Вершы і песні — для ветэранаў

Да 70-годдзя Вялікай Перамогі

Асаблівую актуальнасць падзеі Вялікай Айчыннай набываюць напярэдадні знакавых, юбілейных дат. Ствараюцца новыя помнікі, рэканструіруюцца старыя, ладзяцца патрыятычныя акцыі, тэматычныя канферэнцыі, выставы, сустрэчы і іншага кшталту мерапрыемствы. Гістарычнымі эпізодамі і партрэтамі ўдзельнікаў тых падзей стракацяць тэлеэкраны і старонкі перыёдыкі.


70-годдзе Вялікай Перамогі ў нашай краіне – гэта сведчанне таго, што беларусы ганарацца сваім гераічным мінулым, паважаюць тых, каму абавязаны жыццём. 9 Мая – свята, якое аб’ядноўвае людзей розных узростаў і прафесій, нацыянальнасцей і веравызнанняў. Гэта дата не застаецца незаўважанай ні ў адным вучнёўскім і працоўным калектыве.

У той перадсвяточны дзень у адным з адміністрацыйных будынкаў Ашмянскай мытні панавала нязвыклая для гэтай установы мітусня. Тут вяліся апошнія прыгатаванні да ўрачыстага мерапрыемства, прымеркаванага да 70-годдзя перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. На строгай прыгожай форме супрацоўнікаў з’явіліся “кветкі Перамогі”. З хваляваннем чакалі яны сустрэчы з ветэранамі.

Таццяна Сцяпанаўна Мягкова, Міхаіл Іосіфавіч Крайноў і Браніслаў Іванавіч Шагідзевіч былі запрошаны на літаратурна-музычную вечарыну, у якой таксама прынялі ўдзел мясцовыя паэты і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці раёна.

Старонкі гераічнага мінулага змянялі адна адну. Вядучыя Вікторыя Кашкель і Юлія Драгун, за кадрам – Наталля Якубцэвіч не прапусцілі ні адной значнай падзеі кровапралітнай вайны. Дапаўненнем сказанаму і ўбачанаму ў відэарадзе-хроніцы сталі вершы Валянціны Ліштван і Яўгена Куста на патрыятычную тэматыку, а таксама пранікнёныя песні ў выкананні Алены Лаздзін, Тарэсы Беражной і Сяргея Бараноўскага.

Сцішана стала ў зале, калі слова ўзялі ветэраны. Пачуць аб вайне ад сведкаў тых падзей – гэта не проста даведацца пра новыя факты тых далёкіх дзён, а больш глыбока зразумець веліч подзвігу нашых дзедаў і прадзедаў, адчуць на сабе іх перажыванні і трывогі. І хаця ветэраны сотні раз расказвалі аб падзеях вайны, хваляваліся. Тым больш, як адзначыла Таццяна Сцяпанаўна Мягкова, перад дарослай аўдыторыяй яна выступала ўпершыню. Кожны з ветэранаў прайшоў сваёй нялёгкай дарогай, але ўсе яны верылі, што гэты шлях абавязкова прывядзе іх да вызвалення ад фашысцкай навалы.

Страшны боль ад перажытага не ў сілах залячыць нават час. Таму ветэраны пажадалі ўдзельнікам святочнага мерапрыемства, каб вайна ніколі не вярнулася на нашы землі, каб новыя пакаленні памяталі трагічныя ўрокі Вялікай Айчыннай. Важнейшы з іх, безумоўна: самае каштоўнае ў свеце – гэта мір! І ніякія амбіцыі, ніякія разлікі, ніякія інтарэсы не варты таго, каб прыносіць ім ў ахвяру чалавечыя жыцці.

Віншаванні і падарункі госці святочнага мерапрыемства прымалі ад старшыні Беларускага грамадскага аб’яднання мытнікаў Івана Іванавіча Нівяркевіча і начальніка аддзела ідэалагічнай работы Ашмянскай мытні Алены Аркадзеўны Калыбінай. Для іх гучалі ў той дзень вершы і песні. Ім, героям Перамогі, адрасаваліся самыя цёплыя словы.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *