На Ашмяншчыне пачалося жніво

Главное

Беларускія аграрыі пераадолелі мільённы рубеж ва ўборцы збожжавых і зернебабовых культур. На 27 ліпеня намалацілі каля 1 мільёна 242 тысяч тон збожжа. Лідзіруе Гомельская вобласць – намалочана 415 тысяч тон, убрана больш за палову плошчаў. 365 тысяч тон убрана ў Брэсцкай вобласці, амаль нароўні ідуць Магілёўшчына і Міншчына (168 і 167 тысяч адпаведна). Найменшы вынік у Віцебскай вобласці, якая да жніва звычайна далучаецца пазней – 18 тысяч тон. На Гродзеншчыне да ўборкі прыступілі ўсе раёны, намалацілі 109 тысяч тон. Пачалі ўборку збажыны і на Ашмяншчыне: СВК “Кракоўка”, “Гальшанскі” і “Ашмянскі Світанак” ужо убіраюць ячмень. Аграрыі ў Навасёлках таксама ўбіраюць пшаніцу, а ў Кракоўцы – авёс.


Традыцыйна пасля першага ўкосу траў і напярэдадні актыўнай фазы жніва аграрыі нашага раёна надаюць увагу ўборцы важнейшай алейнай культуры – рапсу. Рапсавы алей выкарыстоўваецца ў харчовай, мылаварнай, гарбарнай, тэкстыльнай і металургічнай вытворчасці. У цане і макуха рапсу – рэшткі семя пасля выціскання з яго алею. Яго выкарыстоўваюць як бялковы складальнік камбікорма і прэміксаў, без якога не абысціся пры фарміраванні збалансаванага рацыёну для жывёлы.

На Ашмяншчыне пад рапс адведзена 1633 гектараў. Паводле дадзеных райсельгасхарчу на 27 ліпеня ўжо ўбрана 576, што складае 35 працэнтаў. Ураджайнасць па раёне складае 19,4 цэнтнера з гектара. Усяго пакуль сабрана 1120 тон.

Нагрузка СВК “Кракоўка ” – адна з найбольшых у раёне. У гаспадарцы пасеяна 350 гектараў азімага рапса і 80 – яравога. Ужо ўбрана больш за дзвесце пяцьдзесят гектараў, а гэта больш за дзве трэці плошчаў. Тэмпы работ – самыя высокія ў раёне.

Уборку пачалі на мінулым тыдні з поля паблізу ад Станцыі Ашмяны. Цяпер працуюць на палетку паміж вёскамі Жупраны і Нарбуты. Начальнік участка Анатоль Сенкевіч паведаміў, што плошча поля складае 150 гектараў, ураджайнасць – 25 цэнтнераў на круг, вільготнасць уранку складае працэнтаў 18, удзень – 14-13. Уборку вядуць тры камбайны КЗС-1218, абсталяваныя рапсавымі сталамі. На іх працуюць механізатары Валерый Суравец, Генадзь Трахневіч і Валерый Амшэй. На адвозцы заняты вадзіцель Юрый Карпінскі. Алейнае семя накіроўваецца на зернесушылку ў Кракоўку, а адтуль – на Смаргонь, дзе яго прымаюць на камбінаце хлебапрадуктаў. З 280 тон, прадугледжаных дзяржзаказам, ужо здадзена 218. З тоны насення атрымліваецца прыблізна 3,4 цэнтнера рапсавага алею.

З кароткай гутаркі з камбайнерам Валерыем Амшэем мы даведаліся, што ён у гаспадарцы размяняў ужо трэці дзясятак. На камбайне КЗС-1218 “Палессе” ён выходзіць у поле сёмы год. У сезон працоўны дзень пачынаецца з сямі гадзін раніцы і доўжыцца дацямна. Добра арганізавана харчаванне, на поле своечасова дастаўляюць смачную “запраўку” – абеды і падвячоркі.

Тона насення рапсу каштуе найбольш дорага ў параўнанні з іншай прадукцыяй раслінаводства (кошт за тону алейнага семя складае да 4 мільёнаў рублёў). Таму выгада ад вырошчвання гэтай алейнай культуры ўсё яшчэ застаецца на ўзроўні.

Дзмітрый РАДКЕВІЧ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *