У Ашмянскі музей — за скарбамі народнай культуры

Культура Образование

Сучаснасць нярэдка дыктуе свае правілы, стварае сваю рэчаіснасць, дзе час імкліва ляціць наперад і падштурхоўвае нас. Сціраюцца сляды продкаў, парываюцца повязі вякоў, знікаюць звычаі і традыцыі, якія ствараліся стагоддзямі. І таму неабходна час ад часу нагадваць сабе і іншым пра нашыя карані.


Дзеля гэтага краязнаўчы музей імя Францішка Багушэвіча падрыхтаваў выставу “Скарбы вясковых куфраў”. У пачатку лістапада адбылося яе адкрыццё.

Экскурсаводы Вольга Вінцаловіч і Ірына Бусловіч запрасілі прысутных у падарожжа па вясковай хаце. Пачалі з галоўнага – а гэта значыць, згодна з даўняй прымаўкай, пачалі “скакаць ад печкі”. І праўда, печ у даўняй культуры была сапраўдным сэрцам хаты – яна ацяпляла жыллё, у ёй гатавалі ежу людзям і жывёле, на ёй спалі, захоўвалі рэчы, сушылі збожжа і гародніну. Узімку прыпечак рабіўся домам для хатняй жывёлы і птушкі. Нядзіва, што з печчу звязвалі мноства абрадаў і павер’яў, напрыклад, “перапяканне” дзіцяці, таксама печ лічылася “рэзідэнцыяй” дамавіка, а вуголле з печы нельга было пазычаць.

Гасцям экскурсіі паказалі такія звычайныя яшчэ для нашых бацькоў рэчы, а цяпер ужо амаль рарытэты, як вілачнік, качарга, чыгунок, чыгунны прас, рубель (не грошы, а прылада, якая замяняла прас).

Яшчэ адно сакральнае месца – “чырвоны кут”, ці покуць, прыцягнула ўвагу гасцей сваімі таямніцамі. Чаго варты той факт, што сюды, на пачэснае месца мог трапіць толькі самы жаданы госць.

Нават, здавалася б, такая будзённая справа, як харчаванне, для нашых продкаў была сапраўднай падзеяй. Яшчэ падчас пасадкі за стол пачыналася выхаванне – сядалі на свае месцы па старшынству. Менавіта тут, за адным сталом, калі збіралася ўся сям’я, старэйшыя перадавалі вопыт, веды новаму пакаленню, выхоўвалі дзяцей. Існаваў нават кодэкс няпісаных правіл прыстойных паводзін, вядомы ў народзе пад назвай “людскасць”, і парушальнік гэтых нормаў рызыкаваў атрымаць лыжкай па ілбе і нават мог быць выгнаным з-за стала прэч.

Расказалі і пра рэчы, якія захоўваліся ў вясковых куфрах, пра абрад перавозкі пасагу ў новы дом. Асобна спыніліся на асаблівасцях старадаўняга абутку і вопраткі.

Найбольш цікавым эпізодам экскурсіі стаў майстар-клас па ткацтве, які правяла дырэктар Навасёлкаўскага СДК Наталля Фёдараўна Шымановіч, зрабіўшы найпрасцейшы ткацкі станок са спадручных рэчаў – лінейкі і алоўка. Смялейшыя дзяўчаты пераканаліся, што ткацкая справа на першы погляд хоць і нескладаная, на самой справе даволі карпатлівая і вельмі цікавая.

Прадстаўнікі першай экскурсіі – вучні 7 “Б” класа СШ № 3 разам з класным кіраўніком Ганнай Вячаславаўнай Бярнацкай – з цікавасцю ўдзельнічалі ў прапанаваных занятках, адказвалі на пытанні, уважліва слухалі экскурсаводаў. Дзеці таксама спрабавалі правесці эксперымент з саламяным “павуком”, які можа пачаць вярцецца сам сабой, калі пад ім некаторы час… проста спакойна пастаяць.

Асноўныя фрагменты сельскага жыцця паказвала гаспадыня – цётка Марыля, ролю якой выканала Марына Гендрыкаўна Горыд. На заканчэнне экскурсіі яна, узброіўшыся вілачнікам, па-майстэрску дастала з печы чыгунок з ячневай кашай і ўсім гасцям прапанавалі пачаставацца. Так што ўражанняў (і кашы з квашанай капустай) хапіла кожнаму.

Дзмітрый РАДКЕВІЧ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *