Ашмянскія дашкольнікі вучацца эканоміць

Образование

Наша краіна не валодае багатымі энергетычнымі рэсурсамі, а таму пытанні павышэння энергаэфектыўнасці ва ўсіх сферах эканомікі ўжо даўно сталі прыярытэтнымі для дзяржавы. У мінулым годзе ў Беларусі стартаваў праект “Энергаэфектыўнасць у школах”, мэтай якога стала далучэнне насельніцтва да рэалізацыі мерапрыемстваў па энергазберажэнні і далейшае ўкараненне ў краіне інавацыйных энергазберагальных тэхналогій і тэхналогій з выкарыстаннем аднаўляльных крыніц энергіі.


Кіраўнік праекта “Энергаэфектыўнасць у школах” Сяргей Нікіцін расказаў, што дадзены праект накіраваны на розныя энергаэфектыўныя мерапрыемствы і фінансуецца Еўрапейскім саюзам. Таксама Сяргей Мікалаевіч адзначыў, што прафінансаваць усе ўстановы адукацыі немагчыма, таму быў аб’яўлены конкурс, на аснове якога былі выбраны чатыры ўстановы з Мінскай, Гродзенскай і Віцебскай абласцей. Сярод тых, хто выступіць у якасці пілотных аб’ектаў для ўкаранення шырокага комплексу энергаэфектыўных мерапрыемстваў, – ашмянскі яслі-сад № 6.

Акрамя асноўных, звычайных энергаэфектыўных мерапрыемстваў, такіх як замена старых вокнаў, цеплавая ізаляцыя вонкавых сцен і даху, замена лямпаў напальвання на энергазберагальныя, аўтаматызацыя цепласпажывання, эфектыўныя сістэмы асвятлення з рэгулюемым светлавым патокам, у праекце прысутнічаюць  і адносна новыя тэхналогіі, якія пакуль не знайшлі масавага прымянення — устаноўка ўтылізатара цеплыні для падагрэву прытокавага паветра, укараненне сонечных калектараў для сістэм гарачага водазабеспячэння.

З гэтымі “энергаэфектыўнымі навінкамі” ўстанова адукацыі будзе адпавядаць высокім тэхнічным патрабаванням і атрымае сучаснае аблічча. Увасобіць у жыццё ўсе мерапрыемствы па рэалізацыі праекта плануецца да новага навучальнага года.

— У праекта ёсць і адукацыйная мэта, — адзначае Сяргей Нікіцін. — Сёння цепланосьбіты даражэюць, спажыванне вады таксама абыходзіцца вельмі дорага, таму задача адна — захаваць і зэканоміць.  У гэтым плане рэалізацыя праекта “Энергаэфектыўнасць у школах” — важкі ўклад у будучыню як у тэхнічным, так і ў адукацыйным плане.

У межах праектнай ініцыятывы «Эканомна мы жывём, цяпло і святло беражом» у яслях-садзе №6 прайшло мерапрыемства «Берагоша і яго сябры».  На мерапрыемства запрасілі выхаванцаў садка, бацькоў, педагогаў установы адукацыі, прадстаўнікоў “Ашмянскіх электрычных сетак”, спецыялістаў праекта “Энергаэфектыўнасць у школах”.

З прывітальным словам выступіў кіраўнік праекта «Энергаэфектыўнасць у школах» Сяргей Мікалаевіч Нікіцін.

Загадчык ясляў-сада №6 Марына Валер’еўна Мельнікава пазнаёміла прысутных з мэтамі і задачамі энергазберажэння ў дашкольнай установе. Яна адзначыла, што сёння  грамадства мае важную задачу — змяніць у свядомасці кожнага чалавека стэрэатып аб невычэрпнасці прыродных энергарэсурсаў.

З сістэмай метадычнай работы па фарміраванні ў дзяцей дашкольнага ўзросту навыкаў рацыянальнага і эканомнага выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў пазнаёміла намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Марына Іванаўна Яркевіч. Яна расказала, што ў дашкольнай установе адукацыі распрацавана сістэма мерапрыемстваў па выхаванні ў дашкольнікаў навыкаў рацыянальнага і эканомнага выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў: пазнавальныя і этычныя размовы “Адкуль да нас прыходзіць электрычнасць”, пазнавальныя гульні “Гісторыя электрычнасці”, “Цікавая сустрэча з Электрончыкам”, “Прыгоды лямпачкі”, экскурсіі ў арганізацыю “Ашмянскія электрычныя сеткі”, творчыя выставы выхаванцаў.

У выкананні выхаванцаў садка гучалі песні, “энергаэфектыўныя” казкі і “энергаэфектыўныя” прыпеўкі, тэатральныя пастаноўкі і танцавальныя нумары. Аб тым, як можна эканоміць, у вершаванай форме гледачам расказалі  персанажы Берагоша, Цяплоша і Электроша.

Бацькі таксама не засталіся ўбаку ад мерапрыемства, яны прымалі актыўны ўдзел ў віктарынах і конкурсах. Пасля мерапрыемства кіраўнік праекта “Энергаэфектыўнасць у школах” Сяргей Нікіцін адказаў на пытанні бацькоў і журналістаў, якія датычыліся  дзейнасці праекта і цеплатэхнічнай мадэрнізацыі дзіцячага садка, якую хутка ўвасобяць у жыццё.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *