У Ашмянах выступілі артысты Гродзенскай філармоніі

Да 70-годдзя Вялікай Перамогі Культура

У мінулую сераду ў раённым цэнтры культуры прайшла канцэртная праграма «Праз войны ўсе», прысвечаная 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У гэты дзень наведвальнікаў чакала выступленне артыстаў музычнага тэатра і эстрадна-сімфанічнага аркестра Гродзенскай абласной філармоніі. У іх выкананні прагучалі песні з рэпертуару Уладзіміра Мулявіна, гуртоў «Прымакі», Алёны Ланской і іншых.

Раённы цэнтр культуры зноў запрасіў да сябе аматараў добрай песні. Нагодай стала выступленне артыстаў музычнага тэатра і эстрадна-сімфанічнага аркестра Гродзенскай абласной філармоніі. Канцэртная праграма “Праз войны ўсе” была прысвечана 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

У жывым выкананні артыстаў-вакалістаў і інструменталістаў у суправаджэнні эстрадна-сімфанічнага аркестра прагучалі вядомыя песні ваенных гадоў, а таксама творы сучасных кампазітараў.

Канцэрт складалі два аддзяленні: уласна ваенна-патрыятычнае і забаўляльнае. У першым аддзяленні было створана суцэльнае музычнае палатно, дзе кожная паўза, кожны ўздых быў прадуманы да драбніц. Перад слухачом праляцелі этапы вайны: вось голас Левітана абвяшчае аб нападзе гітлераўцаў, вось вобраз спаленай нелюдзямі вёскі, а вось – прагрымела вызваленчая аперацыя “Баграціён”… Дзякуючы гукавым эфектам стваралася ўражанне дачынення да тагачасных падзей. Кожная песня – як мініяцюра з жыцця народа і лёсу краіны. На фоне сучасных узрушэнняў, калі амаль на ўсіх кантынентах планеты не сціхае кананада, адна песня супраць вайны гучала больш пераканаўча, чым тысячы словаў, кінутых з высокіх трыбун. Нельга было без болю ў сэрцы ўспрыняць радок з песні пра хатынскага хлопчыка Мішу Камінскага: “…попел замест далоняў дзіцячых”. Першае аддзяленне завяршыла чароўная “Малітва” Уладзіміра Мулявіна. Музыка звярталася да памяці народа, памяці кожнай сям’і і кожнага дома. Яна нагадала аб часах вайны, незаменных стратах, аб бясстрашных подзвігах, пра сілу духу і волі людзей.

Другая частка канцэрта стала яшчэ адным яскравым элементам канцэрта. Гучалі пераважна сучасныя кампазіцыі з рэпертуару сучасных выканаўцаў: гурта “Прымакі”, Алёны Ланской. А скончыўся канцэрт на ўрачыстай ноце песняй “Няхай імя тваё свяціцца, Беларусь”.

Імпрэза вызначылася скразным развіццём, прадуманасцю і актуальнасцю рэпертуару. У канцэртнай праграме знайшлося месца і народным песням, і класічным творам, і эстраднай музыцы. Трэба адзначыць прафесіяналізм і якасць падрыхтоўкі абодвух блокаў, прыгожыя касцюмы, бездакорны жывы гук. Калектыў філармоніі выдатна спраўляецца як з інструментальнымі творамі, так і з акапэльнымі. Нароўні з ужо вядомымі творамі славутага песняра Уладзіміра Мулявіна гучалі песні, якія напісалі адмыслова для канцэртнай праграмы сучасны гродзенскі аўтар, мастацкi кiраўнiк музычнага тэатра Гродзенскай фiлармонii Валерый Кручкоў і дырыжор аркестра філармоніі Барыс Мягкоў. Аўтар ідэі і рэжысёр-пастаноўшчык праграмы – мастацкі кіраўнік установы Віктар Сакалоўскі.

На сцэне выступалі артысты музычнага тэатра і эстрадна-сімфанічнага аркестра. Гродзенцы прывезлі сваю апаратуру і канцэртную светатэхніку. Усяго ў канцэрце прынялі ўдзел амаль сорак чалавек. Ашмянская пляцоўка стала чатырнаццатай у гастрольным графіку канцэртнай праграмы.

Дзмітрый РАДКЕВІЧ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *