Эстафета Перамогі прыбыла ў Ашмяны

Да 70-годдзя Вялікай Перамогі События

14 лютага эстафета Перамогі, што праходзіць уздоўж мяжы краін СНД, прыбыла ў Ашмяны. Урачыстае мерапрыемства з гэтай нагоды прайшло ў раённым Доме культуры, дзе ўдзельнікаў эстафетнай групы Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь віталі асабісты састаў аддзела пагранічнай службы “Ашмяны” і мясцовыя жыхары.

Як паведаміў начальнік Смаргонскай пагранічнай групы Аляксандр Маркевіч, сімвал міжнароднага мерапрыемства – вымпел у Трабах перадалі смаргонскім пагранічнікам лідскія калегі.

“Традыцыя правядзення такіх эстафет адыходзіць у далёкі 1928 год, калі з Петрапаўлаўска-Камчацкага стартаваў велапрабег уздоўж сухапутнай мяжы Савецкага Саюза,” – менавіта з гістарычнай даведкі пачаў свой аповед старшы эстафетнай групы, намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы Дзяржпагранкамітэта Рэспублікі Беларусь Віктар Плісік. На значнасці такіх мерапрыемстваў у справе выхавання падрастаючага пакалення спыніўся ў сваім выступленні намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама Аляксандр Саванец. Зварот кіраўнікоў дзяржаў – удзельніц краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў да грамадскасці зачытаў галоўны спецыяліст аддзела інфармацыі і прапаганды ўпраўлення ідэалагічнай работы Дзяржпагранкамітэта Міхаіл Скомскі.

Міру на Зямлі і ў кожным доме пажадаў усім прысутным настаяцель храма Святога князя Аляксандра Неўскага ў Крэве протаіерэй Валянцін Шэлест.

Урачыстасць прадоўжылася святочнай канцэртнай праграмай ваеннага аркестра Смаргонскай пагранічнай групы.

Затым эстафетная група накіравалася ў Смаргонь. 15 лютага тут пройдзе ўскладанне кветак да помніка на брацкай магіле воінаў і партызан, а таксама будуць арганізаваны сустрэчы з ваеннаслужачымі. 16 лютага ўдзельнікі эстафеты прыбудуць у Паставы, дзе сімвал Перамогі будзе перададзены Полацкаму пагранічнаму атраду.

Перадача эстафеты прадстаўнікам ФСБ Расіі пройдзе 18 лютага ў Верхнядзвінскім раёне на стыку межаў трох дзяржаў: Расіі, Беларусі і Латвіі. Фінішуе мерапрыемства ў Дзень пагранічніка – 28 мая ў Маскве.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *