У Кальчунах «КУТарскі фэст» сабраў вяскоўцаў

Главное

Надзвычай цёпла і ясна было ў той дзень у аграгарадку Кальчуны. І не толькі таму, што сваімі промнямі песціла яркае восеньскае сонейка, гулліва гладзячы вяскоўцаў па тварах, асцярожна зазіраючы ў вочы, дорачы добры настрой і асалоду. Шчырасць, гасціннасць і ўдзячнасць адчуваліся ў кожнай усмешцы, якімі кальчунцы шчодра дзяліліся з усімі, хто прыйшоў на свята.

А сабраліся на фэст не толькі жыхары аграгарадка, але і суседніх вёсак і нават райцэнтра. Спяшаліся сюды з самых аддаленых вугалкоў Кальчунскага сельсавета, бо нагода выдалася і сапраўды важная. На свяце падводзілі вынікі рэалізацыі праекта «Стварэнне і дзейнасць клуба старастаў «КУТ». Адсюль, зразумела, і назва фэсту. Праект, ініцыятарам якога выступіла стараста аграгарадка, бібліятэкар мясцовай бібліятэкі Алена Адольфаўна Шкелда, аб’яднаў творчых, апантаных і адданых свайму краю людзей. Дзякуючы ім, а таксама падтрымцы сельвыканкама, дапамозе аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, начальніку гэтага аддзела Галіне Іванаўне Балінскай, метадысту Сяргею Аляксандравічу Жыліку, дырэктару Ашмянскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Марыне Раманаўне Белавус кальчунскі праект перамог у конкурсе  міні-пректаў «Тандэм-II» і быў адобраны Еўракамісіяй у намінацыі «Партнёрства паміж мясцовымі ініцыятывамі і ўладай».

— Гэта ўжо другі праект, які рэалізуецца на ашмянскай зямлі ў рамках міжнароднай тэхнічнай дапамогі асветніцкім грамадскім аб’яднаннем «Фонд імя Льва Сапегі», — адзначыў падчас мерапрыемства намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Анатольевіч Саванец. — Першым быў праект па стварэнні віртуальнага музея Дугі Струвэ «Дуга, якая аб’ядноўвае народы і культуры», рэалізаваны Гальшанскай сельскай бібліятэкай.

У межах праекта кальчунцаў, накіраванага на су­пра­цоў­ніц­тва мяс­цо­вых ор­га­наў ула­ды і гра­ма­дзян, было праведзена некалькі конкурсаў. Яны дазволілі рэалізаваць ідэі, якія ўзніклі даўно, але з-за шэрагу прычын не маглі ажыццявіцца раней. Так, дзякуючы конкурсу «Добрая справа» быў адрамантаваны масток у Будзёнаўцы, пасаджаны і добраўпарадкаваны пладовы сад у Мардасах, добраўпарадкавана дзіцячая пляцоўка ў Кальчунах.

Канешне, пэўныя сродкі былі выдаткаваны праектам, але каб увасобіць ідэі ў жыццё, прыйшлося добра папрацаваць. Усім разам, талакой, так, як некалі працавалі ў вёсках… З якой шчырасцю выказвалі кіраўнікі ініцыятыўных груп Станіслаў Садоўскі, Ігар Спірыдовіч, Эдуард Пабядзінскі падзяку ўсім тым, хто дапамагаў у гэтых справах! А гэта Іван Батулевіч, Міхаіл Салавей, Іван Гарбачэўскі, сем’і Красноўскіх і Мардас і нават дзеці. Свой важкі ўклад у добраўпарадкаванне роднага краю, адзначыла каардынатар праекта Алена Адольфаўна Шкелда, унеслі дырэктар ААТ «Торфабрыкетны завод Ашмянскі» Анатоль Яўгенавіч Зянкевіч, дырэктар РУП ЖКГ Сяргей Аляксандравіч Белянкоў, якія дапамаглі з будаўнічым матэрыялам, загадчыца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Марыя Іванаўна Басалыга і яе супрацоўнікі, а таксама Леанід Барысевіч, Іван Белагрывы і многія іншыя.

На фэсце падвялі вынікі і яшчэ аднаго конкурсу – «Лепшы гаспадар-2014». Як зазначыла старшыня сельвыканкама Лілія Іванаўна Янушкевіч, у кожным выпадку журы ацэньвала знешні выгляд дома, гаспадарчых збудаванняў, азеляненне і добраўпарадкаванне дваравых тэрыторый, наяўнасць пладова-ягадных насаджэнняў, афармленне кветнікаў і малых архітэктурных формаў, утрыманне дзіцячых пляцовак. З шаснаццаці гаспадароў Кальчунскага сельсавета, якія вырашылі паўдзельнічаць у конкурсе, былі вылучаны лепшыя. Імі сталі Ігар Спірыдовіч з вёскі Мардасы (1 месца), Святлана Багдановіч з вёскі Бернікі, Яніна Аніхоўская з вёскі Сенкаўшчына (2 месца), Іван Кузьма з вёскі Сенкаўшчына, Гэлена Андрыеўская з вёскі Сякераўцы (3 месца). Пераканацца ў тым, што гэта сапраўдныя гаспадары, змог кожны, хто прыйшоў на свята, — стэнд з фотаздымкамі іх падворкаў лепш за любыя словы расказаў пра руплівых і дбайных месцічаў.

Створаны клуб старастаў вёсак «КУТ» стаў тым штабам, які аб’яднаў шчырых, апантаных, зацікаўленых у дабрабыце сваіх вёсак людзей. Як паказала практыка, ён дапамагае падтрымліваць сувязі з аддаленымі населенымі пунктамі, павышаць аўтарытэт старасты ў вёсцы і, самае галоўнае, — уцягваць жыхароў у рашэнне пытанняў мясцовага значэння.

За ўзаемадзеянне з органамі мясцовага самакіравання заслужаныя ўзнагароды атрымалі найбольш актыўныя старасты — Алена Адольфаўна Шкелда (аграгарадок Кальчуны), Святлана Васільеўна Багдановіч (в. Бернікі), Наталля Мікалаеўна Лукашэвіч (в. Будзёнаўка), Святлана Іванаўна Кузьміцкая (в. Сенкаўшчына), Данута Паўлаўна Міхайлоўская (в. Мардасы), Галіна Іосіфаўна Свірская (в. Людвікаўшчына).

У каханні роднаму краю прызнаваліся са сцэны і самыя маленькія яго жыхары — дзеці. Ім сапраўды ёсць чым ганарыцца: слаўнай гісторыяй, знакамітымі землякамі, таленавітымі, апантанымі і шчырымі аднавяскоўцамі.

Конкурс дзіцячай творчасці «Мой родны кут» яшчэ раз падкрэсліў, што моладзь таксама носіць у сваім сэрцы любоў да роднай старонкі, сваіх бацькоў, усяго таго, што іх акаляе. У намінацыі “Жывапіс і малюнак”, увасобіўшы на палатне найпрыгажэйшыя куточкі Кальчун, першае месца заняла Ангеліна Лыскойць, другое раздзялілі Аксана Гіз і Аляксандра Палсцюк, трэцяе – у Ангеліны Кіткевіч і Таісіі Кавалеўскай. У намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” лепшыя работы прадставілі Настасся Янушкевіч, Ангеліна Лыскойць і Карына Кіткевіч. Выстава юных мастачак працавала падчас фэсту, а таму пазнаёміцца з іх творчасцю змог кожны жадаючы.

Высокую ацэнку справам, якія атрымаліся ў кальчунцаў, захапленне іх апантанасцю і таленавітасцю выказаў і старшыня асветніцкага грамадскага аб’яднання «Фонд імя Льва Сапегі» Міраслаў Кабаса. А вяскоўцы прадаўжалі здзіўляць гасцей фэсту… сваёй творчасцю, гумарам, дабрынёй, адкрытасцю. Немагчыма было прайсці міма падворка майстроў рэгіёна. Вочы разбягаліся ад найпрыгажэйшых вырабаў, выкананых у самых розных тэхніках. Сям’я Замбрыцкіх з Будзёнаўкі прадставіла самаробных лялек, тапіарыі з кофе, плеценыя кошыкі, капелюшы, карцінкі ў тэхніцы квілінг і шмат іншага. Каваль Іван Мысаў з Будзёнаўкі прывёз на продаж кашы, матыкі і іншыя прылады працы, якія карыстаюцца сезонным попытам. Ганчар Валерый Ганевіч паказаў майстар-клас па рабоце з глінай, якая ў руках майстра з бясформеннай масы ператвараецца ў гаршчок ці вазу, міску і нават званочак. Цікавасць выклікалі ў месцічаў і вырабы Марыны Замбрыцкай з Кальчун. Ужо больш года яна займаецца пляценнем кошыкаў, ваз, розных скрыначак з газетнай паперы. Дарэчы, яна з радасцю падзялілася сваімі ведамі і навыкамі з прысутнымі. Не засталіся не прыкмечанымі і мяккія цацкі Ганны Раманаўны Ціхаміравай, падзелкі Святланы Сярпейка і яе выхаванцаў, вышыўка Лілія Заруба, сурвэткі Ніны Мароз. А яшчэ з асалодай можна было назіраць, як адраджаецца наш ужо крыху забыты беларускі занятак — ткацтва на кроснах. Дарэчы, новенькі станок быў набыты таксама ў рамках праекта.

Добры настрой на працягу ўсяго свята стваралі вядучыя Міхась (Аляксандр Наумчык) і Міхаліна (Сняжана Кагадоўская), Сымон (Эдуард Булкевіч) і Галіна (Наталля Лукашэвіч). Музычныя віншаванні прагучалі ад Розы Яцуковіч, фальклорнай групы «Скарбніца», якая дзейнічае пры Кальчунскім Доме культуры, Таццяны Маргуш, дзіцячага калектыву “Жытнічкі”, сталічнага дуэта “Славянскія напевы”, народнага ансамбля народнай песні “Жытніца”, народнага сямейнага ансамбля “Граўжанцы”, артыстаў з Воранаўскага раёна. З цеплынёй сустракалі вяскоўцы і свайго тутэйшага паэта Ігара Спірыдовіча, які прачытаў адну з апошніх баек.

Да месца прыйшліся на фэсце і дзіцячыя пляцоўкі, надзіманыя атракцыёны, на якіх малеча бавіла час. Тут жа можна было паласавацца салодкай ватай, поп-корнам і нават падсілкавацца.

…Праект «Стварэнне і дзейнасць клуба старастаў «КУТ» падыходзіць да завяршэння, добрыя справы ўпрыгожылі жыццё вяскоўцаў, аб’ядналі іх і, вельмі верагодна, знойдуць працяг у будучым.

Людміла КОЗЕЛ.

Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *