Сустрэча паэтаў ля варнянскай вежы

Культура

Старажытнае мястэчка Варняны – вабны куток астравецкай зямлі. Гэта месца прыцягвае не толькі турыстаў, але і краязнаўцаў, мастакоў, паэтаў, тых, чые тонкія душэўныя струны супадаюць з размераным рытмам вясковай ідыліі, з ледзь улоўным хваляваннем панскіх ставаў, якія бяруць у водны палон Востраў кахання, з нярвовай песняй ветру, што ўзнімае свой бунтарскі дух пад самае застрэшша чырвонай вежы.


На рамантычным астраўку, авееным шматлікімі легендамі і паданнямі, у мінулую нядзелю акрамя музыкі ветру і імжакі-дажджу чуліся іншыя галасы. Тут, на свяце паэзіі пад назвай “Летняя рапсодыя любові”, разліваліся галасы творцаў з Астраўца, Ашмян і Смаргоні, несліся на астравецкі прастор песні самадзейных артыстаў Астравеччыны. У падрыхтоўцы мерапрыемства прынялі актыўны ўдзел работнікі Варнянскага Дома культуры, а мастацкі кіраўнік клубнай установы Наталля Сакун у пары з Людмілай Кухарэвіч выступіла ў ролі вядучай.

Востраў кахання стаў прытулкам не толькі для роднай мовы, на якой гучалі ўзнёслыя радкі, прасякнутыя любоўю да Бацькаўшчыны. У любові да роднай зямлі паэты прызнаваліся на польскай, беларускай і ўкраінскай мовах. Госць літаратурнай імпрэзы беларускі паэт і перакладчык, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы Мікола Мятліцкі адзначыў, што прыгожая зямля Астравеччыны – Богам дадзены куточак. Менавіта тут часцей за ўсё прыходзіць да яго натхненне. Гэтай невялічкай кропцы на карце Беларусі ён абавязаны лепшымі сваімі творамі. Пацвердзілі гэта і мясцовыя аўтары, удзельнікі літаратурнага аб’яднання “Астравецкай зямлі галасы”. Створанае калісьці з лёгкай рукі члена Беларускага саюза пісьменнікаў, рэдактара мясцовай газеты Ніны Рыбік, яно, як магніт, прыцягнула да сябе творчых людзей. І хаця сваё дзецішча Ніна Аляксееўна перадала пасля Наталлі Ачарэтавай, дырэктару Астравецкай раённай бібліятэкі, з-за гэтага галасы астравецкіх паэтаў не страцілі сваёй моцы. Паэтычным шматгалоссем гучалі на свяце вершы і байкі Таццяны Радкевіч, Святланы Бацюлевай, Капіталіны Пятроўскай, Таццяны Граблеўскай, Людмілы Кухарэвіч. У любові роднай вёсачцы Вароне сваім вершам-гімнам прызналася пісьменніца Марыя Пяшко. Трывога і боль за свой народ вырывалася з душы Аляксандра Марозава, які вымушаны быў пакінуць украінскае Дэбальцава і знайсці прытулак на Астравеччыне.

У госці да сваіх калег завіталі таленавітыя паэткі са Смаргоні Вера Вайцюль і Ала Клемянок, узнёсла-рамантычная паэзія якіх стала сапраўдным адкрыццём для тых, хто пазнаёміўся з ёй упершыню. Журналіст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат літаратурнай прэміі імя Цёткі, Ала Клемянок зачаравала прысутных яшчэ адным сваім талентам – выканальніцкім. На працягу ўсяго вечара “плакала” яе гітара і беларуская песня імкнулася ў зорны абсяг.

З задавальненнем адгукнуліся на запрашэнне астравецкіх паэтаў ашмянцы: Ядзвіга Чаплінская, Галіна Даўгашэй, Дзмітрый Радкевіч і Аліна Санюк – кіраўнік літаратурнага аб’яднання пры рэдакцыі раённай газеты. Тут трэба зазначыць, што дружба паміж ашмянскімі і астравецкімі творцамі доўжыцца не адзін год. Мажліва і не так часта, як хацелася б, аднак паэты сустракаюцца: запрашаюць адзін аднаго ў госці, дзеляцца сваімі паэтычнымі набыткамі, адкрываць нязведаныя куткі сваёй малой радзімы і імёны слынных яе людзей. Такія сустрэчы не толькі дораць новыя знаёмствы, але і духоўна прасвятляюць і ўзбагачаюць, прымашаюць задумвацца над звыклымі жыццёвымі ісцінамі, асэнсоўваць пражытае і проста знаходзіць час, каб радавацца і хвалявацца, цаніць кожнае імгненне хуткаплыннага жыцця. Яскравае  таму пацверджанне – радкі Міколы Мятліцкага:

Што яму, летуценніку, трэба?

На планеце маёй дзень пры дні

Чалавек падымае неба

Да касмічнае вышыні.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *