Юныя ашмянскія «акадэмікі» — на міжнародным турніры

Спорт

Футбольная акадэмія Fair Play у канцы лютага – пачатку сакавіка  ўзяла ўдзел у Кубку “Уценіс-2015”, які праходзіў у Літве.


Выступілі каманды футбольнай акадэміі 2001/02, 2003/04, 2005/06 і 2007/08 г.н.

Гульня самых маленькіх прадстаўнікоў футбольнай акадэміі пакінула ў трэнера і балельшчыкаў станоўчыя эмоцыі і замілаванне. Вынікі яе наступныя: перамога над гаспадарамі турніру камандай Utena з лікам 1:0, пройгрыш ў гульні з футбольнай акадэміяй з г. Панявежыс 0:6, нічыя з прадстаўнікамі Вільнюса – камандай aibas 0:0, далей чакала перамога над яшчэ адной камандай з Панявежыса Naikas 1:0 і нічыя 0:0 з латвійскай камандай Marupe з аднайменнага горада.

Як вынік – другое месца і магчымасць сысціся ў фінале з футбольнай акадэміяй Панявежыса. Ва ўпартай барацьбе нашы юныя футбалісты саступілі 1:5. Хай і не ўсё атрымлівалася, няхай было складана адаптавацца да новых умоў гульні на стандартнай міні-футбольнай пляцоўцы, але шчырая любоў да футбола, а таксама жаданне перамогі дазволілі нашым хлопцам узняцца даволі высока. Кожны з іх намагаўся дасягнуць максімуму на сваёй пазіцыі. Высокі ўзровень самадысцыпліны, увага да тлумачэнняў трэнера і выкананне ўстаноўкі на гульню – вось складнікі жаданай перамогі. Маленькія “акадэмікі” праявілі немалое жаданне кожны раз дасягаць найлепшага выніку.

Трэнер выказаў спадзяванні, што і надалей нашы самыя юныя аматары футбола не растрацяць свае байцоўскія якасці і яшчэ не аднойчы парадуюць гледачоў і балельшчыкаў добрай гульнёй. Асобную падзяку заслужыў варатар Мікіта Лобан за адчайную барацьбу на апошняй мяжы абароны. Менавіта ён стаў лепшым гульцом каманды па версіі арганізатараў турніру. Каманда была ўзнагароджана срэбнымі медалямі і кубкам.

Першы гульнявы дзень быў даволі складаным. Пакінулі свой след вельмі ранні выезд на турнір, што, безумоўна, паўплывала на ход гульні, хлопчыкі былі проста стомленыя дарогай. У матчах з удзелам футбалістаў 2001/02 г. н. і 2005/06 г. н. гульня абароны выклікала ў трэнера больш задавальнення, чым дзеянні гульцоў лініі атакі.

Безумоўным героем абодвух гульнявых дзён сярод удзельнікаў каманды 2003/04 г.н. стаў наш варатар Вадзім Буйніцкі. Гэта быў адзіны ўдзельнік, якога не турбавалі ні ўзрост сапернікаў (Вадзім 2005 г.н.), ні іх фізічная і гульнявая перавага. Менавіта ён па выніках турніру быў прызнаны арганізатарамі лепшым варатаром.

Падводзячы вынікі выступлення сваіх падапечных, Аляксандр Кушнер зазначыў:

– Удзел у такім турніры быў першым міжнародным гульнявым вопытам нашых “акадэмікаў”. Каманды футбольнай акадэміі 2005/06 г.н. дэманстравалі даволі прыстойны ўзровень гульні. Таксама было цікава паглядзець на ўзровень падрыхтоўкі дзіцячых літоўскіх футбольных камандаў. Найбольшае ўражанне пакінуў стыль гульні нашых сапернікаў. Футбол у іх выкананні быў цалкам пабудаваны на перадачах і перамяшчэннях. Падчас гульні яны амаль не выкарыстоўвалі фінты, усё падпарадкавана выключна каманднай гульні і групавым узаемадзеянням.

Ад свайго імя хачу выказаць падзяку ўсім арганізатарам і бацькам, якія падтрымалі пачынаючых футбалістаў. Я перакананы, што ўдзел у турніры станоўча паўплывае на матывацыю юных спартсменаў, папоўніць іх скарбонку ведаў, уменняў і навыкаў такім неабходным гульнявым вопытам.

Дзмітрый РАДКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *