Ашмянская моладзь працуе ў студатрадах

Главное

Лета – добры і карысны час не толькі для тых, хто адпачывае, але і  для тых, хто працуе. Сёлета школьнікі і студэнты працуюць у шматлікіх арганізацыях і гаспадарках раёна, а ўладкавацца ім дапамог раённы камітэт ГА “БРСМ”. Студатрад — выдатная магчымасць зарабіць, набрацца вопыту і адпачыць ад лекцый і семінараў.


Каб даведацца аб умовах працы, разам з фотакарэспандэнтам і першым сакратаром райкама ГА “БРСМ” Вольгай Шыдлоўскай мы адправіліся на аб’екты будоўлі  і сельскай гаспадаркі.

Сёння працоўнае месца атрымалі больш за сто навучэнцаў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых устаноў адукацыі.

Дарэчы, у мінулым годзе на тэрыторыі Ашмянскага раёна было сфарміравана 29 студэнцкіх атрадаў, якія налічвалі 620 чалавек. Будаўнічы атрад Ашмянскага РК “БРСМ” прызналі лепшым будаўнічым атрадам у вобласці і ўручылі падзяку ЦК АА “БРСМ”.

Вось і ў гэтым годзе ААТ “Будаўнік” запрасіў да сябе студэнтаў. Кіраўніцтва заўсёды задаволена працай моладзі, якая аказвае вялікую дапамогу. Самае цікавае, што сюды ўладкоўваюцца не толькі заўтрашнія будаўнікі. Прыходзяць і навучэнцы іншых спецыяльнасцей.

Вось і будучы юрыст, студэнт Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Максім Коласаў чацвёртае лета працуе ў будаўнічым атрадзе.

Вольга Шыдлоўская расказвае, што гэтых юнакоў і дзяўчат аб’ядноўвае жаданне летам папрацаваць, каб зарабіць грошы на асабістыя патрэбы. ААТ “Будаўнік” ужо шмат гадоў прадастаўляе працоўныя месцы, а студэнты заслугоўваюць толькі добрыя водгукі.

Калі рэдакцыйны аўтамабіль пад’ехаў да зернясклада СВК імя Кляцкова, старшакласнікі адпачывалі ў цяньку. Жніво яшчэ толькі пачалося, таму працы было няшмат.

Прыемнай перавагай для работнікаў стане атрыманне заработнай платы без уліку падаходнага падатку, афіцыйнае афармленне на працу, нарміраваны графік і, канешне, вопыт, які спатрэбіцца ў дарослым жыцці.

Нягледзячы на напружаны графік,  студатрадаўцы знаходзяць час для адпачынку. Правесці які з карысцю дапамагае РК ГА “БРСМ”.

Вось і на мінулым тыдні прайшлі спаборніцтвы па футболу ў рамках марафона “За здаровы лад жыцця”, у якім прынялі ўдзел каманды аграрна-тэхнічнага каледжа і каманда сельскагаспадарчага атрада СВК імя Кляцкова. Перамаглі байцы студатрада, за што атрымалі салодкія прызы ад РК ГА “БРСМ”.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *