Пошук працягваецца

Главное

На старонках “Ашмянскага весніка” не раз распавядалася гісторыя подзвігу ў 1916 годзе пад Барунамі паветранага карабля “Ілья Мурамец №16”, змяшчаліся паведамленні пра сённяшняе ўшанаванне памяці мужных рускіх лётчыкаў. Беражліва захоўваюцца і вывучаюцца матэрыялы гэтай неардынарнай паветранай аперацыі Першай сусветнай вайны ў мясцовай школе. Падкрэслівае нашу ўдзячную памяць і адносіны да свайго мінулага мемарыяльны знак у мястэчку…

У сотыя ўгодкі пачатку Першай сусветнай вайны з’явілася нагода яшчэ раз звярнуцца да гэтай тэмы. Справа ў тым, што даследаванне палёту эскадры, у тым ліку і “Ільі Мурамца №16”, працягваецца. Кожны год знаходзяцца новыя дакументы, якія ўдакладняюць гісторыю той падзеі. Вядомы беларускі даследчык і калекцыянер фотакартак часоў Першай сусветнай вайны Уладзімір Багданаў набыў на замежных інтэрнэт-аўкцыёнах некалькі цікавых здымкаў з месца падзення самалёта і з выглядам магілы экіпажа паветранага карабля. Апошняе фота зафіксавала стан месца пахавання авіатараў у 1916 годзе. Параўнаўшы краявід на фотаздымку невядомага нямецкага фатографа з сённяшнім выглядам мясцовасці, можна адзначыць, што экіпаж “Ільі Мурамца” быў першапачаткова паасобку пахаваны на барунскіх вайсковых могілках. У 30-я гады мінулага стагоддзя, калі праводзілася ўзбуйненне і добраўпарадкаванне нямецкіх вайсковых могілак, адбылося перапахаванне іх рэшткаў. З таго часу яны спачываюць у агульнай брацкай магіле са стандартным бетонным крыжам.

Магіла экіпажа “Ільі Мурамца №16” ў Барунах, 1916 год

Вядомы маскоўскі даследчык авіацыі Марат Хайрулін звярнуў увагу на яшчэ адзін факт паветранай атакі 25 верасня 1916 года, які, бяспрэчна, павінен быць ушанаваны нашчадкамі. Адначасова з бамбардзіроўшчыкам Сікорскага ў тым паветраным баі быў збіты самалёт “Маран Парасоль” №770 радавога Крысана Янсана. Яго баявым заданнем было прыкрыццё і суправаджэнне “Ільі Мурамца №16” пры налёце на барунскія ваенныя аб’екты. Па некаторых звестках у “марана” сапсаваўся кулямёт і ў хуткім часе яго збіў нямецкі авіатар.

Газета 12 нямецкай арміі “Варта на ўсходзе” 28 верасня 1916 года надрукавала кароткую інфармацыю: “25 верасня, раніцай, экіпаж лейтэнант Вольф – лейтэнант рэзерву Лодэ палявога авіяатрада 45 пасля бязлітаснай ссхваткі атакаваў пераўзыходзячы яго па ўзбраенні гіганцкі аэраплан Сікорскага. Наш аэраплан перамог ў няроўнай барацьбе, хоць сам быў прабіты 50 разоў.

Дзякуючы таму, што лейтэнант Кюпперс атакаваў аэраплан суправаджэння Сікорскага, экіпаж біплана змог паспяхова правесці паядынак”. Зразумела, гэта погляд з супрацьлеглага боку, але з паведамлення вынікае, што паветраны бой быў жорсткім і бескампрамісным.

Месца падзення “Марана Парасоля” лётчыка Янсана, 1916 год

У Расійскім дзяржаўным ваенна-гістарычным архіве ў Маскве захоўваецца загад па 4-м рускім авіяцыйным дывізіёне наступнага зместу: “12.09.1916 утром в 9 часов в двух километрах к югу от м[естечка] Боруны пал в воздушном бою летчик Янсон XI корпусного авиаотряда, он был убит на месте. Наши солдаты похоронили его с воинскими почестями на опушке леса в 2 1/2 км юго-восточнее Борун и 1/2 км юго-западнее Романовщизна. Они водрузили на его могиле русский крест и обсадят его могилу елочками”. Відавочна, што ў дакуменце памочнік начальніка разведаддзялення штаба Заходняга фронту выкарыстаў адно з нямецкіх данясенняў. Месца гібелі лётчыка Янсана знаходзіцца на мяжы паміж Ашмянскім і Смаргонскім раёнамі, але ніякіх напамінаў пра ўзгаданую магілу там ужо няма. Пра яе не памятаюць мясцовыя старажылы. Верагодна, пры ўзбуйненні могілак у міжваенны час яе перанеслі ў Баруны.

У пачатку года Уладзімір Багданаў даслаў копіі двух амаль аднолькавых нямецкіх фотаздымкаў месца падзення самалёта “Маран Парасоль”. На сённяшні дзень яны з’ўляюцца адзінымі фотадакументамі месца гібелі радавога Крысана Янсана. На жаль, пакуль мала вядома пра самога пілота. Крысан (Хрыстафор, Крестап) Янсан быў радавым з ахвотнікаў 1-й авіяроты. Вучыўся ў афіцэрскай школе авіяцыі, 25 кастрычніка 1915 года здаў экзамен на званне “лётчык”. 14 чэрвеня 1916 года быў накіраваны ў 11 корпусны авіятрад. Загінуў, як было адзначана раней, у верасні 1916 года пад Барунамі.

Адна з першых, а магчыма і самая першая, сумесная аперацыя цяжкіх і малых лятальных апаратаў, у якой прынялі ўдзел два вялікія і больш дзясятка малых машын, увайшла ў гісторыю авіяцыі. Калі пра ўдзел у ёй баявых караблёў “Ілья Мурамец” распавядае дастатковая колькасць архіўных крыніц, то пра ўдзел у ёй самалётаў “Вуазэн” і “Маран Парасоль” вядома вельмі мала. А роля іх у аперацыі не менш важкая. Прарваўшыся праз зенітны агонь у раёне Крэва, група “Вуазэнаў” скінула бомбы ў раёне Баруны-Астэйкішкі-Антанова. Іх дзеянні паспрыялі агульнаму выніку знішчэння наземных цэляў. На сённяшні дзень імёны лётчыкаў гэтых паветраных апаратаў застаюцца невядомымі, але яны таксама заслугоўваюць нашай удзячнай памяці. Таму пошук у гэтым накірунку павінен працягвацца.

Уладзімір ПРЫХАЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *