Куток дзяцінства, расквечаны яркімі фарбамі

Образование

Большасць з нас у дзяцінстве наведвалі дзіцячы садок. Ад таго, наколькі прыемным і карысным месцам ён акажацца, залежыць многае — у чымсьці нават далейшы лёс маленькага чалавека. Дзіцячы сад, пра які пойдзе гаворка ніжэй, з самага пачатку свайго існавання меў выдатную ўласцівасць — афарбоўваць свет дзіцяці ў яркія, радасныя фарбы.


Яслі-сад у Гальшанах прымае дзяцей ужо дваццаць сем гадоў, амаль шаснаццаць з якіх загадчыкам тут працуе Ганна Міхайлаўна Каваліцкая. За гэты час садок прайшоў доўгі шлях не толькі станаўлення, але і творчага пошуку, назапашвання педагагічнага вопыту, павышэння якасці працы, паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы. Сваім развіццём ён шмат у чым абавязаны кіраўніку і выхавацелям – добрым арганізатарам, сапраўдным майстрам сваёй справы. Дарэчы, у гэтым годзе загадчыцу ясляў-сада Ганну Каваліцкую ўзнагародзілі Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі за шматгадовую добрасумленную працу.

Як толькі апынаешся ля садка, здаецца, што трапляеш у казку: арэлі так і вабяць пагушкацца на іх, горкі клічуць пакатацца, а морам кветак немагчыма не захапіцца. З камянёў тут выкладзена карта нашай краіны, а на невялікім кавалку тэрыторыі аформлена своеасаблівая кампазіцыя — падворак з млыном, які назвалі “Гальшанскай сядзібай”.

Сёння ў дзіцячым садку функцыянуюць 4 рознаўзроставыя групы, якія наведваюць 54 дзіцяці. Яны займаюцца ў добраўладкаваных кабінетах, спяваюць і танцуюць у музычнай зале, займаюцца фізічнай культурай у абноўленай спартыўнай зале і спазнаюць гісторыю роднага краю ў этнаграфічным пакоі.

Акрамя таго, у садку створана адапцыйная група, дзякуючы якой дзеці хутка ўваходзяць у жыццё групы, вучацца самастойнасці, маюць  зносіны са старэйшымі і аднагодкамі. Працуе тут і дзяжурная група, бо бываюць выпадкі, калі бацькам патрэбна дзе-небудзь затрымацца, а пасядзець з малым няма каму.

Пяць выхавацеляў дзіцячага сада знаходзяць сцежку да душы кожнага дзіцяці, кухары імкнуцца дагадзіць смачным і карысным пачастункам, музычны кіраўнік — раскрыць творчы патэнцыял. Вынікам добрасумленнай працы з’яўляюцца шматлікія ўдзячныя водгукі бацькоў, упэўненых, што іх дзяцей штораніцы чакаюць з нецярпеннем.

Калектыў Гальшанскага дзіцячага садка — гэта калектыў аднадумцаў, які працуе па прынцыпе адзінай педагагічнай каманды пад кіраўніцтвам выдатнай загадчыцы Ганны Міхайлаўны Каваліцкай. Галоўнае для іх – любоў да дзяцей і жаданне падарыць ім радасць, веды і часцінку душы. Расце тут і добрая маладая змена, якая захоўвае і працягвае традыцыі старэйшага пакалення педагогаў.

Ганна Каваліцкая расказала, што сад працуе ў культуралагічным накірунку каля сямі гадоў. Тут стараюцца выхоўваць у дзяцей маральна-патрыятычныя якасці, выкарыстоўваючы традыцыі беларускага народа, фальклор. Для гэтага педагагічны калектыў сумесна з бацькамі папаўняе  экспазіцыі створаных у групах міні-музеяў па сучасным дэкаратыўна-прыкладным мастацтве Беларусі — «Беларускі лён», «Беларуская саломка», «Беларускае ганчарства». Педагогамі актыўна вядзецца праца па папаўненні метадычнай  выставы «Выхоўваем патрыёта».

У мінулым годзе выхаванцы займаліся ў гуртку дзіцячай ручной творчасці. У кастрычніку пачнуць працаваць лагапедычны і харэаграфічны гурткі на платнай аснове, ёсць і бясплатныя, адзін з такіх – “Спадчына”, дзе спазнаюць гісторыю роднага краю і  рыхтуюць экскурсаводаў.

Выхаванцы ўдзельнічаюць у розных раённых  і абласных конкурсах, дзе заўсёды займаюць прызавыя месцы. За самаадданую працу, добрую падрыхтоўку выхаванцаў педагогі былі адзначаны раённым аддзелам адукацыі. Менавіта яны дапамагаюць сваім выхаванцам рыхтавацца да конкурсаў.  У раённым конкурсе “Квітней, мой край”  дзеці Гальшанскага ясляў-садка занялі 1-е месца ў намінацыі “Лекавы кветнік”. Яны вырошчваюць яркія кветкі, карысныя лекавыя травы.

Кожны год выхаванцы разам са сваімі выхавацелямі ўдзельнічаюць у інтэлектуальнай гульні “Малышок”, у даследчых канферэнцыях. Выхавацелі разам з дзецьмі ўдзельнічалі ў фестывалі “Вясёлка дзяцінства». А на кожнае свята рыхтуюць музычныя і спартыўныя мерапрыемствы.

Бацькі таксама не застаюцца ўбаку ад заняткаў сваіх дзяцей. Нядаўна ў садку праводзіўся конкурс “Дом прафесіі”, дзе каля трыццаці лялек апранулі ў аддзенне пэўнай прафесіі, падабралі ім працоўныя “аксэсуары”. Бацькі дапамаглі шыць касцюмы, спецыяльную форму, набывалі прылады для лялек. Выстаўка атрымалася цікавай і пазнавальнай.

Ганна Каваліцкая расказала аб тым, што ў планах  адкрыццё яшчэ некалькіх гурткоў, добраўпарадкаванне тэрыторыі, замена агароджы. Дарэчы, у гэтым годзе веранды набылі новае аблічча, з’явіліся новыя пясочніцы для самых маленькіх, новыя веснічкі і вароты, мэбля да новага навучальнага года. Добрую падтрымку ў гэтай справе аказаў СВК “Гальшанскі”.

Ідзе час, вырастаюць дзеці, у калектыў прыходзяць новыя працаўнікі… А дзіцячы садок у Гальшанах з кожным годам змяняецца і квітнее.

Кацярына РУДЗІК.

НА ЗДЫМКАХ:

Данута Скаржынская

са сваімі выхаванцамі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *