Алёна Маліноўская. Мой прадзядуля — ветэран

Да 70-годдзя Вялікай Перамогі

Я часта задумваюся, для чаго жыву і што мяне чакае наперадзе? У кожнага чалавека ёсць мары. Я мару добра скончыць школу, атрымаць добрую прафесію, стварыць сям’ю, шмат чаго дасягнуць у жыцці, быць не апошнім чалавекам і радавацца кожнаму дню, які мне падораны жыццём. Пра што марылі дзеці, моладзь, дарослыя, у якіх вайна забрала ўсё, нават дзяцінства?


Ад бабулі я даведалася пра свайго прадзядулю – Вацлава Альбінавіча Ждановіча. Ён прымаў удзел у вялікай Айчыннай вайне.

Вацлаў Альбінавіч Ждановіч нарадзіўся ў 1916 годзе ў вёсцы Кальчуны. Маці выхоўвала сына адна, таму жыццё было не з лёгкіх. Вучыўся ў Дэбесскай школе з польскай мовай навучання, аб чым сведчыць пасведчанне, выдадзенае 27 чэрвеня 1937 года. Затым служыў у польскай арміі ў Паставах. У пачатку 1941 года, пасля дэмабілізацыі, вярнуўся дадому. Дома чакалі маці і каханая дзяўчына Станіслава. У красавіку 1941 года згулялі вяселле, але  счаслівае жыццё не доўга цешыла іх. Пачалася вайна. Вацлаў Альбінавіч ідзе ў ваенкамат і яго забіраюць дабравольцам на вайну. Тую страшную вайну! Але дома чакаюць звестак і паштовак  жонка і маці.

Ваяваў у Польшчы, у Гвардзейскай Рэвенскай дывізіі. Быў паранены ў нагу. Ляжаў доўгі час у шпіталі. Пасля некаторы час абараняў млын і хлебзавод, дзе выпякалі хлеб салдатам. Шэсць месяцаў быў у палоне. Май 1945 года ён спаткаў у Берліне.

Калі вярнуўся з таго страшэннага пекла, трэба было пачынаць усё з нуля. Хату спалілі немцы, жонка і маці жылі ў склепе. Маці моцна хварэла.

Прадзядуля Вацлаў адразу пайшоў працаваць у арганізацыю МТС, якая знаходзілася ў вёсцы Болтуп. Спачатку працаваў брыгадзірам, затым – трактарыстам на пагрузчыку. Пасля расфарміроўкі МТС пачалі аб’ядноўваць калгасы. У той час у вёсцы Кальчуны калгас называўся “Победитель”, а крыху пазней маленькія калгасы аб’ядналі ў адзін вялікі, які называўся “Суворов”. У 1946 годзе нарадзілая дачка Каця (мая бабуля), а ў 1948 годзе нарадзіўся сын Іван.

Чалавек павінен перанесці ўсё тое, што дае яму Бог. Так і мой прадзядуля, пажаніўшы дзяцей, дачакаўшыся 7 унукаў, моцна захварэў. 2 сакавіка 1988 года ён памёр. Пахаваны на могілках у вёсцы Гароднікі.

У бабулінай шкатулцы я знайшла шмат медалёў, якія прадзядуля атрымаў за сваю сумленную працу, а таксама шмат медалёў і ордэнаў за ўдзел у Вялікай Айчынай вайне. Калі бярэш іх у рукі, задумваешся, праз якія фізічныя і маральныя выпрабаванні прайшоў мой прадзед. Выжыў, перамог, застаўся чалавекам! У маёй сям’і прадзядулю Вацлава ўспамінаюць з вялікай павагай і гонарам.

Я таксама ганаруся сваім прадзядулем. Кожны раз, калі бываю на могілках, кланяюся перад яго магілкай нізка-нізка за мір і згоду на нашай зямлі.

Алёна МАЛІНОЎСКАЯ,

вучаніца гуртка “Сябры музейнай справы” Кальчунскай СШ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *