Месца, дзе раскрываюцца таленты

Культура

У нашым горадзе, безумоўна, такім месцам з’яўляецца дзіцячая школа мастацтваў. Ва ўтульным храме музыкі працуюць лепшыя педагогі і іх адораныя выхаванцы. Праўду кажуць, што вядомыя музыканты часам пачынаюць свой шлях з гурткоў па інтарэсах, а таксама са школ мастацтваў. Менавіта так пачыналіся кар’еры знакамітых кампазітараў, а ў таленавітых ашмянцаў яшчэ ўсё наперадзе…

Уразілі журы на конкурсе імя Горскага

У Лідскім музычным каледжы прайшоў адборачны абласны конкурс імя Горскага.

З кожным годам папулярнасць і прэстыж гэтага музычнага спаборніцтва расце. Удзел ў ім – сур’ёзная заяўка аб сабе як выканаўцу і аб сабе як выкладчыку. Сярод пераможцаў конкурсу – стыпендыяты спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, лаўрэаты рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. У гэтым годзе свой талент канкурсанты адкрывалі ў намінацыях  “фартэпіяна”, “сольныя спевы”, “харавыя калектывы”, “вакальны ансамбль”, “фартэпіяна”.

Артыстызм, сыгранасць юных артыстаў прыйшліся даспадобы журы. Хор старэйшых класаў “Сугучча” (кіраўнік Ганна Буйко) атрымаў дыплом I ступені і каштоўныя падарункі.

Юныя піяністкі Кацярына Шыманская, Ангеліна Юхевіч і Ксенія Мажэйка ўразілі не толькі членаў журы, але і прысутных у зале – дзяўчатам уручылі прыз глядацкіх сімпатый.

Сваё майстэрства прадэманстравалі і вакалісты. Яркія, адкрытыя, харызматычныя і таленавітыя дзеці не пакінулі нікога раўнадушнымі. У намінацыі “сольныя спевы” выступалі Валерыя Канцавая (кіраўнік Ганна Буйко), Анастасія Сямёнава і Надзея Лукашэвіч (кіраўнік Алена Рагачова), у намінацыі “народныя спевы” –Караліна Каспяровіч і Віялета Мікліс (кіраўнік Вольга Чаплінская).

Надзеі спраўдзіліся

У Навагрудскай дзіцячай школе мастацтваў прайшоў III адкрыты рэгіянальны фестываль “Вясёлка надзей”.

Усяго ў конкурсе прымалі ўдзел 190 канкурсантаў з Мінска, Гродна, Гомеля, Ашмянаў,  Ліды і Навагрудка ў  намінацыях  “домра”, “балалайка”, “цымбалы”, “гітара”, “ансамбль”.

Шчырыя і сапраўды натхнёныя ашмянцы не пакінулі раўнадушнымі сваіх слухачоў і на гэты раз.

Дыпломамі II ступені ўзнагароджаны балалаечнік Павел Канавалаў (кіраўнік Вольга Паўловіч) і яго сястра – дамрыстка Маргарыта (кіраўнік Галіна Нацэўская).

Не пакінула без увагі журы і іншых удзельнікаў конкурсу:  спецыяльнымі падарункамі былі ўзнагароджаны вучаніца па класу цымбал Карына Загорская, гітарысты Данііл Ганусевіч і Дзмітрый Мацкевіч, балалаечніца Лізавета Ігнатовіч.

Граматы за высокі прафесіяналізм атрымалі выкладчыкі Вольга Іванаўна Паўловіч, Галіна Нікадзімаўна Нацэўская, канцэртмайстры Галіна Адамаўна Крыніцкая і Віталій Віктаравіч Юрэвіч.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.



2 комментария по теме “Месца, дзе раскрываюцца таленты

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *