«Крыніцы» выступілі ў азёрным краі

Культура

Ашмянскі творчы калектыў 11-12 ліпеня прадставіў Гродзенскую вобласць на рэспубліканскім фестывалі харавога мастацтва “Пеўчае поле” ў Мядзеле.

Народны ансамбль песні і танца “Крыніцы” раённага цэнтра культуры добра вядомы не толькі на Ашмяншчыне. Наш ансамбль стаў адным з трох калектываў Гродзенскай вобласці, прадстаўленых на рэспубліканскім песенным свяце, нездарма. Створаны ў 1979 годзе, калектыў за час свайго існавання не раз здабываў перамогу на розных абласных, рэспубліканскіх і міжнародных пляцоўках.

Свята харавога мастацтва, на якое былі запрошаны нашы артысты, ладзіцца ў Мядзеле з 1952 года. Спачатку яно праводзілася на рэгіянальным узроўні, з цягам часу набыло статус абласнога, а сёлета фестываль стаў рэспубліканскім. Па традыцыі штораз разносяцца над азёрнымі прасторамі спевы зводнага хору, які адкрывае свята песняй “Наш край Нарачанскі” на верш славутага сына Мядзелшчыны, народнага паэта Максіма Танка.

Фестываль «Пеўчае поле» яднае самых адданых прыхільнікаў харавога мастацтва. Ён адкрывае новыя таленты, садзейнічае захаванню аматарскай творчасці і музычных традыцый вакальных калектываў, умацаванню адзінай культурнай прасторы нашай краіны.

Сёлета свята харавога мастацтва сабрала дваццаць шэсць калектываў з усёй Беларусі.  Удзел у выступленнях прынялі больш за семсот артыстаў. Склад удзельнікаў быў надзвычай разнастайны: калектывы акадэмічныя і народныя, аматарскія і прафесіянальныя, камерныя капэлы і гурты, ансамблі і хоры. Былі прадстаўлены раённыя, гарадскія і сельскія дамы і цэнтры культуры, дзіцячыя музычныя школы і школы мастацтваў, царкоўныя прыходы, прадпрыемствы і арганізацыі з розных куткоў Беларусі.

З улікам пэўных традыцый, якія склаліся на фестывалі, найбольш была прадстаўлена Міншчына – трынаццаць калектываў, для іншых абласцей быў устаноўлены ліміт – чатыры калектывы. Тым больш прыемна, што нашы “Крыніцы” трапілі ў лік запрошаных. Больш за тое, як зазначыла кіраўнік народнага ансамбля Вольга Чаплінская, адзіным ансамблем песні і танца на фестывалі былі нашы “Крыніцы”. Над харэаграфіяй музычных нумароў працавала балетмайстар Марына Шурбак. Выступленне на песенным свяце стала добрым вопытам, нагодай для знаёмства з калегамі па творчым цэху. Ашмянскаму ансамблю, як аднаму з лепшых, быў уручаны дыплом удзельніка, а гэтая ўзнагарода – знакавая, паколькі яе атрымаў не кожны калектыў.

Удзел у рэспубліканскім фестывалі “Пеўчае поле” стаў для нашых землякоў новай старонкай творчай біяграфіі. Ашмянскія артысты падзяліліся з гледачамі яркімі эмоцыямі і вярнуліся дадому з добрымі уражаннямі ад свята песні.

Дзмітрый РАДКЕВІЧ.

Фота прадастаўлена

Ашмянскім РЦК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *