Ашмянскія цымбалісты — на сербскім інтэрнэт-конкурсе

Образование

Сёлетняй вясной Асацыяцыя выкладчыкаў музычных устаноў Сербіі запрасіла ўсіх жадаючых да ўдзелу ў музычным інтэрнэт-спаборніцтве. На міжнародным конкурсе маглі паспрабаваць свае сілы вучні і студэнты-музыканты з усяго свету. Сёлета за званне лепшых змагаліся 1557 канкурсантаў з 30 краін, былі прадстаўлены больш за 230 гарадоў. Пра маштаб конкурсу гаворыць і склад журы – таленты ўдзельнікаў ацэньвалі 75 музыкантаў-прафесіяналаў з 23 краін свету.

Патрабаванні да прэтэндэнтаў былі наступныя: выканаць некалькі конкурсных твораў, зрабіць відаэзапіс з выкананнем і размясціць у інтэрнэце.

Ідэю прыняць удзел у конкурсе падхапіла выкладчык цымбал СШ № 3 Алена Козар і прапанавала сваім вучням. Вучаніцы Алены Станіславаўны, шасцікласніцы Ілона Гелаш і Анжаліка Гарлуковіч (удзельніцы ансамбля “Перазвон”), якія займаюцца ігрой на гэтым інструменце, не адмовіліся паспрабаваць сілы ў міжнародным спаборніцтве. Дзяўчаты падрыхтавалі конкурсную праграму, школа прадаставіла канцэртныя касцюмы, быў зняты відэаролік, і вынік супольнай працы настаўнікаў і вучняў даслалі праз інтэрнэт. А ў маі прыйшоў адказ ад сербскіх арганізатараў. На жаль, фартуна не ўсміхнулася нашым удзельніцам – да пераможнага месца ім не хапіла некалькіх балаў (яны атрымалі 66,66 бала, а трэцяе месца дасталося ўдзельніку з 70-ю). Аднак удзел у конкурсе даў юным музыкантам некалькі пераваг. Па-першае, відэа з выступленнямі канкурсантаў стала даступным шырокаму колу гледачоў з усіх куткоў планеты, вучні і настаўнікі пачалі выкарыстоўваць інтэрнэт для больш шырокага выхаду няхай і на віртуальную, але сусветную сцэну. Па-другое, вучні набылі першы вопыт музычных інтэрнэт-спаборніцтваў. Па-трэцяе, у вучняў з’явіўся стымул расці далей і дабівацца лепшых вынікаў – удзельнікі, якія дойдуць да фінала, могуць стаць пераможцамі, а прызавы фонд конкурсу, між іншым, сёлета склаў $ 3000.

Ансамбль цымбалістаў “Перазвон” – часты ўдзельнік раённых, рэгіянальных і абласных конкурсаў. За 2014/15 навучальны год юныя цымбалісты СШ № 3 станавіліся пераможцамі рэгіянальнага конкурсу “Звініць струна” (I і III месцы), раённага конкурсу дзіцячай творчасці “Здравствуй, мир!” (I месца), рэгіянальнага фестывалю “Вясёлка надзеяў” (II і III месцы), дыпламантамі абласнога конкурсу інструменталістаў імя І. Жыновіча. Яшчэ адзін дыплом – цяпер ужо міжнароднага музычнага спаборніцтва – папоўніў скарбонку вучнёўскіх дасягненняў трэцяй школы.

Дзмітрый РАДКЕВІЧ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



1 комментарий по теме “Ашмянскія цымбалісты — на сербскім інтэрнэт-конкурсе

  1. Так держать! Что нам сербский конкурс, на Европу слабо?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *