У Ашмянах адкрылася выстава “Гама натхнення”

Культура

Выяўленчае мастацтва захапляе многіх людзей. Хтосьці з дзяцінства імкнецца стаць сапраўдным творцам, а нехта прыходзіць да сваёй мары пазней. Адны займаюцца толькі жывапісам, іншыя – спрабуюць сумясціць працу з хобі. Але тых, хто спалучае мастацтва з кіраўнічай дзейнасцю, у нас на Ашмяншчыне знойдзецца няшмат. Сярод мясцовых мастакоў асобна вылучаецца імя дырэктара школы-інтэрната Уладзіміра Бізюка. У сценах краязнаўчага музея імя Ф. Багушэвіча адкрылася выстава яго работ пад паэтычнай назвай “Гама натхнення”.

Уладзімір Аляксандравіч вырас у вёсцы Солы на Смаргоншчыне. Па заканчэнні тутэйшай сярэдняй школы паступіў у БДУ на фізічны факультэт. Аднак акрамя строгай мовы формул і лічбаў яго цікавіла іншая, выразная і яскравая мова колераў і адценняў.

Краявіды Ашмяншчыны і Смаргоншчыны даўно “прапісаліся” на карцінах Уладзіміра Аляксандравіча. Любы, хто час ад часу выбіраецца ў лясы ці на вадаёмы нашага рэгіёна, можа без памылкі вызначыць месца, дзе нарадзілася кожная карціна. Быццам твары даўніх сяброў, глядач пазнае палянкі і рачулкі, узлескі і пагоркі… На выставе можна ўбачыць і ашмянскую царкву, і гальшанскі млын, і старую лазню на беразе Віліі. Побач з бацькоўскім домам пралягала чыгунка, таму на палотнах творцы ажываюць паравозы і цягнікі, нібыта скапіраваныя з кінастужак братоў Люм’ер і савецкай класікі. Рэалістычна перададзеныя дэталі не задавольваюць мастака, ён кажа, што пакуль не хапае фактычнай дакладнасці, хоць вока сучасніка не знойдзе ніводнай недарэчнасці. Магчыма, таму, што на кожнай карціне бездакорна захаваны законы оптыкі: Уладзімір Аляксандравіч ведае толк і ў дыфракцыі, і ў інтэрферэнцыі. Дзякуючы гэтым тонкасцям кожная работа здзіўляе рэалізмам, адлюстраванне кожнага аб’екта ў вадзе распрацавана да драбніц. Цікавая манера пісьма выдае аўтара – сказваецца фізічная адукацыя.

Але як жа фізік перакваліфікаваўся ў лірыка? Здавалася б, вучыцца сабе юнак у Белдзяржуніверсітэце, займаецца фізікай паўправаднікоў, якое там маляванне? Але яшчэ задоўга да паступлення яго вабіў свет мастацтва, хацелася  адлюстраваць прыгажосць навакольнага свету на палатне. Таму, займаючыся складанай і цікавай работай, малады чалавек адводзіў душу за творчасцю. І з гадамі, няглядзячы на занятасць і клопаты, не закінуў сваё захапленне. Майстэрні няма? Што ж, ёсць свабодны куток у кватэры. Жонка Ірына Францаўна навучылася не заўважаць часовыя нязручнасці.

Карціны свае мастак піша ў асноўным алеем. Яго любімыя поры года – ранняя вясна і позняя восень. На пытанне: “А як жа лета?” – шчыра адказвае: “А летам няма калі”. На самой жа справе часцяком, незалежна ад надвор’я і пары года, дырэктару школы даводзіцца адкладваць убок пэндзаль і фарбы, каб вырашыць чарговую новую працоўную задачу. І гэтых клопатаў у педагога-кіраўніка хапае заўжды. Да таго ж, жывапіс – не адзінае яго хобі: нароўні з выяўленчым мастацтвам Уладзімір Бізюк захапляецца тэхнічнай творчасцю і рыбалкай.

Творчых планаў у Уладзіміра Аляксандравіча нямала. Штосьці існуе ў выглядзе замалёвак, штосьці пакуль выношваецца ў галаве. Натхнення хапае, бракуе хіба што вольнага часу – праца над карцінай, бывае, доўжыцца тыднямі. А потым, калі ўжо быццам бы ўсё гатова, аўтар можа падысці бліжэй, прыдзірліва акінуць вокам зробленае і ўзяцца за які-небудзь не зусім дапрацаваны фрагмент.

Свае пажаданні выказалі госці мерапрыемства. Начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Іванаўна Балінская прыгадала эпізоды дзяцінства. І нездарма, бо яна – зямлячка мастака, калісьці вучылася з ім у адной школе. Цёплыя словы адрасавала Уладзіміру Аляксандравічу і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Святлана Мікалаеўна Баркоўская. Яна добра ведае яго творчасць – мастак нярэдка дорыць свае карціны сябрам і знаёмым. Уладзімір Бізюк атрымаў зборнік вершаў ад ашмянскага паэта Пятра Шаколы. Дырэктар музея Анастасія Навіцкая таксама ўручыла памятныя падарункі.

Прагучалі водгукі ад больш маладых мастакоў-аднадумцаў: Валерыя Ганевіча, Сяргея Дундо і Сцяпана Аўсюкевіча. Сцяпан Сцяпанавіч паднёс у якасці падарунка фарбы нямецкай вытворчасці. “Паспрабуем маляваць беларускія пейзажы нямецкай фарбай”, – жартаўліва паабяцаў мастак. На адкрыццё выставы завітала Тамара Уладзіміраўна Філіповіч, кніга якой была ўручана віноўніку ўрачыстасці.

Завяршыў адкрыццё выставы музычны сюрпрыз ад вучняў школы-інтэрната. Удзельнікі хора “Пралескі” пад кіраўніцтвам Вольгі Пятроўны Емяльянавай выканалі некалькі любімых песень Уладзіміра Бізюка. Спевакам акампаніраваў Уладзімір Карасёў.

Сёлетняя імпрэза для Уладзіміра Аляксандравіча не першая. Арганізоўваў ён выставы і ў Гродне, і ў Ашмянах, і ў Гальшанах. Пажадаем мастаку і педагогу, каб плады яго творчасці і надалей аздаблялі культурную палітру Ашмяншчыны.

Дзмітрый РАДКЕВІЧ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *