Ад крэатыўнага настаўніка да лідара-дырэктара

Образование

Неяк у размове дырэктар СШ №1 Міхаіл Мар’янавіч Гружэўскі адзначыў, што лета для яго ў параўнанні з вучэбным годам найбольш напружаны час. Зразумела, яму, як кіраўніку (чытай, сапраўднаму гаспадару і апантанаму рупліўцу), пра ўсё баліць галава. Школа штогод патрабуе рамонту: дзе касметычнага, а дзе і больш сур’ёзнага. А каб за яго ўзяцца, трэба шмат інстанцый аббегаць, абгаварыць пытанне з матэрыяламі, майстроў знайсці, якія не падвядуць і зробяць работу ў тэрмін.

Апошнім часам востра паўстала пытанне з вялікай напаўняльнасцю класаў. Жыхары густанаселенага мікрараёна Заходні жадаюць, каб іх дзеці хадзілі менавіта ў першую школу. Прыходзіцца штодня сустракацца з бацькамі і тлумачыць ім, што школа, нават пры вялікім жаданні, не можа змясціць усіх вучняў і што да суседняй, трэцяй, таксама недалёка. А яшчэ ў Міхаіла Мар’янавіча дастаткова грамадскай нагрузкі, якая нават летам не заціхае. Шмат год дырэктар нясе груз дэпутацкіх клопатаў і турбот — калісьці раённага ўзроўню, зараз абласнога. Апроч таго, дырэктар з’яўляецца памочнікам дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Кучынскай. Шмат грамадскіх абавязкаў у кіраўніка школы і на педагагічнай ніве. Ён узначальвае дырэктарскі корпус у раёне, а таксама абласное адгалінаванне асацыяцыі кіраўнікоў устаноў адукацыі рэспублікі.

Напрыканцы жніўня на базе сярэдняй школы № 1 прайшло пасяджэнне асацыяцыі кіраўнікоў устаноў адукацыі па тэме «Упраўленчая дзейнасць кіраўніка па забеспячэнні якасці адукацыйнага працэсу” (на прыкладзе вопыту работы кіраўнікоў устаноў адукацыі Гродзенскай вобласці). Пазнаёміцца з сістэмай работы раённага аддзела адукацыі па падрыхтоўцы і забеспячэнні рэгіёна ўпраўленчымі і педагагічнымі кадрамі прыехалі старшыня грамадскага аб’яднання “Беларускае педагагічнае грамадства”, доктар педагагічных навук Галіна Нікалаенка, начальнік аддзела дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Галіна Курганская, начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Святлана Уклейка, галоўны спецыяліст упраўлення арганізацыйна-кадравай работы вышэйзгаданага міністэрства Алена Клімковіч, кіраўнікі ўстаноў адукацыі з усіх абласцей рэспублікі. У рабоце пасяджэння прыняла ўдзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Кучынская.

“Сістэмная мэтанакіраваная кадравая палітыка як аснова забеспячэння якасці адукацыйнага працэсу ў раёне” – так гучала тэма выступлення начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Святланы Мікалаеўны Баркоўскай, падчас якога кіраўнік сістэмы адукацыі раёна расказала аб рабоце, якая праводзіцца аддзелам па забеспячэнні ўстаноў адукацыі высокакваліфікаванымі кадрамі, аб традыцыях, якія склаліся ў дружнай сям’і ашмянскіх педагогаў, аб раённай школе рэзерву кадраў, сістэме ў рабоце з маладымі спецыялістамі. Гэту тэму працягнулі дэпутат Наталля Генадзьеўна Кучынская і дырэктар СШ №1 Міхаіл Мар’янавіч Гружэўскі. Дзелячыся вопытам упраўленчай дзейнасці па захаванні традыцый і вядзенні інавацыйнай дзейнасці на прыкладзе сваёй школы, дырэктар зрабіў акцэнт на тое, што толькі з падняццем прэстыжу педагагічнай прафесіі магчыма дасягнуць якасці ў адукацыі і выхаванні падрастаючага пакалення. Хто сёння ідзе ў педагагічную прафесію? Як зрабіць так, каб малады спецыяліст прыйшоў у школу і застаўся там працаваць? Якія ўмовы павінны быць створаны для маладых спецыялістаў ва ўстанове адукацыі для ўдасканалення прафесійнай кампетэнтнасці з мэтай рэалізацыі перспектыў уласнага кар’ернага росту? Гэтыя і многія іншыя пытанні былі ў цэнтры ўвагі выступлення кіраўніка школы. Важна, каб у нашай прафесіі, падкрэсліў Міхаіл Мар’янавіч, заставаліся неардынарныя, крэатыўныя педагогі. І такіх людзей у сістэме адукацыі вельмі многа. Трэба толькі іх убачыць, паказаць вопыт і зрабіць героямі дня.

Вопыт работы педагагічнага калектыву школы быў прадстаўлены праз ажыццяўленне інавацыйных праектаў (Святлана Рамуальдаўна Жукоўская, Ала Рамуальдаўна Дзянісава, Ганна Раманаўна Лянкоўская), удзел у рэспубліканскіх конкурсах і навукова-практычных канферэнцыях (Наталля Яўгенаўна Самойленка, Ганна Баляславаўна Яхімовіч – прызёры рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” з праектам “Комплекс практыкаванняў па фарміраванні гука-літарнага аналізу”), дыстанцыйнае навучанне. Аб тым, што навучанне на адлегласці — па сродках інтэрнэту — гэта не толькі зручна, нескладана, але хутка і эфектыўна, упэўнілі Ганна Францаўна Піпір і Наталля Сяргееўна Андрэйчык.

Каб замацаваць тэорыю на практыцы і бліжэй пазнаёміцца з крэатыўнымі і таленавітымі педагогамі, а таксама вучэбна-матэрыяльнай базай установы, гасцям была прапанавана экскурсія па школе. Настаўніца пачатковых класаў Вольга Уладзіміраўна Саванец на прыкладзе аднаго з элементаў свайго праекта прадэманстравала сістэму работы з бацькамі. Ніхто з прысутных ні на хвіліну ні ўсумніўся ў эфектыўнасці тых падыходаў, што выкарыстоўвае педагог у сваёй практыцы. Удзельнікі пасяджэння не толькі сустрэліся з абсалютным пераможцам абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” Марынай Францаўнай Дудойць, але і адчулі сябе вучнямі на міні-ўроку гэтага неардынарнага і творчага настаўніка. Тэма творчага падыходу да справы прадоўжылася ў актавай зале, дзе перад гасцямі выступілі ўдзельнікі ўзорнага дзіцячага ансамбля “Званочкі”. Узорныя творчыя калектывы школы – гонар не толькі самой установы адукацыі, але і ўсяго раёна. Дарэчы, у размове аб пазабюджэтнай дзейнасці, якая склала за 8 месяцаў бягучага года амаль 120 мільёнаў рублёў, дырэктар адзначыў, што значную частку гэтай сумы складае менавіта канцэртная дзейнасць. Яна з’яўляецца важкім унёскам у агульную казну разам з аказаннем дадатковых адукацыйных паслуг на платнай аснове, зборам макулатуры і металалому.

З вопытам работы рэгіёна па рашэнні ключавых праблем развіцця сучаснай адукацыі ўдзельнікі пасяджэння змаглі азнаёміцца таксама на прыкладзе Жупранскай сярэдняй школы і ясляў-сада вёскі Кракоўка. Маладыя кіраўнікі гэтых устаноў Кацярына Аляксандраўна Астрамовіч і Святлана Іванаўна Яблонская сталі яскравым пацвярджэннем таго, што на Ашмяншчыне работа па падрыхтоўцы ўпраўленчых і педагагічных кадраў знаходзіцца на належным узроўні.

Аліна САНЮК.

Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *