У Шчапанавічах песняй душэўнай віталі вяскоўцаў

Главное

Жыхары сельскай мясцовасці не збалаваны святамі і канцэртамі. I не таму, што яны свету белага за работай не бачаць. Яны б і рады вылучыць у чарадзе паўсядзённых клопатаў прыемную хвілінку на адпачынак. Артысты да іх часам самі не едуць. Асабліва ў аддаленыя вёскі. Хто ж будзе для пяці-дзесяці бабулек ладзіць канцэрт? Другая справа -аграгарадок. У сельскіх Дамах культуры больш нагод для правядзення мерапрыемстваў і творчых сустрэч. Летам папулярныя на сяле святы калектыўнага адпачынку. У многіх населеных пунктах яны сталі традыцыйнымі і выпадаюць нават на пэўную дату календара.


А вось работнікі Граўжышкоўскага сельскага Дома культуры сёлета вырашылі правесці сустрэчу з вяскоўцамі ў Шчапанавічах. На тэрыторыі сельскага Савета, калі не браць пад увагу Граўжышкі, гэта адна з самых буйных вёсак. Калісьці яна была цэнтрам калгаса «Перамога». Тут было аддзяленне паштовай сувязі, бібліятэка, магазін, фельчарска-акушэрскі пункт, ферма. Калі пачалі адбудоўвацца аграгарадкі, згодна з праграмай адраджэння і развіцця вёскі актыўна пачалі ўзводзіць у Шчапанавічах жыллё для спецыялістаў аграпрамысловага комплексу. Праўда, да гэтага часу некаторыя з кватэр так і не заселены. Зачыніліся бібліятэка і ФАП, ідзе гаворка аб закрыцці пошты.З кожным годам меншае і колькасць насельніцтва.

Сёння ў Шчапанавічах пражывае 130 чалавек. На свята да іх прыйшлі таксама жыхары Малых і Вялікіх Вайшнарышак, Доржаў. Вяскоўцы былі вельмі рады сустрэчы з артыстамі, тым больш, што амаль усе яны свае, з гэтага кута.

Пасля трох гадзін дня, калі каровы ўжо былі падоены і выгнаны на пашу, месцічы пачалі збірацца ля крамы: менавіта тут было замоўлена месца сустрэчы. Рады былі спаткацца мясцовыя жыхары не толькі з калектывам Граўжышкоўскага клуба, гасцямі з Кракоўкі -народным ансамблем народнай песні «Жытніца», але і з кіраўніцтвам сельвыканкама. Анатоль Іосіфавіч Верамеевіч павіншаваў вяскоўцаў са святам, расказаў аб стане спраў на тэрыторыі сельскага Савета і выслухаў пытанні, якія турбуюць мясцовы люд. Памочнікам мясцовай улады ў арганізацыі сувязі з насельніцтвам аддаленых вёсак з’яўляюцца старасты. Стараста вёскі Шчапанавічы Раман Лявонавіч Тонкавіч не толькі добра ведае сваіх аднавяскоўцаў, але і ў курсе іх клопатаў і праблем, якія ён не прамінуў агучыць падчас сустрэчы. Ад усіх жыхароў вёскі Раман Лявонавіч падзякаваў работнікам Граўжышкоўскага Дома культуры за арганізацыю свята і пажадаў, каб такія вось спатканні сталі традыцыйнымі.

Вядучая мерапрыемства Таццяна Булкевіч запрасіла да мікрафона старшыню ветэранскай арганізацыі СВК «Граўжышкі» Іосіфа Іосіфавіча Мантурава. Мясцовы краязнавец, няўрымслівы і апантаны чалавек, Іосіф Іосіфавіч ужо даўно збірае матэрыял па гісторыі не толькі саміх Шчапанавіч, але і мясцовай гаспадаркі. У юбілейную дату вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ён расказаў сабраўшымся аб байцах, якія вызвалялі гэты край, а таксама аб земляках, ветэранах Вялікай Айчыннай вайны. У Граўжышкоўскім краі нарадзілася і жыве паэтка Ядзвіга Іосіфаўна Чаплінская. Яна добра вядома мясцовым людзям не толькі як творца паэтычнага слова, але і як настаўніца: на працягу многіх год выкладала родную мову і літаратуру ў Вайшнарышскай базавай школе. Вучыла і дзяцей са Шчапанавіч. Ядзвіга Іосіфаўна падарыла шчапанаўскім удзячным гледачам свае вершы пра родную старонку, якую яна не перастае ўслаўляць у паэзіі, якой гарнарыцца і захапляецца. А для паэткі музычны падарунак зрабілі Алена Сальмановіч і Вацлаў Сідаровіч. Яны выканалі песню «Сустрэча з домам». Канцэртная праграма, якую зладзілі для вяскоўцаў работнікі культуры, прыйшлася да густу і малым, і сталым. Усе з прыемнасцю адзначылі, што народны сямейны ансамбль «Граўжанцы» папоўніўся новымі выканаўцамі. Прадаўжальнікамі слаўных сямейных традыцый сталі яшчэ зусім юныя артысткі — Віялета Сідаровіч і Валерыя Грышкойць. Бурнымі апладысментамі віталі гледачы народны ансамбль «Жытніца» Кракоўскага СДК, Валерыя Ягевіча з Крэйванцаўскага Дома культуры, Сяргея Бараноўскага і Кацярыну Сальмановіч з Кальчунскага ДК.

На свяце можна было паспытаць шашлыкоў. А вось дзеці не пераставалі церабіць сваіх бацькоў і бабуль і «раскручваць» іх на марожанае,  смачныя напоі  і салодкую вату. Малышы з задавальненнем забаўляліся на надзіманых горках і прымалі ўдзел у гульнях. Для дарослых была арганізавана дыскатэка.

Работнікі Кальчунскага Дома культуры ўдзячны ўсім, хто прыйшоў на свята, а таксама сваім калегам з Кракоўскага, Крэйванцаўскага і Кальчунскага Дамоў культуры, асабістая падзяка ад іх дырэктару Крэйванцаўскага ДК Алегу Пятровічу Дзядзічкіну — за агучванне святочнай праграмы.

Аліна САНЮК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *