У Ашмянах прайшла віктарына “Мы не аддзелены ад лёсу нашай Радзімы”

Да 70-годдзя Вялікай Перамогі Культура

У першую снежаньскую суботу самыя актыўныя юныя краязнаўцы сабраліся ў музеі імя Францішка Багушэвіча, каб даведацца вынікі віктарыны “Мы не аддзелены ад лёсу нашай Радзімы”. Гэта быў заключны, чацвёрты этап раённага мерапрыемства, якое супрацоўнікі музея праводзілі сумесна з калектывам цэнтра турызму і краязнаўства. Віктарына прысвячалася 70-годдзю вызвалення Беларусі.


Папярэдне ўсім школам быў дасланы спіс пытанняў па гісторыі горада і раёна ў час Вялікай Айчыннай вайны. Пісьмовыя адказы на іх, сабраныя ў адмысловыя альбомы, ацэньваліся журы. За найбольш поўныя і змястоўныя звесткі, дапоўненыя дадатковымі матэрыяламі і аформленыя найбольш якасна, можна было атрымаць максімум 22 балы. Удзел узялі практычна ўсе школьныя ўстановы Ашмяншчыны.

Падчас заключнага мерапрыемства ўдзельнікі віктарыны праслухалі лекцыю навуковага супрацоўніка музея Вольгі Вінцаловіч, у якой прагучалі правільныя адказы.

Вызначыць найбольш дасведчаных у такога роду конкурсах – справа няпростая. Калі гартаеш работы вучняў, здаецца, што ўсе зроблены аднолькава якасна. Таму некаторыя месцы былі прысуджаны адразу некалькім удзельнікам.

Месцы размеркаваліся наступным чынам. На трэцім месцы – Анастасія Цярэшкіна (Граўжышкоўскі ВПК, кіраўнік – Я. С. Навіцкі) і Інга Гіз (Кальчунская СШ, кіраўнік – С. П. Чарняк). Другое месца падзялілі Марыя Шведава (СШ № 2, кіраўнік – Л. Г. Пятрова), Дар’я Швабовіч (Мураванаашмянкоўскі ВПК, кіраўнік – М. Ю. Швабовіч) і Сяргей Шчыкно (СШ № 1, кіраўнік – Р. І. Ануфрыева).  А найбольш поўныя і правільныя адказы даслала Паліна Міхеева (СШ № 2, кіраўнік – Л. Г. Пятрова), якая заваявала першае месца.

Усе ўдзельнікі атрымалі памятныя падарункі, а пераможцам былі ўручаны і дыпломы адпаведных ступеняў.

Дарэчы, праца вучняў не прайшла дарэмна – усе работы перададзены ў фонд музея і любы жадаючы можа азнаёміцца з імі, выкарыстаць для самаадукацыі і як дапаможны матэрыял па гісторыі роднага краю.

Дзмітрый РАДКЕВІЧ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *