«Стары горад» : гісторыя і рэальнасць

Главное

Нацыянальная кухня, нароўні з культурнымі традыцыямі, — сімвал і сэрца любога народа. Знаёмства з ёй дапамагае даведацца пра гісторыю краіны, зразумець і палюбіць яе.


На жаль, мы, беларусы, мала ведаем пра сваю нацыянальную кухню. Спытай любога — назавуць толькі дранікі. Але ў той жа час радуе, што хваля беларусізацыі набірае ўсё большую сілу: маладыя людзі гавораць на чыстай беларускай мове, цікавасць да нацыянальнай кухні расце, многія рэстараны імкнуцца ўводзіць у меню беларускія стравы.

Вось і кафэ «Стары горад», якое адкрылася не так даўно ў цэнтры горада, выкарыстоўвае старабеларускую тэму як асноўную. Размяшчэнне абавязвае — дом пабудовы 1850 года. Сцены, якім 160  гадоў, дазваляюць адчуць дух таго часу. Па задумцы галоўнага натхняльніка і арганізатара Тамары Уладзіміраўны Філіповіч, інтэр’ер кафэ стылізаваны пад XIX стагоддзе. Як і ў даўнія часы, у ім спалучаюцца дрэва і камень.

На першым паверсе грубыя драўляныя сталы і крэслы, над галавой — бяздоннае неба, дзесьці цурчыць вада. Ты як быццам на вуліцы. Уздымаешся на другі паверх — і трапляеш на мансарду дома беларускага шляхціца. На сцяне велізарная панарама горада, адноўленая па фатаграфіі 1911 года з гістарычнай дакладнасцю.

Такому інтэр’еру адпавядае і меню. Яно распрацавана экспертам беларускай кухні Аленай Мікульчык. З мінскіх рэстаранаў былі запрошаны вядомыя кухары для правядзення майстар-класаў па прыгатаванні старабеларускіх страў.

Назвы страў дзіўныя, яны і гучаць смачна — пячыста, тарцюхі, жур, верашчака, пірог з крушанкамі, архас.

Алена Мікульчык не толькі дзялілася рэцэптамі прыгатавання старабеларускіх страў, але і суправаджала іх цікавымі гістарычнымі фактамі. Аказваецца, прыхільнікам архасу — далікатнага тварагу хатняга прыгатавання — быў вялікі князь літоўскі і кароль польскі Ян III Сабескі. Лічыцца, што менавіта таму ў яго было так шмат дзяцей (13!).

Назва «тарцюхі» паходзіць ад беларускага слова «тарка» — асноўнага прыстасавання для іх прыгатавання. Гісторыя старабеларускай стравы «верашчака» пачалася ў часы караля Аўгуста III, пры двары якога жыў вядомы кулінар Верашчака. А поліўка з аўсянай мукі «жур», вядомая яшчэ з часоў Уладзіміра Манамаха, была вельмі папулярная ў нашых продкаў у сувязі не толькі з прастатой прыгатавання, але і з гаючымі ўласцівасцямі аўсянай цэжы і дапамагала пасля бурнага застолля лепш, чым агурочны расол. Вось такім дзіўным чынам пераплялася гісторыя з рэальнасцю ў сценах гэтага кафэ.

Незабыўную атмасферу стварае і жывое гучанне скрыпкі: натхняе і да сяброўскай гутаркі, і да вялікай урачыстасці. Дарэчы, для банкетаў і карпаратываў распрацавана і іншае меню — стравы сучаснай кухні, без якіх цяжка ўявіць сабе святочны стол. У абедзенны час наведвальнікам прапануюць меню комплексных абедаў «Ад шэфа», куды таксама ўваходзяць стравы беларускай кухні па вельмі прымальных цэнах.

Гарманічнае спалучэнне выдатнай кухні, бездакорнага абслугоўвання і ўтульнага інтэр’еру ствараюць атмасферу, у якую хочацца вяртацца зноў і зноў.

Вольга ЗАВАДСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *