У Ашмянах прайшоў конкурс патрыятычнай песні “Сэрца зямлі маёй”

Да 70-годдзя Вялікай Перамогі

У апошнія студзеньскія дні ў раённым доме культуры прайшоў конкурс патрыятычнай песні “Сэрца зямлі маёй”, прысвечаны 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.  Арганізатарамі конкурсу выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ашмянскага райвыканкама і раённы камітэт грамадскай арганізацыі “БРСМ”.


— Прыемна, што сёлета конкурс праходзіць у Год моладзі, — зазначыла  першы сакратар РК ГА БРСМ Вольга Шыдлоўская. — Я спадзяюся, што нашыя выступоўцы назаўсёды застануцца патрыётамі сваёй Беларусі.

У гэтым годзе на конкурс з’ехалася больш за трыццаць таленавітых выканаўцаў з усяго раёна ад 14 да 35 гадоў. Канкурсанты з гарадскіх і сельскіх школ, каледжаў, цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, школаў мастацтваў, сельскіх дамоў культуры і прадпрыемстваў спявалі аб Вялікай Айчыннай вайне і аб роднай беларускай зямлі.

Прафесійнае журы ацэньвала не толькі выканаўчае майстэрства ўдзельнікаў і сцэнічную культуру, але і ідэйна-мастацкі ўзровень рэпертуара, арыгінальнасць, артыстычнасць і абавязкова ўзровень музычнага суправаджэння ці фанаграм. Творчыя таленты канкурсантаў ацэньваліся ў розных намінацыях, сярод якіх былі як групавыя, так і сольныя выступленні.

Кожны ўдзельнік з дапамогай песні і свайго таленту выказаў тыя пачуцці, якія адчувае да сваёй краіны сапраўдны патрыёт. У сёлетнім конкурсе адметна было і тое, што большасць удзельнікаў спявала пра цяжкі лёс людзей падчас далёкіх ваенных падзей і перамогу.

Не пакінулі журы раўнадушнымі і тыя, хто спяваў на роднай мове. Меладычнасць беларускай мовы змушвала неяк асабліва гучаць песні ў выкананні юных дараванняў нашага раёна.

Пераможцам конкурсу патрыятычнай песні “Сэрца зямлі маёй” у  намінацыі “Харавы калектыў” стаў узорны хор “Тоніка” з сярэдняй школы №3. Таленавітыя выканаўцы з Жупранскай сярэдняй школы сталі лепшымі ў намінацыі “Вакальная група”.  За салістак Ангеліну Захарэўскую з сярэдняй школы №3 і Марту Буткевіч, якая выступала за прадпрыемства “Аграпрамтэхніка”, усе члены журы без спрэчак аддалі свае галасы.

На конкурс прыйшло шмат таленавітых выканаўцаў, таму адпусціць іх без прызоў было б няправільна. За выканаўчае майстэрства журы адзначыла Надзею Мухарскую (ААТ “Ашмянскі мясакамбінат”), Дзяніса Евушка (Навасёлкаўскі вучэбна-педагагічны комплекс) — за артыстычнасць, выхаванцаў Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў — за актыўны ўдзел у конкурсе, і, канешне, яркую Рэнату Субач (сярэдняя школа №2) з песняй “Просто война” — за ідэйна-мастацкі ўзровень рэпертуара.

Хутка адзін з пераможцаў прадставіць наш раён на абласным адкрытым фестывалі патрыятычнай песні, які адбудзецца ў Гродна 26 лютага.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *