі. У людзей можна ўзяць, калі іх матацыкл ад’ездзіў свой век і яго можна разбіраць на часткі.

Мужчына некалькі разоў фарбаваў матацыкл, але заўсёды у той колер, які спачатку быў задуманы заводам-вытворцам. Кожны год  “Днепр” без праблем праходзіць тэхагляд. Толькі некаторыя дэталі ў матацыкле змяняліся, а нумары на “Дняпры” старыя савецкія — белыя па чорным.

У Франца Іосіфавіча ёсць пасведчанне на кіраванне трактарам, катэгорыі А і В, хоць аўтамабілем ён ніколі не кіраваў. Першае і сур’ёзнае знаёмства з матацыкламі адбылося адразу пасля арміі.  Спачатку Франц купіў матаролер бацьку, каб той на ровары ў Ашмяны не ездзіў, а сабе пасля набыў  “Мінск – 104”.

“Калі былі маладыя заўсёды ездзілі на матацыкле, ды і пасля: з дзецьмі, з унукамі ездзілі, — успамінае жонка Ніна Чаславаўна”. Цяпер “Днепр” К-650 — сапраўдная сямейная каштоўнасць. Яшчэ калі  будучая жонка  жыла ў  вёсцы Сухадолы, Франц Іосіфавіч прыязджаў на сваім першым “мінскачы” да яе. Калісьці  і яе хацеў навучыць кіраваць “жалезным канём”, але яна так і не навучылася — месца штурмана ёй падабаецца больш.

Вось ужо 11 гадоў Франц Іосіфавіч на пенсіі, праўда, толькі ў мінулым годзе вымушаны быў звольніцца,  бо праблемы са здароўем не дазволілі працягваць працоўную дзейнасць на трактары ў сельгастэхніцы.

Франц Іосіфавіч у Ашмянах — асоба прыкметная, нават калі ён ездзіць па горадзе, яго фатаграфуюць, а аднойчы, успамінае мужчына, прыбіраўся на могілках, да яго падышоў карэспандэнт з Мінска і пачаў распытываць пра транспарт.

Кажуць, што пажылыя людзі пасля выхаду на пенсію толькі адпачываюць. Але гэта не пра Франца Іосіфавіча і Ніну Чаславаўну Вінцкоўскіх — яны жывуць поўным жыццём, займаюцца хатнімі клопатамі і чакаюць у госці любімых унукаў. Любяць працаваць на сваім участку. На прысядзібнай тэрыторыі заўсёды чысціня і парадак, а таксама мноства кветак. Калі ў дзядулі ёсць час, ён з радасцю возіць на матацыкле ўнукаў. А старэйшы ўжо чакае, калі дзядуля перадасць “жалезнага каня” яму.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



1 комментарий по теме “Франц Вінцкоўскі за рулём матацыкла — 43 гады!

  1. Спасибо Ошмянскому Вестнику за эту статью.Хоть я и далеко живу,но ваши новости читаю. Это статья про моего соседа д.Франка.Сколько помню,он без своего железного коня никуда! Это его стихия! Мне тоже довелось покататься на этом мотоцикле, еще в юности ездили с сыном д.Франка.Ни гвоздя, ни жезла ему!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *