Ашмяны.Куды зніклі лаўкі ?

Главное

Менавіта такое пытанне задала жанчына на другім канцы тэлефоннага провада. Пасля кароткай паўзы жыхарка горада патлумачыла, што мела яна на ўвазе лаўкі, усталяваныя не так даўно ў зоне адпачынку ўрочышча Сухая. І на самой справе, хто мог прырабіць ногі гэтым грубым, даволі цяжкім, аднак ладным і надзейным бярвёнам, што вельмі хораша ўпісаліся ў навакольны ландшафт? Ім не маглі нарадавацца ашмянцы, асабліва пажылыя людзі, якія падчас прагулкі знаходзілі тут адпачынак ад стомы. Актыўна выкарыстоўваецца гараджанамі і веласіпедная дарожка. Цягам мінулай восені і вясны ў Сухой было праведзена добраўпарадкаванне: павысяканы хмызнякі і прыбрана ламачча, наведзены парадак ля альтанкі. Шчыравалі тут многія арганізацыі раёна.

Здавалася б, радавацца трэба такому клопату аб людзях. Аднак абавязкова знойдзецца той, хто сапсуе бочку мёду лыжкай дзёгцю. Падчас майскіх свят, якія падарылі нам доўгачаканае цяпло, многія накіраваліся на прыроду – душа, як кажуць, патрабавала прадаўжэння банкету. Для тых, хто выбраў месцам для адпачынку Сухую, свята выдалася на славу, аб чым засведчылі горы смецця і пакурочаныя лаўкі. Яны даволі цяжкія, аднак гэта не перашкодзіла вандалам занесці іх у глыб лясной зоны і падпаліць. Астаткі таго, што засталося ад сядзенняў, забралі работнікі камунальнай службы, каб, па магчымасці, падправіць і зноў вярнуць на ранейшае месца. Аднак ці ёсць сэнс іх вяртаць дзікунам на расправу? Пытанне, безумоўна, рытарычнае, якое яшчэ раз сцвярджае: як бы мы не выпіналіся, аднак да цывілізаваных выхаваных людзей многім з нас далёка.

Пасля таго, як мы даведаліся яшчэ аб адным дзікунскім учынку ў Сухой, зрабілі заключэнне, што не проста далёка, а наогул нерэальна. У мінулыя выхадныя ў прыгараднай лесапаркавай зоне былі пазбіваны амаль усе шпакоўні. Што да гэтага можна дадаць?!

На адной з нарад у старшыні райвыканкама прагучала інфармацыя, што лясніцтвам і РУП ЖКГ набыты камеры фотафіксацыі. Магчыма, яны зменяць сітуацыю. Аднак нашы занадта лагодныя меры адміністрацыйнага ўздзеяння не вельмі запалохаюць дзікуноў. Тут нам не перашкодзіла б пераняць прыклад цывілізаванага Сінгапура. Мы ж таксама імкнёмся да цывілізацыі!

Аліна САНЮК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *