Гардзіеўцы : на мяжы дзвюх дзяржаў і цывілізацыі

Главное

Усе вёскі падобны адна да адной толькі на першы погляд, калі не задумваешся пра іх гісторыю, пра лёсы жыхароў, якія, дарэчы, гэту гісторыю і пішуць. Распачаўшы ў мінулым годзе праект “На карце Ашмянскага раёна”, напачатку нават і не задумвалася, што праз некаторы час гэтых вёсак ужо можа і не быць на карце. Яны адыдуць у нябыт разам са сваімі жыхарамі, шчырымі і адкрытымі, крыху наіўнымі і зусім не падобнымі да гараджан, не сапсаванымі цывілізацыяй, не злымі, не пакрыўджанымі на ўвесь белы свет з-за часовай адсутнасці той ці іншай выгоды. Зарастуць звілістыя вуліцы-сцяжыны, здзірванеюць вясковыя пагосты, здзічэюць без людзей сады…


Аддаленыя ад Ашмян, ад ажыўленых трас, ад цэнтраў мясцовых гаспадарак і сельсаветаў, гэтыя вёсачкі жывуць нетаропкім размераным жыццём. З усіх падзей, якія можна тут назіраць, хіба што прыезд аўталаўкі два разы на тыдзень альбо жаданая сустрэча з раднёй. Зімой жыццё ў такіх вёсках замірае. Нават следу на вуліцы няма. Толькі шызы дымок з коміна тонкай стужкай узнімаецца над страхой, як знак таго, што гаспадар жывы-здаровы. Вясна прыносіць на вёску ўзрушэнне. Нават калі і сіл няма, трэба садзіць грады. У гародчыках зацвітаюць кветкі. Казычуць нос тонкім водарам бэз і чаромха. На лаўцы пад плотам можна і навінамі абмяняцца, і пахваліцца сваімі дзецьмі і ўнукамі…

Вясковая вуліца

У 35-ці кіламетрах ад Ашмян сціпла туліцца да мяжы з Літвою невялічкая вёска Гардзіеўцы. Гэта цяпер яна малая. А калісьці была цэнтрам воласці, праз пэўны час – сельскага Савета. Зачэпку напісаць менавіта пра гэты населены пункт нам падкінуў жыхар Будзёнаўкі Франц Уладзіміравіч Пячкоўскі, які ў свой час быў дарэктарам Анжадаўскай базавай школы. Дасланы ім у рэдакцыю ліст і паслужыў падставай для сустрэчы з жыхарамі Гардзіеўцаў.

Напачатку прывядзем вытрымкі з пісьма шаноўнага нашага аўтара: “Паміж лясоў і балот на самай граніцы з Літвой стаіць невялікая вёска Гардзіеўцы. У 60-70 гады мінулага стагоддзя тут была школа-сямігодка, сельсавет, клуб, бібліятэка. Цяпер тут нічога няма. Захавалася толькі некалькі хат. Як расказвалі старажылы, даўней вёска называлася Ільіно. У ёй было больш за сотню двароў. Сяло з’яўлялася цэнтрам Ільінскай воласці. Тут размяшчалася валасная ўправа, школа, царква. У храме служыў айцец Гардзей. Кажуць, менавіта ў гонар гэтага служкі царквы вёска стала называцца Гардзіеўцы. У час Першай сусветнай вайны царква была спалена. На ўзгорку, дзе яна стаяла, шмат каменных помнікаў па памерлых вяскоўцах. Гэтае месца мясцовыя жыхары называюць цвінтаром.(Па сённяшні дзень на Усе Святыя тут гараць свечкі. Паўразбураныя помнікі з надпісамі на польскай і рускай мовах з кожным годам усё больш урастаюць у зямлю. Заўв. А.С.)

Анастасія Паўлюковіч

Да вайны Гардзіеўцы лічыліся самай вялікай вёскай у акрузе. У 40-я гады, пры Сталіне, быў праведзены падзел, у выніку якога вёска аказалася разарванай на дзве часткі: адна засталася ў Беларусі, другая – у Літве. Падчас калектывізацыі мясцовыя жыхары пачалі ўцякаць у Вільню. Моладзь ехала ў суседнюю дзяржаву вучыцца і працаваць. Так амаль зніклі дзве буйныя вёскі – Гардзіеўцы і Талеі…”

Пэўныя звесткі пра вёску знайшлі мы і ў кнізе-хроніцы “Памяць. Ашмянскі раён”. Аказваецца, уніяцкая царква з іконай Божай Маці існавала ў Гардзіеўцах з 1640 года. У 1866 годзе ў вёсцы налічвалася 23 двары і 148 жыхароў. З іх амаль усе былі католікамі, толькі 13 праваслаўных і 8 яўрэяў. Да ўваходжання ў склад Расіі вёска адносілася да Ашмянскага павета. У XIX ст. мела назву Ільіно. У XІX — пачатку ХХ ст. з’яўлялася цэнтрам воласці. У 1920-1939 гг. уваходзіла ў Табарышскую гміну Віленска-Трокскага павета. Падчас хутарызацыі у 1933-1939 гадах многія вяскоўцы былі расселены па хутарах.

Ядзвіга Заблоцкая

У верасні 1950 года створаны калгас імя Чарняхоўскага (разам з вёскамі Буянішкі, Талеі і хутарам Падталеі). У 1954-1971 гг. вёска была цэнтрам Гардзіеўцаўскага сельсавета. У 1997 годзе ў вёсцы меліся магазін і ферма. Па стане на студзень 2002 года тут пражывала 60 чалавек.

Сёння Гардзіеўцы адносяцца да Крэйванцаўскага сельскага Савета і стаяць на землях СВК “Крэйванцаўскі”. Да прыкмет цывілізацыі, якія дайшлі да гэтага кутка Ашмяншчыны, можна залічыць хіба што тры тэлефоны на сем двароў і воддаль ад вёскі – ферму па адкорме бычкоў. Аднак на жыцці месцічаў яна аніяк не адбіваецца, бо ўсе восем жыхароў ужо на пенсіі.

Яніна Ляшчынская

Амаль усіх іх мы спаткалі каля аўталаўкі. Летам крама на калёсах спыняецца ў цэнтры вёскі, якраз насупраць цаглянай, яшчэ ў даволі добрым стане будыніны, дзе раней размяшчаўся сельскі магазін. Зачыніўся ён гадоў восем назад. Пачынаючы з 1971 года, “магазінеркай” працавала тут Яніна Станіславаўна Пашкель. Гэта ўвішная і рухавая кабета і да гэтага часу не страціла спрыту. Яна самая маладая ў вёсцы, з 1948 года. Працу сваю прадавачка вельмі любіла. Даведзены план грашовай выручкі заўсёды перавыконвала. Старалася, каб асартымент тавару быў не горшы, чым у горадзе. Таму сюды часта наведваліся за пакупкамі літоўцы. Прабіўная жанчына дастаўляла ў Гардзіеўцы і дэфіцытныя на той час мэблевыя гарнітуры, і тэлевізары, і халадзільнікі. Канешне, вясковым жыхарам яны часта былі не па кішэні, а вось літоўцы разбіралі іх імгненна. Ніколі не былі ў крыўдзе і месцічы. Калі не хапала грошай, Станіславаўна адпускала тавар на павер. Вядома ж, усе свае, знаёмыя. Калі не стала магазіна, напачатку было нязвыкла, але з цягам часу падстроіліся і да аўталаўкі. Невялікіх “калгасных” пенсій хапае, каб і сасісак-сардэлек купіць, і курыцу, і памідораў, і пасаладзіць душу цукеркай альбо пахкім печывам. Падчас размовы заўважыла, як жанчыны купілі на дваіх кавун: адной не з’есці – вялікі, а на дваіх – сама раз.

Рамуальд Ярыста

Гардзіеўцы – вялікая вёска ў адну вуліцу. На другім яе рагу жыве Рамуальд Янавіч Ярыста, які пагадзіўся правесці для нас экскурсію. Сам ён літовец, аднак большую частку жыцця пражыў на Беларусі. Тут, побач, у вёсцы Талеі. Калі хата згарэла, перабраўся ў Гардзіеўцы. Так ужо больш дваццаці год і жыве ў гэтай вёсачцы. У школу ён хадзіў у Анжадава. Пасля арміі увесь час працаваў у мясцовым калгасе імя Ільіча. Летам часта садзіўся за штурвал камбайна. З сям’ёй у Рамана (так яго называюць аднавяскоўцы) не склалася. Жыў з маці. Калі тая памерла, застаўся адзін. На яго сціплым, акуратна выкашаным падворку, стаіць некалькі прыкрытых цыратай  копак. І хаця гаспадаркі ў Рамана няма, сена ён не выкідвае. Можа, каму спатрэбіцца, лічыць гаспадар. Каля хлевушка ўвабраліся ў рост чырвоныя буракі. З агародам дапамагла Раману Яніна Пашкель. З яе мужам Іванам Раман сябруе. Вядома ж – двое мужчын толькі на вёсцы.

Унучка Галіны Карыцкай Аксана

Разам з Раманам мы падышлі да помніка загінуўшым землякам. Дарожка да яго свежа пракошана. За драўлянай, пафарбаванай у сіні колер, агароджай растуць кветкі. Гэты сціплы помнік усталявала ў 1967 годзе кіраўніцтва калгаса імя Ільіча. На ім прозвішчы шасці мясцовых жыхароў. Звесткі пра чатырох з іх маюцца ў кнізе-хроніцы: Павел Фларыянавіч Гасюль (нарадзіўся ў 1902 – забіты ў 1941), Фларыян Фларыянавіч Гасюль (нарадзіўся ў 1904 – забіты ў 1944), Віктар Вікенцьевіч Паўлюковіч (н. у 1907 – забіты ў 1941), Аляксандр Гаспаравіч Яцкевіч (фінагент Анжадаўскага сельсавета, дэпутат раённага Савета, нарадзіўся ў 1924 — растраляны ў 1941 годзе). Прозвішчы яшчэ двух былі дапісаны пазней: Браніслаў В. Алянцэвіч (1921 – 1944) і Міхаіл П. Банюшэвіч (1925 – 1945).

Будынак былой школы

На правым баку вёскі, у цэнтры, размяшчаецца драўляны будынак школы. Была яна спачатку сямігодкай, калі дзяцей паменшала — стала пачатковай. Год закрыцця школы вяскоўцы не памятаюць. Яніна Станіславаўна ўспамінае, калі ў 1971 годзе прыйшла сюды замуж, то школка яшчэ была, аднак свайго старэйшага сына Пятра яна аддала вучыцца ў Літву – школа ў Гардзіеўцах да гэтага часу зачынілася. Вяскоўцы добрым словам успамінаюць былога дырэктара школы Васіля Бандарэвіча. Ён быў сапраўдным гаспадаром. Школьны двор і сам будынак былі заўсёды дагледжанымі.

Яніна Пашкель

— Сад надта харошы рос, усе дрэўцы былі пабелены і абрэзаны, — успамінае Яніна Пашкель.

На працягу многіх год прыбірала ў школе і давала званкі Анастасія Іосіфаўна Паўлюковіч. У яе доме заўсёды кватаравалі маладыя настаўніцы. Яна і цяпер жыве недалёка ад школы, на пагорку. Пасля смерці мужа засталася адна. Радня жыве ў Вільні.

Ад будынка, дзе калісьці размяшчаўся сельвыканкам, клуб і бібліятэка, лічы нічога і не засталося. Толькі абсаджаная стройнымі клёнамі тэрыторыя ды лапікі жоўтых кветак, якія да гэтага часу не здзічэлі і штовесну прабіваюцца на былых клумбах. А яшчэ ў адным з двароў мы заўважылі бібліятэчную шыльду: месца ёй знайшлося ў гаспадарцы мясцовай жанчыны.

Іван Пашкель

Жоўтыя кветкі нас суправаджалі ажно да самага канца вёскі. Часам толькі калодзежы ды гэтыя яркія плямкі нагадвалі аб тым, што тут калісьці стаялі хаты. А ў адным месцы суседства з імі занялі гартэнзіі. Наш гід Раман распавёў гісторыю пра назву гэтых кветак, якую ён не так даўно прачытаў у часопісе.

У гэтым годзе вёску шчыльнай сцяной абступае кукуруза. Гэта палеткі СВК “Крэйванцаўскі”, а за імі ўжо тэрыторыя суседняй дзяржавы – Літвы. За Гардзіеўцамі пры дарозе стаіць высокі знак “ Стоп!Пагранічная паласа”, а за ім, на адлегласці выцягнутай рукі – лес, ужо літоўскі. Тут жа побач і назіральная вежа, на якой нават здаля бачны сілуэт пагранічніка.

Мяжа паміж дзвюма дзяржавамі пралягла не толькі па тэрыторыі, але і прайшлася па людзях. Раней яны сябравалі. Хадзілі адзін да аднаго ў госці, у лес, у краму. Уладкоўваліся ў Літву на працу, вучыліся, абзаводзіліся сем’ямі. У Табарышкі хадзілі ў касцёл. Тут, на мясцовых могілках, праводзілі ў апошні шлях сваіх родных. Вось і Яніна Баляславаўна Ляшчынская перабралася ў Беларусь з Літвы. Пакуль магла, трымала кароўку, расціла парсючка. Два гады назад пахавала мужа і засталася адна. Цяпер вось нават печку няма каму адрамантаваць, а не за гарамі і зіма. Каб паехаць да радні, патрэбна віза, а яе выдаюць толькі ў Гродне. Тут да Ашмян складана дабрацца (не раўнуючы да абласнога цэнтра) — цэлы дзень патраціш. Аўтобус у Гардзіеўцы заходзіць адзін раз на тыдзень, па панядзелках. Яшчэ адзін варыянт – тры кіламетры ісці пехатой у Сайлюкі. Адтуль аўтобус Ашмяны — Грыгі ходзіць двойчы: у пятніцу і нядзелю. Але ж ногі ўжо не тыя, не ідуць.

Помнік землякам

У Вільні жывуць сын і дочкі Ядзвігі Калікстаўны Заблоцкай. Яна самая старэйшая жыхарка вёскі. У гэтым годзе адзначыць дзевяностагоддзе (хаця сама жанчына сцвярджае, што ёй толькі 87). Тую зіму яе забіралі да сябе дзеці, а ў гэтым годзе невядома як будзе – пакуль няма візы. Сяброўкай і памочніцай Ядзвігі Калікстаўны стала Яніна Пашкель, стараста вёскі. Калі тая заняможа, то і хлеба ад аўталаўкі прынясе, і патэлефануе на ФАП у Анжадава, каб даставілі лекі, перадалі праз работнікаў фермы. Заблоцкая жыве крыху воддаль ад вёскі. Асабліва цяжка да яе дабірацца зімою. Аднойчы стараста несла ёй малако і ўжо каля самай хаты так загразла ў снезе, што павалілася і выліла ўсё, што было ў бітончыку. Прыйшлося вяртацца назад і рабіць яшчэ адзін “рэйс”.

Яніна Станіславаўна Пашкель таксама родам з Літвы – з Падварёню Шальчынінскага раёна. Сюды прыйшла яна замуж. Тут нарадзілася ў сям’і Пашкеляў шасцёра дзетак. “Пяцёра сыночкаў і лапачка-дочка,” – так кажа пра сваіх спаткаемцаў жартаўнік, душа-чалавек Іван Іванавіч. Праўда, цяпер ужо трэба рабіць папраўку. Адзін сынок пражыў усяго толькі два з паловай месяцы. Старэйшага, Пятра, смерць забрала ў 25 гадоў. Ён загінуў у дарожнай аварыі, нават і не дачакаўшыся з’яўлення на свет сваёй дачушкі. Абодва сыны пахаваны на літоўскай тэрыторыі. Цяпер на могілкі да іх на Усе Святыя не заўсёды патрапіш.

На Літве жыве і сын Віктар. Ён прыязджае часта: па некалькі разоў на месяц. Дачка жыве побач, у Крэйванцах. Яна спецыяліст па кадрах у мясцовай гаспадарцы. Малодшыя Андрэй і Яраслаў працуюць і жывуць у Ашмянах. У раённым аддзеле ўнутраных спраў Андрэй нясе службу ў аператыўна-дзяжурнай часці, Яраслаў – у аддзяленні ДАІ. Так як дзецям было вельмі складана дабірацца да школы, бацькі аддалі малодшых у школу-інтэрнат і ўвесь час перажывалі, як яны там, ці не крыўдзіць іх хто. І хаця хлопцы амаль кожныя выхадныя праводзілі дома, Яніна Станіславаўна, калі здавала справаздачы па рабоце, заўсёды наведвалася да сыноў. Набірала гасцінцаў на ўвесь клас. А яшчэ на канікулы была рада прыняць дзетак з інтэрната, сагрэць іх цяплом і ласкай. Тут, на раздоллі, яны весела бавілі час. Нават зімою знаходзілі сабе забаўку.

Успамінаючы сваё жыццё, жанчына, уздыхнуўшы, прызналася:

— Шмат цяжкасцяў прыйшлося нам з мужам перажыць. Нідзе гатовых галубцоў не было. Усяго дабіваліся сваімі рукамі. І цяпер, дзякаваць Богу, яшчэ трымаем гаспадарку. На наступны год адну кароўку плануем збыць. Сілы ўжо не тыя. Хаця з кармамі дапамагае калгас, самім таксама трэба варушыцца.  Большую частку малака здаём. Праўда, забіраць яго прыязджаюць ажно ў чатыры гадзіны раніцы. А да гэтага часу трэба паспець кароў падаіць…

У размове Яніна Станіславаўна некалькі разоў падкрэсліла, што вёска іх вельмі дружная. Можа, забывалася, а, можа, наадварот, хацела на гэтым зрабіць акцэнт. І ў радасці, і ў бядзе вяскоўцы разам. Усе адкрытыя, нічога адзін ад аднаго не тояць, не зайздросцяць адзін аднаму.

Вясковы цвінтар

І хаця ў Гардзіеўцах ёсць тэлефоннная сувязь, галоўная сувязная тут, безумоўна, стараста. Яна ў курсе клопатаў і праблем гардзіеўскіх жыхароў. Калі хто не прыйшоў да аўталаўкі, трэба высветліць, чаму. Можа захварэў? Ці якая бяда прыключылася? Галіна Баляславаўна Карыцкая і Вера Вікенцеўна Паўлюковіч ўжо даўно хварэюць. Да іх часта наведваюцца дзеці і ўнукі. Вось і мы сустрэлі на вясковай вуліцы дзяўчынку і “ўчынілі ёй допыт”. Аказалася, што гэта Аксана Гіз з Кальчун. Ідзе праведаць сваю бабулю Галіну Карыцкую. Па некалькі разоў на тыдзень прыязджаюць і да Веры Паўлюковіч дочкі з Вільні. Яе хата стаіць якраз за ўказальнікам населенага пункта і сустракае гасцей пышным кветкавым садам.

Аб колішняй велічы Гардзіеўцаў Раман Ярыста сказаў так: “Калі прыходзіла пара касьбы, з косамі выходзіла не менш трыццаці мужчын”. Сёння ў вёсцы звону мянташак можна і не пачуць. Хіба што Раман шморгне касой на сваім падворку, ці Іван Пашкель пройдзецца літоўкай па садзе. Зарастае вёска. Ад яе патыхае цішынёй і спакоем. Толькі Пашкялёў Мухтар можа разарваць сваім густым брэхам гэты настоены на травах і яблыках вясковы рай.

— Выйдзеш з хаты, паветра такое легкае, бязважкае! Наўкол такое хараство, што любая нуда праходзіць, — адзначаюць месцічы.

Так яны прызнаюцца ў любові гэтаму прыгожаму куточку і ніколі не памяняюць яго на іншы. Яны не змогуць жыць у горадзе, бо захлынуцца ў яго бяздушнасці і шалёным рытме. А ім трэба ўсяго толькі дыхаць гэтым маўклівым вясковым паветрам. Выйсці раніцай з хаты, падняць халодны крамяны яблык з зямлі і з’есці нямытым, каб адчуць тонкі водар празрыстых туманоў і сляпога жнівеньскага дажджу …

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



1 комментарий по теме “Гардзіеўцы : на мяжы дзвюх дзяржаў і цывілізацыі

  1. Вялікі дзякуй аўтару. Атрымала асалоду і ад сакавітай і непараўнальна пявучай беларускай мовы, і ад того, як аўта расказвае ра вясуоўцаў — нічога не падфарбоўваючы але і не ачарняючы. Дзякуй, вельмі спадабалася

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *