«Хапай вандзэлкі — арбон на адлёце!»

Главное

У нашым краі па сённяшні дзень можна пачуць слова “арбон”. Так мясцовыя жыхары сталага ўзросту называюць звычайны аўтобус, зрэдку карыстаюцца ім і больш маладыя  людзі. Прыпамінаюць ашмянцы, у прыватнасці Васіль Юрша, што на аўтавакзале бытаваў вельмі каларытны выраз: “Хапай вандзэлкі — арбон на адлёце!” Чаму ж грамадскі аўтатранспартны сродак займеў такую назву?

Аўтобус маркі “Заўрэр”

Каб высветліць адказ на гэтае пытанне, звернемся да гісторыі ўзнікнення аўтобуснага руху на Ашмяншчыне. Як адзначана ў мясцовай кнізе “Памяць”, пасля Першай сусветнай вайны адным з прыярытэтных накірункаў дзейнасці мясцовых улад стала дарожнае будаўніцтва. Пачалося яно ў планавым парадку ў 1920 годзе, і ўжо да 1926 года была створана сетка аўтадарог у Ашмянскім павеце. Гэта дазволіла “злучыць аўтобуснымі маршрутамі Ашмяны з чыгуначнай станцыяй Ашмяны, Вільняй, некаторымі гміннымі цэнтрамі”. Напачатку пасажырскія перавозкі набываюць стыхійны і нерэгулярны характар. Аўтобусы, якія належалі мясцовым прадпрымальнікам ці шматлікім дробным віленскім суполкам, былі рознага тыпу, розных аўтамабільных фірм, недасканалыя, з мінімумам камфортных умоў.

У канцы 20-х гадоў мінулага стагоддзя вывучаецца камерцыйны попыт на перавозкі, адкрываюцца новыя маршруты руху, адначасова прыпыняюцца стратныя. Па статыстычных звестках за 1929 год праз Ашмяны з Вільні праходзілі аўтобусы на Івянец, Вілейку, Смаргонь, Крэва, Радашковічы. Акрамя іх даехаць да нашага павятовага горада і вярнуцца з яго можна было некалькімі прамымі аўтобусамі. У гэтым годзе на 24 лініях прыгарадных і міжгародніх маршрутаў Вільні курсіравала 69 аўтобусаў. Усе яны адпраўляліся з плошчы Ажэшкі, дзе знаходзілася віленская аўтастанцыя. “Віленскі ваяводскі дзённік” у 12-м нумары за 1931 год прыводзіць спіс уласнікаў аўтобусаў па Ашмянскім павеце. Ашмянскія гараджане Лернер Звулен і Хейн Эміль мелі два аўтобусы, Шэлюбская Дора і Бакшт Вульф — па аднаму, фірма “Саір” валодала трыма аўтобусамі.

Пра атмасферу ў час паездак і арганізацыю руху можна даведацца з артыкула “Аўтобусная камунікацыя ў Ашмянскім павеце”, які быў надрукаваны 21 студзеня 1930 года ў “Кур’еры Віленскім”. У перакладзе Таццяны Кляшчонак прывядзём некаторыя вытрымкі з аповяда ананімнага аўтара. “Мы ўжо даўно маем аўтобусную камунікацыю, якая робіць магчымай больш хуткую сувязь паміж правінцыйнымі гарадамі і мястэчкамі і Вільняй.  Але ў гэтай камунікацыі ёсць сёння вялікія нязручнасці і мясцовыя цяжкасці. Нядаўна я збіраўся ехаць з Ашмян у Вільню. На вуліцах Ашмян практыкуецца спосаб заахвочвання да заўчаснага набыцця білетаў па прычыне магчымай адсутнасці месцаў. У гэты час паміж сабой канкурыравалі два аўтобусы (аўтобус пана Мінейкі быў тады ў рамонце пасля катастрофы пад Меднікамі Каралеўскімі) — уладальніка І.Пака і фірмы «Брокуэй», які належаў Эпштэйну і суполцы.

Расклад руху аўтобусаў, 1930 год.

І вось я заўчасна купіў білет у мясцовай кандытарскай Эпштэйна, каб упэўнена паехаць «Брокуэем”. Калі надышоў момант ад’езду з Ашмян, уладальнікі абодвух аўтобусаў дамовіліся паміж сабой і пасадзілі ўсіх пасажыраў у высокую, доўгую і дзіравую старую ландару, якая з’яўлялася ўласнасцю І.Пака.

На пытанне пасажыраў, чаму такое адбываецца, было растлумачана, што пасажыраў занадта мала для двух аўтобусаў. Аўтобус быў запоўнены да адказу, не было нават стаячых месцаў, шмат людзей сядзела на чамаданах. Я налічыў 32 чалавекі. Перагрузка. Пры адпраўцы аўтобуса не было ніякага паліцэйскага кантролю.

А як праходзіла само падарожжа? Шафёр нападпітку, з папяросай у зубах, побач з ім у вячэрні час сядзеў пасажыр, з якім ён увесь час вёў гучную размову з такімі эпітэтамі, якія сорамна паўтарыць, нягледзячы на тое, што перад шафёрам вісеў надпіс: «Размаўляць з вадзіцелем аўтобуса забараняецца». На заўвагу пасажыраў, каб ён спыніў размову, вадзіцель адказаў, што надпіс мае значэнне да ад’езду аўтобуса. Паводзіны кандуктара, такога бруднага з выгляду, як быццам ён ніколі не ходзіць у лазню,  не паддаваліся аніякай крытыцы. Ён адносіўся да пасажыраў так, як быццам еў з імі з адной міскі. Кпіны і нахабныя паводзіны — гэта яго рысы. Падчас пасадкі пасажыраў ён  мог звярнуцца да іх так: «Гэй, падсуньцеся, хай гэта тоўстая баба сядзе!» Што да палення папярос, то гэта пастаяннае аўтобуснае бедства. Курыць звычайна пачынаў аўтобусны персанал са сваімі знаёмымі. Калі я звярнуў увагу кандуктара на тое, што персанал павінен прытрымлівацца надпісаў, той самы кандуктар, у якога на шапцы прычэплены значок «2», адказаў, што гаспадар аўтобуса едзе і курыць, і ён, кандуктар, таксама можа рабіць тое ж самае. Курыць ён не перастаў, а толькі адчыніў дзверы аўтобуса падчас  руху, каб яго праветрыць.

Прыехаўшы ў Вільню, кандуктар звярнуўся да пасажыраў наступным чынам: «Эй, вылазьце, прыехаўшы ўжо».

Іншая карціна. Еду з  Ашмян на чыгуначную станцыю. Месцаў у аўтобусе 16, пасажыраў 22. Уваходзіць шафёр з кандытарскай Эпштэйна, нападпітку і з папяросай у зубах. Абапіраючыся на сядзенне, уголас пералічыў пасажыраў і прабурчаў, што «трохі пасажыраў зашмат, відаць, для шафёра не будзе месца». У шафёра кажух расшпілены, з-пад кажуха вылазіць расшпіленая кашуля, і ў штанах усе гузікі расшпілены.  Цудоўны від для пасажыраў! Жанчыны — адны паапускалі вочы, другія ўздыхнулі. Жыдок-кандуктар, убачыўшы гэта, падскочыў да шафёра са словамі: «Ну ты, глядзі, твая крама не замкнёна!»

Паколькі для кандуктара не хапіла месца, то ён узлез на дах, шчыльна зачыніўшы дзверы, адкуль, лежачы, падчас больш павольнай язды жартаўліва прапаноўваў: «Каму не хапіла месца ў аўтобусе, магу саступіць сваё месца бясплатна».

Цана праезду з Ашмян да ст.Ашмяны складае 2 злотых 50 грошаў за 17 км роўнай і гладкай шашы. Дык на якой падставе бярэцца ліхвярская аплата з Ашмян да ст.Ашмяны? З Вільні да Немянчына за 22 км трэба плаціць 2 злотых па горшай дарозе. З Вільні да Мейшаголы за 28 км па няроўнай і хвалістай дарозе плацяць 3 злотых. Няўжо пасажыры, у якіх няма іншых сродкаў сувязі з чыгуначнай станцыяй, павінны быць ахвярамі Эпштэйна і кампаніі? Таксама не ўстаноўлена цана за перавоз багажу станцыйным аўтобусам, і яна бярэцца «па знаёмству», як выражаецца сам кандуктар. Незнаёмы плаціць за багаж вагой 10 кг ад станцыі да Ашмян 1 злоты. Знаёмы плаціць за багаж 40 кг — 75 грошаў. Ці ж гэта не ліхва?

Замалёўкі гэтыя я прывёў для таго, каб паказаць, да якой ступені кандуктары і шафёры ў правінцыі беспакараныя і нахабныя. Абслуга аўтобусаў непадрыхтаваная, не ведае сваёй работы і сваіх абавязкаў, брудная, неахайная, лічыць пасажыраў статкам, якім яна кіруе, як хоча.

З прыходам вясны зноў пачнецца актыўны аўтобусны рух, і таму трэба безагаворачна пакласці канец такім стасункам.”

На крытычны матэрыял адразу рэагуюць віленскія ваяводскія ўлады. Менш чым праз тыдзень, 27 студзеня 1930 года, віленскі ваявода выдае цыркулярны ліст ашмянскаму павятоваму старасце па справе аўтобуснага руху ў павеце. У ім ваявода Ул. Рачкевіч загадвае выправіць недахопы і пагражае вінаватым уладальнікам аўтобусаў і іх калегам, што ў выніку далейшых падобных парушэнняў урад забароніць прадпрыемствам утрыманне публічных аўтобусных камунікацый.

Зразумела, што такая ці падобная арганізацыя аўтобуснага руху не задавальняла не толькі пасажыраў, але і мясцовыя ўлады. Таму віленскі муніпалітэт 14 ліпеня 1931 года падпісвае дамову з акцыянерным таварыствам “Арбон” на перадачу ўсіх гарадскіх аўтобусных маршрутаў гэтай фірме. З боку ўлад подпісы пад дакументам паставілі прэзідэнт горада Е.Фалеўскі і наш ашмянскі зямляк, віленскі віцэ-прэзідэнт Вітольд Чыж. У адпаведнасці з умовамі дамовы, гарадскі рух аўтобусаў фірмы пачынаецца з 1 студзеня 1932 года. Так на віленскі рынак пасажырскіх перавозак прыходзіць са Швейцарыі сусветна вядомая заходнееўрапейская аўтамабільная кампанія “Заўрэр” з горада Арбон. Назва гэтага швейцарскага горада з кантона Тургаў становіцца назвай новай аўтатранспартнай фірмы Віленшчыны.

Паступова аўтобусы фірмы “Арбон” заваёўваюць рынак прыгарадных і міжгародніх перавозак, ашмянцы заўважаюць іх на сваіх вуліцах і дарогах. Пасля закупкі ліцэнзіі ў фірмы “Заўрэр” на рухавік, шасі і некаторыя канструктыўныя элементы,  у віленскай майстэрні наладжваецца зборка аўтобусаў.

Для прыгарадных маршрутаў выкарыстоўваюць падоўжаны, на 15 пасадачных і 12 стаячых месцаў, шасціцыліндровы дызельны аўтобус. Дарэчы, рухавік машыны быў даволі эканамічны, ён расходаваў 18-20 літраў паліва на 100 кіламетраў, але адначасова на яго скардзіліся з-за таго, што ён “смярдзеў, як закопчаны прымус”. Віленскія аўтобусы ад нізу да паловы вышыні мелі  колер попелу, шэра-жоўтай была іх верхняя частка.

З 1933 па 1937 год на пазагарадскіх маршрутах выкарыстоўвалася кожны год прыкладна 40 аўтобусаў. Выехаць з Вільні да Ашмян і наадварот можна было сем разоў на дзень, паездка каштавала 4 злотыя і займала 2 гадзіны 15 хвілін часу.

Фірма “Арбон” праіснавала да пачатку Другой сусветнай вайны. У пасляваенны час, пры ўзнаўленні рэгулярнага маршрутнага руху, захаваўся звычай словам “арбон” называць аўтобус любой транспартнай фірмы. Падобна таму, як “роварам” называлі і называюць звычайны веласіпед, ці ў сённяшні час “ксераксам” лічаць копію дакумента.

Што цікава, пасля з’яўлення ў 1956 годзе на вільнюскіх вуліцах тралейбуса, мясцовыя жартаўнікі празываюць новы транспартны сродак трапным выразам  “арбон з лейцамі”.

На праходзячых  праз ашмянскі аўтавакзал каўнаскіх аўтобусах фірмы “Каўтра”  сёння можна заўважыць арыгінальны лагатып з датамі 1934-2014. Па словах літоўскага кіроўцы, такім чынам была прыцягнута ўвага да года заснавання фірмы. У нас ёсць таксама ўсе падставы для гонару за сваю ўласную гісторыю аўтобуснага руху ў краі. Якой, між іншым, ўжо больш 80 год.

Уладзімір  ПРЫХАЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *