Завітаў да нас кірмаш

События

У мінулую нядзелю, 12 кастрычніка, у нашым горадзе прайшоў маштабны кірмаш. Традыцыйна аграрыі і прадпрыемствы раёна і іншых куткоў краіны прапаноўвалі сваю прадукцыю ашмянскаму пакупніку.

Торг распачаўся зранку. Гандляры толькі-толькі размясціліся на загадзя падрыхтаваных пляцоўках на вуліцы Першамайскай і плошчы 17 Верасня, як завіталі першыя пакупнікі – і кірмаш пайшоў.

Гаспадаркі раёна прапаноўвалі сваю прадукцыю. Вельмі хутка разыходзілася пшаніца па 2500-2700 рублёў за кілаграм. Бралі і ячмень па 2300. Даўжэй стаяць прыйшлося з трыцікале – нават па 2100 яно ў многіх заляжалася. СВК “Прыгранічны” прапаноўваў проса па 2100 за кілаграм, СВК “Граўжышкі” – авёс па 2000 рублёў. Найтаннейшая бульба была ў СВК “Кракоўка” – 2200 рублёў за кілаграм, таму і закончылі гандляваць хутчэй за іншых. Астатнія трымаліся – 2500 за кілаграм прасілі граўжанцы, па столькі ж – гандляры э/б “Баруны” за кілаграм “журавінкі” і гальшанскія аграрыі за “валадар”. Некаторыя фермеры нават хацелі за сваю бульбу 2800 рублёў за кілаграм і вышэй. Што ж, кожны ставіць свой кошт, на тое і кірмаш.

Садаводы СВК “Ашмянскі Світанак” гандлявалі яблыкамі па кошце ад трох да пяці тысяч за кілаграм, а таксама сокам – 32 тысячы за тры літры.

Райспажыўтаварыства таксама прапаноўвала сельгаспрадукцыю: бульбу па 2750 рублёў за кілаграм, сталовыя буракі і капусту па 3400, цыбулю па 5500, яблыкі па 6600, моркву па 4100.

Не абмінулі кірмаш і рыбгасы: з Брэсцкай вобласці – “Днепрабугскі”, з Міншчыны – “Грыцава”, завіталі і нашы суседзі з Солаў. Пацешылі яны ашмянцаў карпам і таўсталобікам.

Ракаўская птушкафабрыка прывезла “эксклюзіў”: яйкі па 9 і 10 тысяч, філе індычкі па 100 тысяч і індычыныя сцёгны па 72 тысячы. Найбольшая чарга была менавіта ля іх фургона.

Прывезлі харчовыя тавары і прадпрыемствы раёна і вобласці. Былі тут і мука, і кава, і здоба, і прыправы.

Нароўні з дзяржаўнымі гаспадаркамі і прадпрыемствамі свой тавар выстаўлялі і прыватнікі. Зазначым, што па некаторых пазіцыях фермерскія гаспадаркі не саступалі сельгаскааператывам. Так, у іх можна было прыдбаць і трусоў, і маладняк дробнай рагатай жывёлы, і салодкі перац, і грыбы, і часнок, і мёд, і гарбузовыя семкі. У іх можна было знайсці цыбулю па 4500 і капусту па 2000, пятрушку па 5000 і моркву па 3500, зялёныя памідоры па 5000 і сталовыя буракі па 3500.

З гадавальнікаў пладова-ягадных культур даставілі саджанцы кустоў і дрэў. Прадаваліся яблыні, грушы, вішні, алыча, чарэшні, агрэст, буякі ды шмат чаго іншага. Астравецкі лясгас прапаноўваў лісцевае і хвойнае кустоўе. Можна было набыць і хрызантэмы ў гаршках па 55 тысяч.

Над кірмашом плыла вясёлая музыка, запрашалі да сябе майстры, а дзятву вабілі атракцыёны. Прыемнаму баўленню часу выхаднога дня спрыяла цёплае пагоднае надвор’е. Таму кожны мог разам з пакупкамі прынесці з кірмашу і бясплатны дадатак – адчуванне свята і добры настрой.

Дзмітрый РАДКЕВІЧ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *