Дзень ведаў у Гальшанах

Образование

У першы дзень верасня апантаныя настаўнікі, шчаслівыя бацькі і вучні сабраліся разам у сценах Гальшанскай сярэдняй школы.

Сёлета школьны калектыў папоўнілі 28 першакласнікаў, якія крыху збянтэжана стаялі з вялікімі букетамі, чакаючы, калі першы раз апынуцца за партамі. Іх першыя настаўнікі Святлана Уладзіміраўна Андрэева і Алеся Уладзіміраўна Жаглевіч хваляваліся разам з імі.

Павіншаваць вучняў з Днём ведаў на святочную лінейку прыйшлі настаўнікі-ветэраны, а таксама прадстаўнікі грамадскасці, якіх шчыра прынялі ў школе. Вайцех Коўзан старшыня Гальшанскага сельскага Савета; Мікалай Праўко, старшыня СВК “Гальшанскі”; Сяргей Чудзілоўскі, дырэктар Гальшанскага крухмальнага завода Юрый Карповіч, начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, а таксама святары айцец Багуслаў і айцец Уладзімір.

Дырэктар школы Аксана Землякова адзначыла, што ва ўстанове адукацыі склалася новая традыцыя: увекавечанне памяці людзей, якія аддалі школе шмат гадоў жыцця. Таму гэтай восенню на свята прыехаў асаблівы госць ­— Аляксандр  Крот, сын першага дырэктара школы Міхаіла  Крата. Ён расказаў пра вялікі ўклад, які яго бацька ўнёс у развіццё школы, а таксама тое, што хутка будзе адкрыта мемарыяльная дошка яго памяці.

Дырэктар школы павіншавала ўсіх прысутных са святам, падзякавала педагогам, якія летам працавалі ў лагерах, старшыні СВК, дзякуючы якому былі сабраны сродкі для вучняў з малазабяспечаных сямей.

Дзень ведаў адкрыў першы ўрок, прысвечаны вайне, таму ў знак удзячнасці вучні 7-х класаў школы ўсклалі кветкі да помніка загінуўшым аднавяскоўцам.

У гэтым годзе педагагічны калектыў папоўніўся новымі кадрамі: на змену вопытным настаўнікам прыйшлі маладыя спецыялісты — настаўнік пачатковых класаў Алеся Жаглевіч, псіхолаг Вольга Коршун, настаўнік выяўленчага мастацтва і чарчэння Дар’я Сярпейка. Па размеркаванні ў Гальшанскую школу трапіла і былая вучаніца школы Алена Паршутовіч, якая будзе выкладаць біялогію.

Кацярына РУДЗІК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *