У 1913 годзе свет пабачыла апавяданне Змітрака Бядулі “На Каляды к сыну”. Твор закрануў складаную і важную тэму — узаемаадносіны бацькоў і дзяцей. Згодна з сюжэтам, старая Тэкля адна дажывала жыццё. Яе муж памёр, сына забраў на выхаванне ў дзесяцігадовым узросце багаты чалавек, які заўважыў у хлопцы здольнасці да навукі. Маці радавалася поспехам сына, які стаў адвакатам, ажаніўся і жыў у багатым доме. Сама ж жанчына дажывала жыццё ў збяднелай старой хаце на ўскрайку лесу. Набліжаліся Каляды. Суседзі параілі Тэклі не сядзець у адзіноце, а наведаць сына і правесці свята ў яго доме. Крыху падумаўшы, Тэкля рушыла ў горад. Ісці трэба было трыццаць кіламетраў, але жанчыну не палохаў шлях, думкі аб хуткай сустрэчы з сынам сагравалі сэрца і дадавалі сіл. Нарэшце яна прыйшла ў пункт прызначэння, знайшла дом сына. І вось перад Тэкляй паўстаў сын — прыгожы, статны, дзелавы. Аднак замест радасці яе чакалі балючыя словы: “Чаму вы пускаеце ў пакой розных жабрачак шалёных?” Пасля, каб адкупіцца ад маці, ён перадаў праз лёкая некалькі трохрублёвых паперын, якія так і засталіся ляжаць каля дома…
Закранаючы тэму мацярынства, варта гаварыць і пра ўдзячнасць дзяцей. Мамы “інвестуюць” у выхаванне ўвесь час, сілы, энергію, адмаўляюцца ад многіх рэчаў, каб зрабіць жыццё дзіцяці камфортным і шчаслівым. Зразумела, што яны не чакаюць за гэта падзякі. Іх любоў безумоўная і бескарыслівая. Аднак усё ж дзеці не павінны забывацца пра сваіх састарэлых бацькоў, якія патрабуюць клопату, дапамогі, а часам і апекі.
Прыемна назіраць за тым, як жанчыны старэйшага веку акружаны любоўю дзяцей і ўнукаў. У святочныя дні ўся сям’я збіраецца ў бацькоўскім доме, каб правесці час разам. Дзеці і ўнукі суправаджаюць бабуль і матуль у царкву ці касцёл, стараюцца купіць неабходны запас прадуктаў на тыдзень, дапамагаюць з праполкай у летні час, а калі ўзнікае неабходнасць — возяць да ўрачоў. Асоба сталага веку, акружаная такім клопатам і апекай, напэўна, будзе жыць доўга, адчуваючы любоў з боку родных і блізкіх людзей. Гэта цеплыня адносін і складае аснову шчасця.
На вялікі жаль, бываюць і такія адносіны паміж бацькамі і дзецьмі, якія апісаў Змітрок Бядуля ў сваім апавяданні. Узнікае заканамернае пытанне: чаму адны клапоцяцца аб сваіх бацьках, а другія забываюць шлях да бацькоўскага дома? Адказаць на гэтае пытанне адназначна нельга. І прычын тут можа быць шмат. Адна з іх — залішняя любоў з боку бацькоў. Выхоўваючы дзіця, мама і тата стараліся даць усё самае лепшае, паказвалі каштоўнасць дзіцяці, яго выключнасць, часам ставячы сябе на апошні план. Дзіця прывыкла быць у цэнтры. І гэта звычка не знікла з узростам. Дарослы працягвае быць спажывальнікам, патрабуючы фінансавай і фізічнай дапамогі і не жадаючы разумець таго, што ў бацькоў ужо няма столькі сіл і сродкаў. Другой прычынай становяцца дрэнныя звычкі. Людзі, якія на пастаяннай аснове ўжываюць алкаголь і знаходзяцца ад яго ў залежнасці, мала цікавяцца пра дабрабыт іншых, бо ў прыярытэце — іншыя патрэбы.
Сэрца сціскаецца ад жалю, калі глядзіш на адзінокіх матуль, якія выхавалі дзяцей, а на схіле жыцця аказваюцца ў адзіноце. Яны вымушаны звяртацца па дапамогу да чужых людзей, карыстацца паслугамі сацыяльных работнікаў.
Варта памятаць, што ў жыцці не будзе больш важнага і дарагога чалавека, чым мама, і святым абавязкам кожнага з’яўляецца клопат пра жанчыну, якая падарыла жыццё.
Марта БАГДАНОВІЧ.
